«Не хочаце на Захад – павярніцеся на Усход». Лыжнік Сяргей Далідовіч – пра адказнасць расейскіх спартоўцаў


Знаны беларускі лыжнік Сяргей Далідовіч пракаментаваў нежаданне расейскіх спартоўцаў выказаць сваю пазіцыю аб вайне ва Украіне. Сяргей – адзіны ў гісторыі лыжнік, які браў удзел у сямі Алімпіядах (1994–2018), а таксама ў 12 запар чэмпіянатах свету. Найвышэйшае месца на Алімпіядзе – 5-е. Ва ўзросце 40 гадоў на Алімпіядзе ў Сочы заняў 5-е месца ў мас-старце на 50 кіламетраў.

Сяргей Далідовіч у польскай сталіцы адразу пасля пераезду з Беларусі. Варшава, Польшча. 8 лютага 2022 года.
Фота: КК / Белсат

Амаль год таму найлепшы лыжнік у гісторыі Беларусі Сяргей Далідовіч застаўся без працы. Ён не пагадзіўся з тым, што адбываецца ў Беларусі, і не працягнуў кантракту ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту, размешчаным у Раўбічах. Не дазволіла грамадзянская пазіцыя.

Пры цяперашнім рэжыме перспектываў для працы ў спартовай сферы для сябе і сваёй жонкі Сяргей не бачыў, а галоўнае, сярэдняя дачка не магла працягваць далей заняткі спортам. Таму сям’я спартоўцаў пакінула Беларусь і цяпер жыве сваім жыццём у польскім Закапаным, дзе амаль 30 гадоў таму правёў свой першы замежны збор як лыжнік нацыянальнай каманды Беларусі. Пра тое, як застацца самім сабою і не спакусіцца на поўную залежнасць ад дзяржавы, Далідовіч разважае на фоне санкцыяў міжнародных спартовых федэрацыяў у дачыненні прадстаўнікоў краінаў-агрэсараў: Расеі і Беларусі.

Фота: КК / Белсат

– Сёння мы можам прызнацца, што ўсё ішло да такога становішча?

– Гэта адназначна. Спорт у Беларусі, як і ў Расеі, быў суцэльна падпарадкаваны дзяржаве. Настолькі, што жахі, якія адбываюцца ва Украіне, моцна закрылі рот спартоўцам, суцэльна залежным ад уладаў. Я пераймаюся, вядома, за атлетаў, у тым ліку і расейскіх. І ў душы я яшчэ застаўся спартоўцам і цудоўна разумею таго ж лідара лыжных гонак апошніх трох гадоў, галоўную зорку Расеі Аляксандра Бальшунова, якога ў ліку іншых адхілілі ад спаборніцтваў. Праз гэта скасавалася шматгадовая бітва лыжных гігантаў: Расеі і Нарвегіі, якія дамінуюць ува ўсім свеце. Але будзем сумленнымі: ніякай русафобіі там няма. Я шмат разоў быў удзельнікам этапаў Кубка свету, якія праводзіліся ў Нарвегіі. Паверце, там заўсёды нармальна ставіліся да расейцаў і ўспрымалі іх як адно цэлае ў лыжнай сям’і. Яны наймацнейшыя, іх прымалі добра. Ніякага ўціску нават не праглядалася.

Але ж цяпер сапраўды перайшлі, відаць, такую рысу, якую аніяк нельга апраўдаць. Проста ёсць нармальныя чалавечыя каштоўнасці, якія ва ўсім свеце стаяць на першым месцы: спачатку каштоўнасці чалавечыя, а потым спорт. І ніяк не наадварот. А апраўдвацца выразам «спорт па-за палітыкаю» тут абсалютна недарэчна. Гэта зразумела ўсім, не зразумела толькі расейцам.

Калі ўвесь свет кажа пра тое, што, маўляў, «вы штосьці робіце не тое», то да гэтага трэба прыслухацца, а не апускацца да знявагі паважаных спартовых функцыянераў і міжнародных федэрацыяў. Чаму гэта адбываецца? Напэўна, таму, што спартоўцы – закладнікі гэтай таталітарнай сістэмы. І яны павінныя набрацца мужнасці і вызначыцца, хаця б проста выказаць сваё стаўленне да дзеянняў уладаў.

Неўзабаве адбудуцца выбары ў раду Міжнароднай лыжнай федэрацыі. Усё больш актыўна гучаць галасы, каб не разглядаць кандыдатуру прэзідэнткі Федэрацыі лыжных гонак Расеі і галоўнай трэнеркі нацыянальнай зборнай Алены Вяльбе. Але ад яе, натуральна, чакаюць пазіцыі наконт вайны ва Украіне.

Інтэрв’ю
«Усе мы мусім несці калектыўную адказнасць». Кацярына Сныціна пра рэакцыю спартовай супольнасці на вайну ва Украіне
2022.04.02 17:45

Цяпер проста нельга адмоўчвацца. У нас гэта было амаль два гады таму. Усе казалі, маўляў, палітыкай я не цікаўлюся, бегаю, спаборнічаю. Вось і даспаборнічалі, што мы цяпер маем на сваёй тэрыторыі войскі расейскія, і як бы ні апраўдваліся, што мы ні пры чым, што нашая ўлада мае абавязкі перад саюзнаю дзяржаваю, гэта зачапіла і спартоўцаў. Паставілі на ізаляцыю. Каго тут вінаваціць? Міжнародныя федэрацыі? Там толькі здаровы сэнс. І ніякага жадання прыціснуць менавіта беларусаў і расейцаў толькі за тое, што яны цярпяць свае аўтакратычныя рэжымы шмат гадоў.

Вайна ўсё змяніла. Цяпер не можа быць аніякіх спасылак на тое, што «спорт па-за палітыкаю». Нельга засунуць галаву ў пясок і спадзявацца, што гэта нейкім чынам міне. Але ў Расеі ды Беларусі тыя, хто выказваецца, адначасова прыраўноўваюцца да здраднікаў радзімы.

Тут не трэба шукаць нейкую чорную котку ў тым, што Міжнародная лыжная федэрацыя хоча адштурхнуць моцную расейскую школу. Там наадварот зацікаўленыя, каб была здаровая канкурэнцыя, каб гонкі былі больш відовішчнымі. Але расейцы выбралі для сябе маўчанне і боязь сваіх уладаў.

– Расейцы і беларусы імкнуцца пазбавіцца санкцыяў праз пазовы ў суды, у той жа Міжнародны спартовы арбітражны суд. Ці ёсць нейкае спадзяванне, што іх апраўдаюць, да іх павернуцца зноў і дапусцяць да турніраў ужо на наступны сезон?

– Вельмі добры прыклад падалі арганізатары Ўімблданскага тэніснага турніру. Калі хочаце сёлета гуляць у Лондане на трэцім у годзе турніры «Вялікага шлема», то папярэдне павінныя выказаць сваю пазіцыю: вы падтрымліваеце дзеянні Пуціна ці не. Калі не, то заўсёды можна знайсці магчымасць, як гэта прапанавалі шахматыстам: выступаць асобна, не пад сцягам сваёй краіны, а пад іншымі, нейтральнымі сімваламі. Жадаеце ў такой сітуацыі заставацца гэтак званымі патрыётамі, то прабачце, мы вас не чакаем. І гэта нармальна!

Але ўвесь час спартоўцы цвердзяць, што спорт па-за палітыкаю. Якое «па-за палітыкаю»? Вы – прадстаўнікі дзяржавы, вас фінансуе дзяржава. Зусім мала краінаў засталося, дзе спорт поўнасцю завязаны на дзяржаве. Гэта Беларусь, Расея, напэўна, нейкія азіяцкія рэспублікі. Яны абсалютна пад дзяржаваю, ёй фінансуюцца, а яшчэ нярэдка і служаць у сілавых структурах.

У тым ліку такая сітуацыя і ў лыжных гонках. Назіральная рада ў нас складалася з пракурораў, калі старшынём лыжнай федэрацыі быў Канюк. Кіраўнік – дакладна прадстаўнік дзяржавы. Як гэта ты супраць дзяржавы? Цябе дзяржава фінансуе, і ты абавязаны поўнасцю падтрымліваць, што б ні рабілі ўлады. Як я стаміўся слухаць, што, маўляў, гэта геапалітыка і мы не вінаватыя, ад нас нічога не залежыць.

Фота: КК / Белсат

Цяпер ужо другое стагоддзе інтэрнэту. Калі ёсць жаданне зразумець, што адбываецца ў свеце, паглядзіце хаця б фотаздымкі тых жахаў, што робіцца ва Украіне. Але такога жадання няма. Выходзяць на публіку, знакі «Z» чапляюць. Толькі з гадамі, напэўна, зразумеюць, памяняюць свой погляд. Але гэта дакладна будзе не цяпер.

Можна не верыць «Белсату», які фінансуецца польскім урадам. Можна не верыць яшчэ камусьці, але кім фінансуюцца зоркі ўкраінскага спорту: баксёр Аляксандр Усік, біятланіст Дмытро Підручны, зорка савецкага футболу Ігар Беланаў? Яны таксама нацысты? Але яны сталі ў шэрагі абаронцаў айчыны. Бо фінансуюцца толькі сваім сэрцам.

– І ўсё ж, якія перспектывы ў расейцаў і беларусаў вярнуцца да буйных міжнародных стартаў?

– Цяпер, пры такім становішчы справаў, – абсалютна аніякіх. Чым хутчэй яны асудзяць тое, супраць чаго паўстаў увесь свет, тым раней іх зноў запросяць на чэмпіянаты свету і Еўропы.

Расейцы абураюцца нейкімі русафобіямі ў міжнародных спартовых федэрацыях. Добра, не падабаецца вам Захад, рушце на Усход. Гэтае жаданне прысутнічае ў дэкларацыях, маўляў, мы створым сваю FIDE, мы арганізуем сваю лёгкаатлетычную «Брыльянтавую лігу», у нас канкурэнцыя будзе не горшай, чым у вас, і фінансаванне не паменшыцца.

Не жадаеце жыць з калектыўным Захадам – калі ласка. Хочаце растварыцца ў паўтарамільярдным Кітаі – у добры шлях. І ніхто гэтага не заўважыць.

Біятланісты ўжо анансавалі нейкі супертурнір у Пекіне на наступны сезон. Замінаць не будуць. Калі калектыўны Захад падкрэслівае, што «вы штосьці робіце не так», а расейцы кажуць «не, робім правільна», то на каго тут спасылацца і кім абурацца? Але цывілізаваны свет не прыме падтрымання вайны ні зараз, ні праз колькі гадоў пасля яе. Прамаўчаў або, не дай Бог, падтрымаў – кар’ера твая стала пад вялікую пагрозу. І гэта абскардзіць нельга ніякімі апраўданнямі і ні ў якіх судах. А Кітай нейтральны. Давайце туды.

Сёння абсалютна ніхто не можа прадказаць нават найбліжэйшай будучыні. Але для мяне як для беларуса вельмі важна, дзе ў гэтай так званай геапалітыцы застанецца плот: з боку Берасця ці з боку Смаленску. Я ўсімі рукамі за тое, каб каля Смаленску. Як бы гэта цынічна ні гучала ў адносінах маіх сваякоў і сяброў, якія жывуць у Расеі, але я з гэтым вызначыўся цвёрда. Не здолее поўнасцю адкрыцца Расейская Федэрацыя яшчэ доўга пасля таго, што нарабіла.

Гісторыі
«Пакінуў нават Ордэн Пашаны». Легендарны лыжнік Сяргей Далідовіч выехаў з Беларусі, пакуль ідзе Алімпіяда
2022.02.09 16:28

АП belsat.eu

Стужка навінаў