«Вярніся, я ўсё дарую!»

Лукашэнка угаворвае вярнуцца тых, хто з’ехаў. Год таму ён вельмі агрэсіўна пагражаў, цяпер практычна ўпрошвае, абяцае бяспеку і іншыя выгоды. Выглядае гэта вельмі недарэчна. Аднак навошта ён гэта робіць?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Па-першае, відавочна, што план «дабрацца да кожнага» не працуе. Безумоўна, лёс любога чалавека важны, але калі ўсё ж такі паглядзець на статыстыку ўважліва, то за 2,5 гады сілавым структурам удалося дабрацца не больш чым да дзясятай часткі ўдзельнікаў пратэстаў. У самым пачатку праца ішла лёгка, сілавікі «здымалі вяршкі», гэта значыць бралі тых, хто асабліва не хаваўся. А далей стала болей складана. Працяг рэпрэсій абыходзіцца дорага і гучнасць завочных судоў ніяк не адмяняе неабходнасці адцягваць велізарныя сілы на бессэнсоўную і карпатлівую дзейнасць. Гэта проста вельмі дорага абыходзіцца бюджэту і канца-краю выдаткам не відно, а хочацца неяк завяршыць кампанію.

Па-другое, хочацца перагарнуць старонку. Як бы ні было загнанае ў кут і дэпалітызавана сёння беларускае грамадства ўнутры краіны, сам Лукашэнка на кожным афіцыйным мерапрыемстве праклінае і беларускіх дэмакратычных лідараў за мяжой, і незалежныя сродкі масавай інфармацыі, і заходніх ворагаў, якія толькі і чакаюць, каб рукамі палка імя Каліноўскага ўторкнуць яму нож у спіну. Відаць, што ён – першы чытач і «Белсату», і «Зеркала», і «Нашай Нівы», і «Мотолько помоги!». Вельмі хочацца яму зняць страх. Хочацца, каб усё гэта скончылася.

Па-трэцяе, а чаго ён хоча для сябе асабіста? Як ні дзіўна, любові. Гэта парадокс, але сапраўдным жаданнем чалавека, які ўзурпаваў уладу, згвалціў народ цэлай краіны, ёсць вяртанне дзіцячага адчування, што ён добры. Яно ж было, і зусім, здаецца, нядаўна, яшчэ гады гэтак тры таму.

Якія б падзеі ні адбываліся раней, як бы ні пратэставала супраць абмежавання правоў і свабодаў, супраць чарговых несумленных выбараў вузкая праслойка «дэмакратычнай грамадскасці», над усім гэтым заўсёды вісела выратавальнае «народ мяне абраў», і гэта было праўдай.

Так, кожныя выбары хтосьці спрабаваў супраціўляцца. Кожны раз Ярмошынай даводзілася звыкла маляваць загадзя зададзеныя лічбы, а міжнародная грамадскасць выказвала «рашучы пратэст» і «глыбокую заклапочанасць». Але праходзіла літаральна пару тыдняў і ўсё ўставала на свае месцы: народ звыкла вяртаўся ў рэчышча штодзённых бытавых клопатаў, а краіны калектыўнага Захаду пачыналі чарговы раўнд таргоў.

І заўсёды-заўсёды ўнутры жыла ўпэўненасць, што «вось гэтых вось» ну ніяк не больш за 10% насельніцтва, што калі і дамалявала Ліда якія 15-20% для ўпэўненасці, то гэта ж не мае значэння, бо пераважная большасць насельніцтва ўсё роўна «за» – ужо сапраўды больш за 51%.

І вось прыйшоў 2020-ы. Крыштальная судзіна яго ілюзій была раструшчана. Каханне скончылася, людзі стаміліся ад бясконцай шэрасці «стабільнага», але беднага жыцця.

І прафсаюзы, якія абяцалі 16 жніўня «ўсенародную падтрымку», а замест гэтага не сабралі і траціну плошчы Незалежнасці. І наведванне МЗКЦ з легендарным «застрэлься, афіцэр!», і бясконцыя ночы ў поце – «а раптам… заўтра?» Уварвалася новая рэальнасць. Народ, ягоны народ, здрадзіў, пайшоў з іншымі.

Так, чэлядзь ўсё гэтак жа аддана глядзіць у вочы. Тут і Эйсмант, і Качанава, і Цяцерын, і ўсе-ўсе-ўсе, гатовыя есці з рукі, як Умка. Можна нават заўсёды выклікаць Саладуху і ён праспявае што-колечы для настрою. Але нават песні Сашкі, які ззяе поўным ротам штучных зубоў, усё роўна навяваюць непрыемнае. «Здравствуй, чужая милая, та, что  была моей…» Дзе ты, мілая?

Задушыў народ рэпрэсіямі, загнаў пад лаўкі, прымусіў маўчаць. І нават схемку сабе прыдумаў, як «законна» правіць вечна. Не супакойвае.

Усё ёсць у краіне – жорсткасць, страх, кіруемасць. Толькі любові больш няма.

І пра гэта ведае і ён сам, і тыя, хто на ягоным баку, і тыя, хто сядзяць па кухнях, праклінаючы яго, чакаючы, «калі ж ты здохнеш?!».

Таму і уамісія гэтая дзіўная, і словы яго пастаянныя, звернутыя да тых, хто з’ехаў, пра гэта ж: «Вярніцеся да мяне, я буду харошым». Але гэта хлусня, гэта абяцанні псіхапата і садыста ў самым простым, прыземленым сэнсе гэтых слоў.

Ці можна ім верыць? А з чаго б? Так, у вялікай часткі тых, што з’ехалі, настальгія, туга па Радзіме, куды ж без яе. А вось з матэрыяльным становішчам усё трохі складаней. Апытанні фіксуюць, што больш за палову з новай эміграцыі ўжо досыць уладкаваныя, і могуць дазволіць сабе доўгатэрміновыя пакупкі, а сапраўды сур’ёзныя матэрыяльныя праблемы адчуваюць не больш за 5% тых, хто з’ехаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Беларусы вельмі спакойныя, інтэлігентныя, працавітыя. Яны ўжо шмат у чым сацыялізаваліся, уладкаваліся на новым месцы, знайшлі працу, аддалі дзяцей у дзіцячыя садкі і школы, вучаць мову, атрымліваюць дакументы. Прыносяць прыкметную карысць краінам, якія іх прытулілі, карыстаюцца выгодамі больш высокіх сацыяльных стандартаў.

І куды ж ён кліча іх, сваіх «былых»? Ён кліча вярнуцца ў краіну з падаючай эканомікай, у якой больш за 40% даходаў сыходзіць на ежу, дзе трэба клясціся ў вернасці і раскайвацца ў няўчыненых злачынствах. І ў чым тут логіка?

Даводзіцца выбіраць. На адной шалі – родныя мясціны, блізкія, звыклае сацыяльнае асяроддзе і здрада самога сябе, на другой – боль ад расстання, сур’ёзныя сацыяльныя выклікі, але і (рэальна ці патэнцыйна) больш высокі ўзровень жыцця, якасць будучыні дзяцей і, самае галоўнае – самапавага.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў