«Для нас больш няма чорнага і белага – толькі чорнае». Бацька дырэктара Прэс-клубу возіць яму перадачы за 150 км


Мужчына перада мной бесперапынна ўсміхаецца – распавядае пра сына, ганарыцца ягонай адукаванасцю і юрыдычным досведам, успамінае кампліменты, што таму казалі чужыя людзі. А потым бярэ ў рукі кубак з гарбатаю і няўпэўнена з яго адпівае: трымцяць рукі. Малодшага сына Сяргея Альшэўскага – таксама Сяргея Альшэўскага, фінансавага дырэктара Прэс-клубу – ужо амаль два месяцы ўтрымліваюць на Валадарцы як абвінавачанага ва ўхіленні ад выплаты сумаў падаткаў у асабліва буйным памеры. Больш гарбату мой суразмоўца ў рукі не бярэ.

Сяргей Іванавіч Альшэўскі, паказвае фота з сынам. Малодшы Сяргей Альшэўскі быў затрыманы разам з іншымі супрацоўнікамі Прэс-клубу 22 снежня 2020 года. Фота АВ / Белсат

22 снежня сілавікі зладзілі налёт на Прэс-клуб і затрымалі адразу некалькіх яго супрацоўнікаў. Сяргей Альшэўскі быў у офісе, калі туды прыйшлі з ператрусам, і да сям’і пасля гэтага пакуль не вярнуўся: яго з калегамі завезлі ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў, потым на Акрэсціна, і ўрэшце ён апынуўся на Валадарцы. Дадому тым часам таксама прыйшлі сілавікі. Бацька Сяргея даведаўся пра ператрусы і агляды ад нявесткі Юліі ды адразу паехаў да яе.

Гісторыі
«Я проста хачу да мамы на ручкі». Аповед дачкі затрыманай заснавальніцы Прэс-клубу Юліі Слуцкай
2021.01.26 07:58

«Я прыехаў, калі агляд ужо прайшоў. Забралі тэхніку, карты – у мяне ў галаве не ўкладаецца, чаму. Яны, напэўна, чакалі нечага іншага, але Сярожа жыве ў звычайным драўляным доме без аніякіх празмернасцяў і шыку. Проста дом і лазенка, нават гаражу няма, да таго ж там яшчэ шмат трэба дарабіць, нешта ўцяпліць, недзе падфарбаваць».

З нявесткай яны паехалі ў ДФР, сустрэлі там сваякоў іншых затрыманых у справе Прэс-клубу і сталі абмяркоўваць, што да чаго, бо тады нават не было вядома, дзе іхныя блізкія, – пра гэта паведамілі толькі на наступны дзень. «Нам сказалі, што Сярожа затрыманы на трое содняў. Я адразу падумаў, што яны разбяруцца і ўсё вырашыцца, а потым як абухом па галаве – 10 содняў, выстаўленае абвінавачанне і прызначаныя два месяцы пад вартай. Мы з жонкай былі быццам не ў сабе: як, чаму, за што? Я, здаецца, неяк трымаюся, хоць і цяжка, а Таня гэта пераносіць вельмі эмацыйна, увесь час перажывае, плача дзень і ноч – нават не плача, а раве».

Сяргей Іванавіч паказвае фота з сынам. Фота АВ / Белсат

Навагодніх святаў у сям’і не адзначалі: як кажа спадар Сяргей, калі звычайна ў жыцці чаргуецца чорнае і белае, то пасля 22 снежня ў іх толькі чорнае. Ён з сумным задавальненнем успамінае, што старэйшы сын паспеў хаця б павіншаваць яго з 60-годдзем, і паказвае на тэлефоне фотаздымак выкшталцонага торта, які той для яго замовіў.

Гісторыі
«Маглі запомніць, бо быў у кашульцы з надпісам «Жыве Беларусь!»: што вядома пра гарадзенца, якога судзілі за гвалт над 6 сілавікамі
2021.01.29 09:41

Спадар Сяргей з жонкаю жыве больш як 150 кіламетраў ад Менску, і хоць тут ёсць каму займацца перадачамі, прыязджае дзеля гэтага сам. «Гэта ж сын, я б і за тысячу кіламетраў павёз яму перадачу. Стараемся складваць мясное, садавіну, мюслі, каб было больш вітамінаў, нешта салодкае, у тым ліку шакалад. Большасць, канечне, перадае нявестка, клапоцяцца таксама ягоныя сябры, а мы прыязджаем па магчымасці. Усё, што мы можам, – гэта пісаць лісты і прывозіць перадачы. Больш жа нічога не даб’ешся: чаго можна дабіцца, калі вакол сцяна?»

У лісце сыну спадар Сяргей напісаў: «Не вер, не бойся, не прасі». Ён успамінае, як ягоная сям’я пацярпела ад сталінскага рэжыму і савецкай сістэмы.

Сяргей Альшэўскі. Фота АВ / Белсат

«Я вырас у Карагандзе, сярод тых, хто пры сталінізме адседзеў у лагерах 25 гадоў, – і яны выходзілі адтуль людзьмі. Мае дзядуля з бабуляй былі раскулачаныя. Бабулю з першым мужам вывезлі ў стэп у Казахстане, дзе ўбілі кол і сказалі, што тут яны будуць жыць. З трохсот чалавек бабуля выжыла адна з нямногіх, потым туды прывезлі другую партыю, сярод якіх быў мой дзядуля. Увогуле яна пахавала трынаццаць дзяцей і трох мужоў. Дзядуля па лініі бацькі ў 1950-я з’ехаў у Казахстан з-за ціску, працаваў там у шахтах, быў паважаным чалавекам і вярнуўся ў Беларусь толькі ў 2002 годзе. Калі мы з Казахстану прыязджалі сюды ў адпачынак, мне Беларусь моцна падабалася, у выніку я жыву тут з 1981 года, тут нарадзіліся мае сыны. Спачатку мне было цяжка прызвычаіцца – так, прыгажосць, дабрыня, гасціннасць, але і сквапнасць, зайздрасць. Але я ўвайшоў у каляіну, усё было нармальна, я быў задаволены, што мае дзеці сталі на ногі».

Гісторыі
«Каму ўвогуле патрэбная праўда? Напэўна, толькі бацькам». Маці палітвязня Дзяніса Чыкалёва ўбачылася з сынам
2021.02.02 07:30

Відавочна, рэпрэсіі знайшлі Альшэўскіх і ў XXI стагоддзі. «Я ніколі не баяўся за Сяргея, бо ведаў, што ён не парушыць закону, не пойдзе на ўгоду з сумленнем і не абярэ грошай – на першым месцы для яго заўсёды былі гонар і годнасць, свае і тых, з кім ён працуе. Ён не мог дапусціць таго, у чым яго абвінавачваюць: Сярожа ніколі чужой капейкі не возьме, наадварот – аддасць апошнюю кашулю, каб дапамагчы іншаму, – спадар Сяргей расказвае пра сына з задавальненнем, хваліцца ягонымі поспехамі, а на здагадку, што гэта вынік ягонага ж выхавання, шчасліва ўсміхаецца. – Так, гэта я яго так выхаваў, хоць не толькі я – у нас так атрымліваецца ў родзе.

Сярожа сабе дарогу пракладаў сам, ні ад кога не залежаў, усяго дабіваўся самастойна. Ён заўсёды імкнуўся вучыцца, прычым і вучыўся, і не вучыўся – яму ўсё давалася лёгка. Калі ласка: школа з залатым медалём, усе адукацыі, якія ў яго ёсць, скончыў на выдатна. Выступаў на канферэнцыі ў Бруселі – зала ўстала і пляскала яму ў далоні. Мне было прыемна і за сына, і за Беларусь. Магчыма, за кратамі ён апынуўся з-за зайздрасці, маўляў, як гэта ты такі – ды не поўзаеш перад намі».

Сяргей Альшэўскі. Фота АВ / Белсат

Лісты з Валадаркі да бацькоў даходзяць рэдка, а ў тых, якія дайшлі, сын піша, што яму ўсяго хапае, што ён сустрэў шмат добрых людзей і што ўсё будзе нармальна. «Калі выгаварышся, становіцца лягчэй, хоць адчуваеш, што паўсюль вушы і вочы. Цяпер патрэбныя згуртаванасць, аб’яднанне сваякоў, пазітыўны настрой. Нас падтрымліваюць і незнаёмыя людзі – тэлефануюць, пытаюцца, як і што, прапаноўваюць маральную і матэрыяльную дапамогу, але мы пакуль спраўляемся ўласнымі сіламі. Думаю, людзі гатовыя шмат аддаць, бо ў свой час Сярожа сам многім дапамог. Прыгнечвае невядомасць, вельмі цяжка ўсё гэта пераносіць, асабліва ведаючы, што твой сын не вінаваты, хаця, здаецца, сам я моцны чалавек. Усяму свой час, пасля ночы заўсёды наступае світанне. Адно я магу сказаць: хай тыя, хто гэта робіць, вось так мэтанакіравана і незаконна, адчуюць хаця б сотую частку таго, што мы цяпер адчуваем. Я ніколі нікому не жадаў дрэннага, а такога не пажадаю нават лютаму ворагу, але ў мяне накіпела – няўжо гэта ім ніколі не вернецца. Можа, яны б тады пра нешта задумаліся, нешта ў іх галовах праскочыла б».

Спадар Сяргей чакае 23 лютага і спадзяецца «на Бога і цвярозы розум». Ён знаходзіць на тэлефоне яшчэ пару фотаздымкаў сына – а рукі ўсё трымцяць.

Ірэна Кацяловіч, belsat.eu

Гісторыі
«Прызнавайся і здавай усіх, ці сядзеш на 8 гадоў». Размова з маці 17-гадовага палітвязня
2021.02.07 13:12
Стужка навінаў