За мінулы тыдзень 11 байцоў палка Каліноўскага атрымалі раненні


Добраахвотнікі палка Каліноўскага на мінулым тыдні, 31 снежня і 3–4 студзеня, бралі ўдзел у дзвюх буйных аперацыях на ўскрайку Бахмуту: праводзілі штурмавыя аперацыі і контрнаступальныя дзеянні, прымалі ўдзел у супольных задачах. Падчас іх 11 чалавек атрымалі раненні розных ступеняў цяжкасці, паведаміла прэс-служба палка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Нашыўкі з украінскім сцягам, эмблемаю палка імя Кастуся Каліноўскага і бел-чырвона-белым сцягам на амуніцыі.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

31 снежня былі параненыя 6 чалавек: двое – з аскепкавымі раненнямі і чацвёра – з кантузіяй рознай ступені. Пра гэта распавяла камандзір эвакуацыйнай групы батальёну «Волат» Север.

3 і 4 студзеня пяцёра чалавек атрымалі раненні: трое – з кулявымі раненнямі, адзін – з аскепкавым і яшчэ адзін – з кантузіяй. Ваяры з кулявымі раненнямі цяпер у шпіталі.

Таксама прэс-служба палка паведаміла, што частка батальёну «Літвін» змяніла напрамак і цяпер разам з батальёнам «Волат» выконвае баявыя задачы на ўсходзе Украіны. Другая частка батальёну «Літвін» ваюе на іншым напрамку фронту. Перад новым годам мэр Жытоміру наведаў пазіцыі палка ў Бахмуце і перадаў добраахвотнікам пікап, камплекты вайсковай уніформы, генератары і дрон.

Нагадаем, што 4 студзеня атрымаў раненне ваяр Дзяніс Урбановіч. Ён трапіў у шпіталь з цяжкім раненнем у грудзі, але ўжо ў стабільным стане і крыяе.

«У лёгкіх застаецца кроў». Каліновец Дзяніс Урбановіч распавёў пра трэцяе раненне

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў