Новая амбасадарка Швейцарыі ў Беларусі ўручыла копіі даверчых граматаў Уладзіміру Макею


Новая амбасадарка Швейцарыі ў Беларусі Крысціна Хонэгер-Залатухін 9 лютага ўручыла копіі даверчых граматаў міністру замежных справаў Беларусі Уладзіміру Макею, паведамляе МЗС.

Новая амбасадарка Швейцарыі ўручыла копіі даверчых граматаў Уладзіміру Макею.
Фота: МЗС Беларусі

Уручэнне даверчых граматаў азначае фактычны пачатак дыпламатычнай місіі ў краіне, зазначае Reform.by. Аднак афіцыйна місія пачынаецца пасля ўручэння граматаў кіраўніку дзяржавы.

Артыкулы
Палітзняволеная Наталля Хершэ спыніла галадоўку
2022.02.02 20:07

МЗС зазначае, што сустрэча Хонэгер-Залатухін і Макея адбылася напярэдадні 30-годдзя ўсталявання дыпламатычных дачыненняў паміж Беларуссю і Швейцарыяй.

Раней Міністэрства замежных справаў Швейцарыі пацвярджала інфармацыю пра тое, што амбасадар краіны пасля прыбыцця ў Беларусь уручыць даверчыя граматы Лукашэнку.

«Федэральны дэпартамент замежных справаў пацвярджае, што новы амбасадар уручыць даверчыя граматы кіраўніку дзяржавы, як гэта прынята ў дыпламатыі большасці краінаў. Швейцарыя не каментуе легітымнасці ўрадаў, яна толькі прызнае дзяржавы. Таму ўручэнне даверчых граматаў не ёсць для Швейцарыі актам прызнання», – прыводзіў партал Zerkalo.io словы МЗС Швейцарыі.

Аналітыка
Швейцарыя прызнае Лукашэнку? Што значаць чуткі пра ўручэнне даверчых лістоў
2022.01.31 14:38

Паведамлялася таксама, што прычынай рашэння ўручыць даверчыя граматы Лукашэнку можа быць жаданне швейцарскага МЗС дапамагчы палітзняволенай беларусцы са швейцарскім грамадзянствам Наталлі Хершэ. Наталлю затрымалі ўвосень 2020 года на адным з жаночых маршаў у Менску і асудзілі да 2,5 гадоў калоніі за тое, што яна сарвала балаклаву з амапаўца.

«Мы прыйшлі да высновы, што зможам лепш абараніць свае інтарэсы, маючы на месцы амбасадара. Дзеля гэтага трэба ўручыць даверчыя граматы. Гэта дасць нам магчымасць выказаць сваю заклапочанасць непасрэдна Лукашэнку», – цытавала намесніка дзяржаўнага сакратара МЗС Швейцарыі Ёганэса Матыясі выданне Der Bund.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў