Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларуі апублікаваў заяву з нагоды непрызнання Міжнародным алімпійскім камітэтам Віктара Лукашэнкі і Дзмітрыя Баскава новым прэзідэнтам і сябрам выканкаму НАК адпаведна. Звальняць іх з пасадаў не будуць.
«Пазіцыю МАК адносна «непрызнання абрання Віктара Лукашэнкі новым прэзідэнтам НАК Беларусі і Дзмітрыя Баскава – сябрам выканкаму НАК» лічым абсалютна неабгрунтаванай. Справаздачна-выбарчы Алімпійскі сход, на якім і быў абраны новы кіраўнік і склад выканкаму нашай арганізацыі, адбыўся пры ўдзеле ўсёй спартовай супольнасці краіны – чэмпіёнаў і прызёраў Гульняў, дзейных спартоўцаў, трэнераў, кіраўнікоў спартовых арганізацыяў – выключна ў адпаведнасці з Уставам НАК Беларусі і дзейным заканадаўствам Рэспублікі Беларусі».
НАК лічыць, што рашэнне Міжнароднага алімпійскага камітэту носіць выключна «палітычны характар» і нібыта парушае прынцып «спорт па-за палітыкай».
«Заява МАК не падстава для спынення паўнамоцтваў прэзідэнта НАК Беларусі Віктара Лукашэнкі і сябра выканкаму Дзмітрыя Баскава».
НАК сцвярджае, што гатовы да «канструктыўных перамоваў» з кіраўніцтвам МАК і запрасіў прадстаўнікоў арганізацыі ў Менск для «ўсебаковага вывучэння сітуацыі» і прамога дыялогу з беларускай спартовай супольнасцю.
Учора стала вядома, што Міжнародны алімпійскі камітэт не прызнаў Віктара Лукашэнкі прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі, а Дзмітрыя Баскава – сябрам выканкаму арганізацыі. Гэтыя асобы надалей не могуць браць удзелу ў акцыях і падзеях МАК, у тым ліку і ў Алімпійскіх гульнях.
Акрамя таго, МАК прыпыніў усе фінансавыя выплаты НАК Беларусі, за выключэннем выплат, звязаных са стыпендыямі спартоўцаў і рыхтаваннем беларускай каманды да Алімпійскіх гульняў і ўдзелам у іх. Да таго ж, дзяржаўныя чыноўнікі з Беларусі не атрымаюць запрашэння ці акрэдытацыі на Алімпіяду.
ЯП belsat.eu