«Я паехаў канчаткова». Салдат расейскай арміі – аб тым, як дэзерціраваў пасля пачатку вайны


Сяргей Бурэеў (імя героя змененае) – жаўнер расейскай арміі, у сваёй частцы ён служыў барабаншчыкам у аркестравай роце. Ён кажа, што быў упэўнены: яму не прыйдзецца ўдзельнічаць у ваенных дзеяннях, таму і пагадзіўся падпісаць кантракт. Аднак сёлета ў лютым Бурэева разам з калегамі адправілі на вучэнні ў Курск, а затым у Белгарад: там іх папярэдзілі, што яны паедуць ваяваць на тэрыторыю Украіны. Бурэеў пасля гэтага проста пакінуў размяшчэнне сваёй часткі і вырашыў схавацца. Карэспандэнт «Вот Так» звязаўся з ім і даведаўся аб прычынах такога ўчынку.

У распараджэнні рэдакцыі ёсць фота- і відэаматэрыялы, якія пацвярджаюць аповед героя, аднак большую частку з іх мы не можам апублікаваць з меркаванняў бяспекі.

На здымку са спадарожніка відаць палаткі і пабудовы для расейскіх войскаў у Ельні, Беларусь. 19 студзеня 2022.
Фота: 2022 Maxar Technologies / Handout via REUTERS

Ты салдат кантрактнай службы або тэрміновай?

Я спачатку быў тэрміновікам (прызыўніком. – Рэд.). Першыя пару месяцаў мяне прамарынавалі, гэта мне надакучыла, і я вырашыў адразу на кантракт пайсці. Гэта было амаль год таму. На кантракт мяне ўгаварылі вельмі проста, прапанавалі два варыянты: альбо вельмі добры кантракт, альбо кепскія ўмовы тэрміновай службы. Я выбраў першае, але атрымалася ўсё праз дупу – і я на вайне.

Кім ты быў у войску?

Я служыў у аркестры. Аркестр не мусіць быць на баявых дзеяннях. Аркестр заўсёды павінен заставацца пры частцы, а нас проста кінулі. Фактычна я ішоў на кантрактную службу ў такое падраздзяленне, не прызначанае для баявых дзеянняў. У адзін выдатны момант усім стала проста пляваць, і мяне адправілі ваяваць.

Калі вас адправілі ва Украіну? І калі ты зразумеў, што пачалася вайна?

Спачатку мы былі ў Курску на вучэннях. Нам сказалі, што з Курску мы робім марш на вайсковай тэхніцы да Белгараду. Гэта была кшталту сутнасць вучэнняў. Гэтая тэхніка – лайно! Яна ўся старая, ламалася кожныя 10 кіламетраў. Мая машына зламалася літаральна за 20 кіламетраў ад Белгараду. Мы тыдзень сядзелі ў полі ўсімі забытыя.

Фота Сяргея Букрэева

У выніку адзін палкоўнік змог нас забраць і давёз да лагеру пад Белгарадам, побач з мяжой Украіны. Там мне хлопцы кажуць, што мы цяпер едзем на вайну. Мне пашанцавала. Калі б на дзве гадзіны раней прыехаў, то таксама б паехаў. Хлопцы проста селі ў КАМАЗ і з’ехалі.

Нам першапачаткова сказалі, што мы едзем на вучэнні – з часткі да Курску і назад. Аказалася, што з Курску мы паехалі ў Белгарад, з Белгараду на мяжу.

Што за тэхніка ў вас была?

Мы ехалі на МТ-ЛБ (савецкая баявая машына, шматмэтавы плавае бронетранспарцёр. – Рэд.). Гэта кшталту танка, але замест рулі там кулямёт стаіць. Як БТР, але на гусеніцах. На ўсёй тэхніцы была намаляваная лацінская літара «Z». Яна пазначае тэхніку Заходняга фронту. Літара «V» пазначае Усходні фронт. Расшыфроўку гэтых пазначэнняў я ўбачыў у лагеры пад Белгарадам.

Шмат тэхнікі было?

Вядома! Ды там уся Расея была. Уся тэхніка, што была ў нас, – старажытная. Здаецца, яна была патрэбная, каб проста зладзіць там замес жорсткі, і ўсё. Тэхніка ламалася кожныя 10 кіламетраў, на ёй даехаць кудысьці было проста немагчыма.

Хто-небудзь з тваіх знаёмцаў трапіў у Украіну?

Так. Ніхто не вярнуўся. Сувязі няма з імі. Адзін ведаю, што ляжыць у шпіталі з аскепкам і разарванай нагой. Іншы мой знаёмы трапіў у палон. Яго ЗСУ на відэа знялі.

Як ты зразумеў, што гэта вайна?

Я прыехаў і мне старшына сказаў: «Мы едзем на вайну. А такой гадзіне заходзім на тэрыторыю Украіны». Я падумаў – ну піз*** (канец. – Рэд.). Калі я прыехаў, то ўсе ўжо сядзелі ў КАМАЗы загружаныя. Астатнія проста ў а*** (разгубленасці. – Рэд.). У КАМАЗах сядзелі хлопцы, якія наогул першы раз аўтамат узялі ў рукі.

Ты быў гатовы, што цябе адправяць ваяваць?

У прынцыпе, на пачатку – так. Матывацыя была добрая – грошай абяцалі. Абяцалі $ 1000 на содні тым, хто паедзе на вайну. Суму назвалі проста ў доларах, усіх матывавалі грашыма. Размоваў пра пагрозу NATO і нацыстаў не было. Казалі, што гэта ваенная спецаперацыя, за якую можна добра зарабіць. Тэрміны гэтай спецаперацыі не пазначалі. Я зразумеў, што гэта ***балава (падман. – Рэд.). Потым падумаў, што гэта таго не вартае, і вырашыў, што не пайду. Апынуўшыся там, я б проста паехаў галавой. Мяне спыніў не страх, а розум. У мяне ўсё жыццё наперадзе, У мяне такія планы на жыццё! Якая вайна?! Прыкінь, я здохну там?! І што будзе далей? На гэтым усё.

Чым вы займаліся ў лагеры пад Белгарадам?

Сядзелі, печку тапілі з раніцы да вечара. Усе мы сядзелі проста ў полі. У намётах. Палявыя ўмовы. Жорсткія палявыя ўмовы. У Курску мы таксама ў полі сядзелі. Нас туды адправілі на пачатку лютага. Усіх спачатку ў Курск накіроўвалі ў палявы лагер, які там ёсць. У Курску перабазуюць тэхніку і накіроўваюць ва Украіну.

Як ты пайшоў з лагеру?

Я паехаў канчаткова. Аказаўся маральна не гатовы да ўсяго гэтага. Напіўся, усіх паслаў, сабраў рэчы і сышоў. Афіцэраў у лагеры не засталося. Яны ўсе на вайну з’ехалі. У асноўным ля Белгараду ў лагеры засталіся тэрміновікі. Наколькі я ведаю, іх ва Украіну не адпраўлялі. Ехалі толькі тыя, хто падпісваў кантракт. Спыняць мяне проста не было каму. Цяпер тут такі час, што ўсім проста насраць, старэйшым не да мяне. Ім там сваіх праблемаў хапае, за мной ніхто не сочыць. Я буду ў Белгарадзе да таго часу, пакуль усё не скончыцца.

Калі я вярнуся ў лагер, то мяне могуць у любы момант туды (ва Украіну. – Рэд.). У мяне мае чувакі ўжо зʼехалі туды, а я так не хачу.

Цяпер я з калегам, які сышоў са мной, тут (у Белгарадзе. – Рэд.) здымаю кватэру. Я хлопцаў з лагеру ля мяжы паступова да сябе ваджу, каб яны памыліся і папралі рэчы. Яны там усе брудныя сядзяць. Потым яны зʼязджаюць назад.

Рэнат Еўсцігнееў, спецыяльна для «Вот Так»

Стужка навінаў