«Крадуць сярод белага дня». У затопленым расейскім Орску актывізаваліся марадзёры


У затопленым горадзе Орск (Арэнбургская вобласць Расеі) актыўнічаюць марадзёры. Пра гэта паведамляюць мясцовыя жыхары. З марадзёрамі абяцае змагацца паліцыя.

Паліцыя ў расейскім Орску.
Фота: Ирина Волк / Telegram

Афіцыйная прадстаўніца МУС Расеі Ірына Воўк заявіла, што ў Орску ўзмоцненыя групы паліцыянтаў для аховы маёмасці на падтопленых тэрыторыях. Для забеспячэння правапарадку прыцягнулі больш як 900 супрацоўнікаў паліцыі, у тым ліку з іншых раёнаў вобласці.

«Патруляванне затопленай мясцовасці з мэтай спынення магчымых фактаў марадзёрства, а таксама спрыяння супрацоўнікам МНС Расеі ажыццяўляецца на катарах. Выкарыстоўваюцца плавальныя сродкі добраахвотнікаў і валанцёраў. Дзяжурства паліцыянтаў арганізаванае кругладзённа на ўсіх падтопленых тэрыторыях», – сказала яна.

8 красавіка ўдзельніца мітынгу супраць дзеянняў уладаў распавяла «Shot», што гараджане не могуць з’ехаць са сваіх дамоў з увагі на марадзёраў.

«У нас марадзёры нахабна расцягваюць рэчы, залазяць у крамы і ў дамы з лодачак, якія нібыта гледачы, падыходзяць і проста абкрадаюць дамы», – заявіла яна.

Яшчэ адна жанчына сказала, што крадуць «сярод белага дня». «Шыбы выбіваюць, ніхто ні за кім не сочыць. У Старым горадзе дык увогуле няма нікога», – сказала яна.

Фота
Горад Орск сыходзіць пад ваду
2024.04.08 21:33

Другі паводле велічыні горад у Арэнбургскай вобласці РФ сыходзіць пад ваду. Небывалая паводка вымушае тысячы людзей пакідаць свае дамы, узровень вады дасягнуў рэкордных значэнняў за ўсе гады метэаназіранняў. 5 красавіка дамбы не справіліся з націскам стыхіі – вада з ракі Урал хлынула на горад з насельніцтвам 200 тысячаў чалавек. У зоне затаплення апынулася больш за 6600 дамоў.

Пік узроўню вады прагназуецца на 10 красавіка. У найбліжэйшыя содні можа падтапіць яшчэ больш за 2 тысячы дамоў. У выніку паводкі спынілася праца Орскага нафтаперапрацоўчага заводу, што ва ўмовах, калі больш за 10 % магутнасцяў расейскіх НПЗ былі знядзеяныя пасля атак украінскіх беспілотнікаў, вельмі крытычна.

У той жа час да будынку адміністрацыі ў Орску прыходзілі натоўпы незадаволеных людзей, якія скардзіліся на невялікія сумы грашовых выплатаў для пацярпелых, бо яны не змогуць пакрыць усіх выдаткаў на рамонт пасля патопу.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў