Да сваякоў гомельскага актывіста, які жыве за мяжою, прыходзілі з «камісіі для вяртання»


Да сваякоў гомельскага актывіста Барыса Анікеева прыходзілі з «камісіі для вяртання», паведамляе тэлеграм-канал «Позірк». Яны паведамілі, што ён нібыта можа бяспечна вярнуцца ў краіну.

Барыс Анікееў.
Фота: «Гомельская Вясна».

«Да сваякоў прыйшлі дзве жанчыны, паказалі бэйджы, дзе было напісана, што яны чальцы камісіі для вяртання ўцекачоў пры аблвыканкаме», – паведамляе «Позірк» са спасылкай на актывіста.

Барыс Анікееў распавёў, што «госці» пыталі, колькі часу ён застаецца за мяжой, паводзіліся культурна. Пасля гэтага заявілі, што ў дачыненні яго абвешчаная амністыя і ён можа вярнуцца, бо яму нічога не пагражае і ён можа падаць прыклад.

Пры гэтым жанчыны не змаглі патлумачыць, якая амністыя была абвешчаная, паколькі Анікееў не быў асуджаны паводле палітычных справаў.

Нагадаем, 6 лютага Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб стварэнні камісіі для працы з ахвочымі вярнуцца на Радзіму, якія «здзейснілі ў перыяд з 1 студзеня 2020 года да ўступлення ў сілу гэтага ўказу адміністратыўныя правапарушэнні або злачынствы пратэснай скіраванасці, асцерагаюцца вяртання ў краіну ў сувязі са сваёй магчымай датычнасцю да здзяйснення такіх правапарушэнняў, злачынстваў».

Таксама паведамлялася, што пры падачы адпаведнага запыту гэтыя асобы павінныя будуць «пакаяцца ў зробленым і праінфармаваць камісію аб гатовасці пасля вяртання публічна перапрасіць, пакрыць прычыненую шкоду, выконваць Канстытуцыю і заканадаўства Беларусі, паважаць дзяржаўныя сімвалы і нацыянальныя традыцыі, свядома і актыўна выконваць свой грамадзянскі абавязак».

На падставе вынікаў разгляду зваротаў грамадзянам паведамяць пра наяўнасць або адсутнасць у дачыненні іх адміністратыўнага працэсу, заведзенай крымінальнай справы, а таксама пра магчымасці іх спынення ў парадку і на ўмовах, вызначаных заканадаўствам. Далей камісія будзе разглядаць іхную магчымасць вярнуцца ў Беларусь. У выпадку станоўчага адказу яны павінныя будуць вярнуцца ў Беларусь цягам трох месяцаў з моманту апавяшчэння.

Hавiны
«Раскаяцца і публічна перапрасіць». Што прапаноўваецца ва ўказе аб камісіі для вяртання
2023.02.06 18:47

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў