Татальны пагром: у Беларусі анулююць дамены, унесеныя ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў


Даменныя імёны інтэрнэт-рэсурсаў, уключаных у рэспубліканскі пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў, будуць ануляваць аўтаматычна пасля ўключэння ў спіс. Гэта прадугледжана загадам Аператыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзідэнту, апублікаваным на Нацыянальным прававым партале.

Internet, zdj.: Rock1987/Wikipedia
Крыніца: Rock1987/Wikipedia

«У выпадку ўключэння ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў інфармацыйнай прадукцыі з указаннем інтэрнэт-рэсурсу і яго ідэнтыфікатара – даменнага імя, зарэгістраванага ў нацыянальнай даменнай зоне, запіс аб рэгістрацыі такога даменнага імя анулюецца на рашэнне адміністратара нацыянальнай даменнай зоны. Даменнае імя, запіс аб рэгістрацыі якога ануляваны ў адпаведнасці з часткай першай гэтага пункту, заносіцца ў спецыяльны пералік і становіцца недаступным для рэгістрацыі на працягу перыяду знаходжання адпаведнай інфармацыйнай прадукцыі ў рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў», – гаворыцца ў пункце 541, дададзеным у інструкцыю.

Уведзены таксама тэрмін «спецыяльны пералік», у які заносяць дамены, ануляваныя ў сувязі з уключэннем у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Функцыянаванне даменных імёнаў, якія застаюцца ў спецыяльным пераліку, дапускаецца толькі ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі.

Hавiны
Улады забралі даменнае імя Baj.by у Беларускай асацыяцыі журналістаў
2024.01.03 11:42

Рашэнне аб ануляванні будзе накіраванае рэгістратару і ўладальніку дамену, а таксама тэхнічнаму адміністратару нацыянальнай даменнай зоны.

Ёсць і іншыя навацыі. Так, ААЦ легалізаваў магчымасць адабраць дамен, калі ўладальнік асабіста не пацвердзіць сваіх звестак. Больш дэталёва апісаны механізм атрымання ў спадчыну дамену ў выпадку смерці ўладальніка.

Hавiны
Беларускія ўлады збіраюцца змагацца з VPN
2024.01.22 18:31

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў