Кіраўнік беларускай дыяспары ў Расеі гадамі дапамагаў ФСБ прасоўваць прарасейскія наратывы


Супрацоўнік расейскага ФСБ Сяргей Дубаў гадамі дапамагаў распаўсюджваць ідэі «Саюзнай дзяржавы» сярод беларусаў. У гэтым яму дапамагаў кіраўнік беларускай дыяспары ў РФ. Пра гэта сталася вядома з ягонай перапіскі, доступ да якой атрымала «Медуза».

Сяргей Кандыбовіч.
Фота: Eurasian Peoples’ Assembly / X

Паводле выдання, адным з пастаянных кантактаў чэкіста Сяргея Дубава стаў Сяргей Кандыбовіч – кіраўнік грамадскай арганізацыі «Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расеі» (ФНКА), які ў 2018 годзе стаў даверанай асобай Уладзіміра Пуціна на выбарах 2018 года. Пры гэтым з перапіскі відавочна, што Кандыбовіч ведаў, што Дубаў працуе ў спецслужбе.

Тым не менш, кіраўнік ФНКА шмат гадоў перасылаў яму сваю працоўную перапіску са знаёмымі беларусамі і ўзгадняў з ім тэксты сваіх выступаў пра стасункі дзвюх краінаў. А супрацоўнік ФСБ наракаў, што і ў Расеі, і ў Беларусі «прапагандуюцца еўрапейскія каштоўнасці», пісаў, што расейцы і беларусы – гэта «адзін народ», а таксама заклікаў Кандыбовіча часцей публічна казаць аб «спробах нацыяналістычных сіл сфальсіфікаваць гістарычнае мінулае», каб «не дапусціць размывання ідэі пабудовы Саюзнай дзяржавы».

У сакавіку 2018 года Дубаў і Кандыбовіч нават узгаднілі «прыкладны тэкст» даносу на польскага журналіста Томаша Мацейчука, які ў ток-шоу на дзяржаўных расейскіх тэлеканалах спрачаўся з прапагандыстамі, адстойваючы праўкраінскі пункт гледжання. У сваім даносе Кандыбовіч заклікаў забараніць Мацейчуку доступ да расейскіх медыяў, бо той нібы «агрэсіўна паводзіць сябе ў адносінах да шматнацыянальнага народу Расеі» і «распальвае міжнацыянальную розніцу». Дубаў тэкст ухваліў, а Кандыбовіч «запусціў яго па ўсіх адрасах».

«Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расеі» (ФНКА) была створаная ў 1999 годзе з мэтаю каардынацыі дзеянняў для захавання, развіцця і папулярызацыі ў расейскіх рэгіёнах беларускай мовы, традыцый і нацыянальнай культуры. Кандыбовіч узначальвае арганізацыю з 2015 года.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў