«Дарога дамоў» ад Лукашэнкі, або Наўпроставы квіток у канцлагер


Нядаўна Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб стварэнні спецыяльнай камісіі для працы з «ахвотнымі вярнуцца на радзіму». Не маючы магчымасці дабрацца да беларусаў за мяжой, рэжым патрабуе ад іх каяцца, пісаць на сябе даносы і паўзці дадому на каленях. Гучыць як трызненне вар’ята: людзі, якіх катавалі, збівалі, калечылі, спрабавалі схаваць за краты, – павінны за гэта прасіць прабачэння? Крывое люстэрка. Але так выглядае ідэя фікс Лукашэнкі. «Збеглыя» пабеглі каяцца? Дзясяткамі? Сотнямі? Можа, тысячамі? Давайце разбірацца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Attila Husejnow / Zuma Press / Forum

Колькасць тых, хто з’ехаў, дыктатар наўмысна занізіў як мінімум у 100-150 раз, назваўшы лічбу ў 2-4 тысячы чалавек. І вось гэта ўжо не трызненне прыдуркаватага дзеда, а наўмыснае скажэнне рэальнасці. Бо рэжым выдатна разумее, што ніякай масавай «рэпатрыяцыі» беларусаў не будзе.

Большасць тых, хто з’ехаў, усведамляюць, што «дарога дамоў» ад Аляксандра Лукашэнкі – гэта наўпроставы квіток у канцлагер. Ды і любыя апытанні ў сацыяльных сетках паказваюць, што ключавыя ўмовы беларусаў – у тым ліку і для вяртання дадому – не змяніліся. Гэта поўнае спыненне рэпрэсіяў, вызваленне ўсіх палітвязняў і, галоўнае, сыход рэжыму Лукашэнкі ад улады.

На што разлічвае рэжым?

Збольшага гэта «пераклічка». Бо хтосьці праз наіўнасць сапраўды можа звярнуцца ў так званую камісію. Зразумела, што такіх людзей будзе вельмі мала – і нават не 2-4 тысячы, пра якія кажа Лукашэнка. Але нават пара дзясяткаў «заявак» дазволяць яму казаць, што працэс пайшоў і «збеглыя» пабеглі каяцца. Пры гэтым, натуральна, колькасць тых, «хто звярнуўся», будуць фальсіфікаваць. Таксама ў рэжыму на прыкмеце ёсць і «апрацаваныя» для паказнога вяртання беларусы. І загадзя напісаныя тэксты для іхных «пакаянных» відэа. Хай іх нават будзе ўсяго пара дзясяткаў.

У любым выпадку, калі вы або вашыя знаёмыя з нейкай прычыны задумаліся над тым, каб скарыстацца «атракцыёнам нябачанай шчодрасці» ад Лукашэнкі, важна разумець: сам факт вашай заяўкі і пададзеныя ў ёй звесткі пасля будуць выкарыстаныя не дзеля гэтак званага «вяртання», а для завядзення крымінальных справаў.

І нават не па прыездзе, а ў рамках завочнага судовага вядзення. Бо цяпер супраць беларусаў, што з’ехалі, масава не распачынаюць крымінальных справаў толькі таму, што ў рэжыму банальна не хапае для гэтага рэсурсаў. І каб у следчых не было «вісякоў». Але «яўка з павіннай» у выглядзе звароту ў камісію вельмі спросціць ім жыццё, а інструмент завочных судоў дазволіць хутка правесці «следства» і вынесці завочны прысуд з канфіскацыяй маёмасці. І ўсё, справа закрытая.

Па-другое, любы, хто вярнуўся паводле «запрашэння» ад Лукашэнкі, адразу ж добраахвотна пасадзіць сябе на кручок рэпрэсіўнай сістэмы. Бо нават запісаўшы «пакаяннае відэа» або выплаціўшы грашовую кампенсацыю за «нанесеную шкоду», вы не атрымаеце ніякіх гарантыяў, што заўтра ў вашым тэлефоне не знойдуць падпіскі на «экстрэмісцкі канал» ці не выявяць (а насамрэч, сфабрыкуюць) нейкага іншага парушэння канцлагернага рэжыму.

Але галоўны матыў і разлік Лукашэнкі – гэта, вядома, паспрабаваць чарговы раз падмануць Захад. Прадаць Захаду ілюзію «адлігі» ў спадзеве на аднаўленне свайго прызнання і хаця б на частковае зняцце санкцыяў.

Пры гэтым відавочна, што ісці на сур’ёзныя саступкі Лукашэнка не збіраецца. Замест гэтага ён імітуе псеўдалібералізацыю, заяўляючы аб стварэнні камісіі для «збеглых» і аб гатоўнасці дараваць нейкай нязначнай колькасці «аблудных» беларусаў.

Меркаванні
«Вярніся, я ўсё дарую!»
2023.02.07 15:31

Ідэя аб зрынутым ворагу

Паказальным тут ёсць яшчэ адзін момант – абмяркоўваючы сваю ідэю фікс з так званым старшынём Вярхоўнага суда Сукалам, Лукашэнка ўказаў на нестыкоўкі. А менавіта на той факт, што за «злачынствы», якія патэнцыйна плануецца «дараваць» вяртанцам, унутры краіны па-ранейшаму выносяцца судовыя рашэнні.

Чаму гэта важны момант?

Лукашэнка плануе маштабаваць сваю схему са «збеглымі» і ўнутры краіны. А менавіта: «памілаваць» пасля «пакаяння» і выплаты кампенсацыяў нейкую частку асуджаных паводле палітычных матываў. Напрыклад, тых, хто трапіў за краты за «дробныя правіны» накшталт пары каментароў у сацсетках. Бо дыктатар разумее, што Захад дакладна не купіцца на ягоную псеўдаадлігу, калі яна хаця б часткова не закране людзей унутры Беларусі.

Але паралельна ён вымушаны знайсці пераканаўчыя аргументы для сваіх сілавікоў-«стаханаўцаў», каб растлумачыць ім, чаму пасля некалькіх гадоў масавых рэпрэсіяў і тэрору, якім яны прысвяцілі сябе дарэшты, нейкую частку «ворагаў народу» цяпер трэба раптам узяць і «памілаваць».

Ні для каго не сакрэт (дый сам Лукашэнка ўжо адкрыта ў гэтым прызнаўся), што сілавікі ёсць галоўным апірышчам ягонага рэжыму. І відавочна, яны наўрад ці будуць вельмі радыя, што ўсе іхныя заслугі і гады ўдарнай працы дзеля закачвання беларусаў у асфальт прывядуць да таго, што нейкая частка гэтых беларусаў выйдзе – хоць і на вельмі ўмоўную, але свабоду. У разуменні апрычнікаў гэта будзе выглядаць як самая натуральная здрада.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Reuters / Forum

А значыць, Лукашэнка павінен прадаць ім ідэю аб зрынутым ворагу. Зламаным, прыніжаным, які на каленях моліць аб літасці. Менавіта такую ролю, паводле задумы Лукашэнкі, павінны адыграць «збеглыя, якія пакаяліся», а значыць, і тыя, хто будзе «памілаваны» паводле той жа схемы ўнутры Беларусі.

І менавіта таму ў склад камісіі ўвайшлі такія людзі як, напрыклад, Баскаў – суўдзельнік забойства Рамана Бандарэнкі, самыя адыёзныя прапагандысты накшталт Азаронка, Мукавозчыка і Пуставога, гестапаўцы Церцель, Гара, Кубракоў і Швед – каб у апрычнікаў не ўзнікла і думкі, што камісія недастаткова суровая. Апрычнікі дыктатара павінныя паверыць, што яны рэальна перамаглі. А Захад пры гэтым павінен паверыць, што Лукашэнка стаў на шлях выпраўлення і паступова гатовы рабіць нейкія крокі насустрач.

Нам таксама трэба ў гэта паверыць? Паверыць Лукашэнку?

Паверыць і пагадзіцца, што ціск на ягоны рэжым павінен спыніцца, калі наўзамен ён вызваліць якуюсь частку палітвязняў? Але гэтая свабода – абсалютна фіктыўная. Нашая краіна як была, так і застанецца канцлагерам, пакуль гэты рэжым будзе існаваць.

І што, нам трэба пагадзіцца з гэтым? Пагадзіцца, што «на свабоду» выйдуць далёка не ўсе палітвязні? Што разгромленыя НДА і незалежныя СМІ ўжо не адновяць сваёй працы ўнутры краіны? Што замест знішчанай грамадзянскай супольнасці і дэмакратыі мы атрымаем УНС і «Белую Русь» – партыю імя Лукашэнкі? Можа быць, нам трэба яшчэ і ўступіць у яе і заплаціць сяброўскія складкі?

Можа, нам трэба прыняць, што Беларусь так і застанецца расейскім вайсковым плацдармам і працягне ператварацца ў расейскую губерню? Або што сотні тысяч беларусаў так і не вернуцца дадому, бо ніводзін разумны чалавек не стане добраахвотна браць квіток у адзін канец – наўпрост у канцлагер «Белоруссия».

Здаецца, адказ відавочны. Аднак, відавочна, не ўсім. Бо сёння мы чуем, як усё мацней гучаць галасы тых, хто сапраўды лічыць, што трэба пайсці рэжыму на саступкі.

Што нельга ўводзіць супраць яго новых санкцыяў. Што трэба, наадварот, здымаць іх. Што можна заплюшчыць вочы на яго суўдзел у вайне супраць Украіны, бо ён жа пакуль не ўступіў у яе. Ну падумаеш, адкрыў расейскай арміі мяжу для ўварвання ва Украіну і для бойні ў Кіеўскай вобласці. Падумаеш, аказвае агрэсару поўнае інфраструктурнае і тылавое падтрыманне. Падумаеш, вырабляе і падае Расеі снарады. Падумаеш, усяго нейкіх 800 ракетных удараў было нанесена па Украіне з тэрыторыі Беларусі.

Гэта ж дробязі, праўда? Затое паблажкі для рэжыму Лукашэнкі, на думку некаторых палітычных дзеячаў, дадуць яму прастору для манеўру. Дазволяць «вырвацца з абдымкаў Крамля», у якія, аказваецца, яго заштурхалі менавіта санкцыі, а не сама палітыка рэжыму Лукашэнкі. Гэта ж санкцыі вінаватыя ў тым, што ён захапіў самалёт, потым учыніў міграцыйны крызіс і нарэшце ператварыў Беларусь у дзяржаву-агрэсар, ці не праўда?

«Давайце здымем з яго санкцыі, давайце спынім ціск і перагорнем старонку. Стратэгія ціску не працуе, так што давайце вернемся ў 2015 ці 2019 год, давайце пачакаем, пакуль рэжым сам эвалюцыянуе і на нас паступова сыдзе дэмакратыя», – кажуць гэтыя палітыкі, чыя рыторыка дзіўным чынам на 100 % супадае з рыторыкай рэжымных «аналітыкаў» накшталт Прэйгермана. Або з кулуарнай рыторыкай ягоных «дыпламатаў», якія спрабуюць прадаць гэтыя тэзісы Захаду. Супадзенне? Не думаю.

Што, калі не санкцыі?

Дык ці гатовы я – як палітык і проста як грамадзянін – забыцца, скласці рукі, перагарнуць старонку і спыніць барацьбу? Не, не гатовы. Як і ўся мая каманда. Мы памятаем аб патрабаваннях беларускага народу. І не бачым прычынаў ад іх адмаўляцца і адступаць. Не бачым прычынаў, каб дазволіць Лукашэнку ўцячы ад адказнасці.

Не, мы будзем рабіць усё, каб ціск на ягоны рэжым не спыняўся. Пакуль на волю не выйдуць усе без выключэння беларусы, асуджаныя паводле палітычных матываў. Пакуль усе беларусы не змогуць вярнуцца дамоў, а не ў канцлагер «Белоруссия». Пакуль рэпрэсіі не спыняцца цалкам – разам з існаваннем рэжыму Лукашэнкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Charles M Vella / Zuma Press / Forum

Здаецца, гэта нерэальна? Тады спытайце сябе вось пра што: калі стратэгія ціску на рэжым сапраўды не працуе, калі не працуюць санкцыі і яны не набліжаюць нас да мэты – то чаму ж нас так актыўна спрабуюць пераканаць у тым, што для яе дасягнення санкцыі неабходна зняць? Калі не ціск на рэжым змушае яго імітаваць пачатак «лібералізацыі», калі не эфект ад ужо ўведзеных санкцыяў і не страх перад новымі ёсць сапраўднай прычынай усёй гэтай кампаніі пад назвай «давайце дамовімся» – то што ж тады?

Напэўна, цытаваць Гандзі банальна. Але ўсё ж я хачу нагадаць ягоныя словы, якія ідэальна апісваюць тое, што адбываецца: «Спачатку яны цябе не заўважаюць, потым смяюцца з цябе, затым змагаюцца з табой. А потым ты перамагаеш».

І мы – таксама пераможам. Жыве Беларусь!

Павел Латушка, намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету

Стужка навінаў