«Важна хутчэй прайсці да згоды і распачаць арганізацыю кампаніі». Валер Мацкевіч – пра выбары ў КР


Кіраўнік апарату Аб’яднанага пераходнага кабінету Валер Мацкевіч пракаментаваў «Белсату» выбары ў Каардынацыйную Раду.

Валер Мацкевіч прымае ўдзел у паседжанні Аб’яднанага пераходнага кабінету. Варшава, Польшча. 2 кастрычніка 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Каардынацыйная Рада – гэта больш за 100 сябраў, якія прадстаўляюць шырокі грамадска-палітычны спектр. Натуральна, што ўнутры самой Каардынацыйнай Рады розныя ўяўленні пра магчымыя сцэнары фармавання трэцяга складу прадстаўнічага органа», – зазначыў спадар Мацкевіч.

Паводле прадстаўніка Кабінету, толькі на пляцоўцы КР было прадстаўлена да дыскусіі больш за пяць, даволі адрозных адна ад адной, канцэпцыяў.

«Тое, што мы бачым цяпер, большасць дзейсных чальцоў лічыць найбольш аптымальным шляхам да протапарламенту на дадзены момант, – кажа Валер Мацкевіч. – Але гэта пакуль унутранае рашэнне другога складу Каардынацыйнай Рады. Мы сыходзім з таго, што гэта стартавая пазіцыя для пошуку кансэнсусу з партнёрамі, асноўным з якіх, найперш, ёсць Аб’яднаны Пераходны Кабінет».

Мацкевіч нагадаў, што, зыходзячы з рэгламентаў абедзвюх структураў, Каардынацыйная Рада мае непасрэдны ўплыў на кадравую палітыку Абʼяднанага пераходнага кабінету праз слуханні, якія ўпершыню прайшлі ўлетку 2023 года.

«У сваю чаргу Кабінет як протаўрадавая структура непасрэдна зацікаўлены ў тым, каб прадстаўнічы орган зрабіў істотны крок на шляху да протапарламенту, узмацніўшы ўласную легітымнасць. А гэта, на нашую думку, можна здзейсніць толькі праз абранасць чальцоў. Таму Кабінет выступае за прамыя выбары і лічыць, што такі падыход мусіць тычыцца ўсіх кандыдатаў.Пры гэтым для нас вельмі важна як мага хутчэй прыйсці да згоды з партнёрамі, каб прыняць супольнае рашэнне, стварыць аргкамітэт і распачаць арганізацыю кампаніі», – рэзюмаваў Валер Мацкевіч.

Hавiны
Каардынацыйная рада вырашыла, як правядзе выбары
2023.12.08 17:10

На галасаванні, якое прайшло ў КР 8 снежня, было вызначана, што выбары пройдуць не пазней за другі тыдзень сакавіка 2024 года. Новы склад будзе абраны тэрмінам на два гады. Туды ўвойдуць 120 чалавек (цяпер 115 месцаў). Восем з іх – палітвязні, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў беларускіх турмах.

Абмеркаванне, як будуць праходзіць выбары ў КР, ішло з верасня, у тым ліку, з удзелам Абʼяднанага пераходнага кабінета. Планавалася, што разам з КР яны прыйдуць да сумеснага рашэння, але гэтага не выйшла. У выніку Каардынацыйная рада сама вырашыла, як усё пройдзе.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў