Яшчэ 52 млн на СІЗА. Пад Менскам 13-ы год будуюць замену «Валадарцы» і ніяк не дабудуюць


Адна з самых вядомых вязніцаў Беларусі – следчы ізалятар № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Людзі там сядзяць ужо амаль 200 гадоў, незалежна ад таго, які лад пануе ў Беларусі – Расейская імперыя, СССР, нацысты ці рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Апошнімі гадамі СІЗА-1 абяцаюць перасяліць, аднак працэс зацягваецца. Падобна, што новы ізалятар здадуць у карыстанне яшчэ няхутка.

Новае СІЗА ў Калядзічах пад Менскам.
Фота: Onliner

Пішчалаўскі замак, у якім і размяшчаецца сённяшняя СІЗА-1, стаў вязніцай амаль 200 гадоў таму – у 1825 годзе. Там сядзелі беларускія дзеячы самых розных эпох, сярод іх – Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Карусь Каганец, Алесь Гарун і Якуб Колас, не кажучы ўжо пра шматлікіх палітвязняў часу лукашэнкаўскага рэжыму. Што з сябе ўяўляе гэты ізалятар, карэспандэнты «Белсату» ўжо распавядалі ў межах праекту «Зона.бел». Цяпер жа пагаворым пра тое, чым плануюць яго замяніць.

зона.бел
Правілы дыктуюць «палітычныя». Распавядаем пра СІЗА № 1, дзе з 1825 года трымаюць палітвязняў
2022.09.20 11:03

Размовы пра будаўніцтва новага будынку СІЗА пад Менскам і перадачы Пішчалаўскага замку ў распараджэнне Менгарвыканкаму, як паведамлялі медыі, вяліся яшчэ з канца 1990-х гадоў. Замак меўся быць адрэстаўраваны, а ўсё астатняе планавалася знесці.

Неабходнасць выселіць зняволеных з амаль 200-гадовага замку абвастрылася раніцай 20 красавіка 2008 года, калі абрынулася адна з вежаў следчага ізалятару. Прыкладна ў гэты ж час тэрыторыю турэмнага шпіталю на вуліцы Кальварыйскай, таксама звязанай з СІЗА, аддалі пад будаўніцтва жылога комплексу «Каскад».

Чатыры пераносы і прынамсі адна крымінальная справа

І вось 7 чэрвеня 2010 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 288, якім даручыў «ажыццявіць у 2010 – 2015 гадах узвядзенне і ўвод у эксплуатацыю ў прамысловай зоне «Калядзічы» комплексу будынкаў і збудаванняў следчага ізалятару і рэспубліканскай агульнасаматычнай больніцы» ды інфраструктуры, неабходнай для іх забеспячэння. У прыватнасці, планавалася, што больніцу пры СІЗА пабудуюць да 2013 года, а сам ізалятар – да 2015-га.

Сваім указам Лукашэнка таксама вызначыў адказных за будаўніцтва, у тым ліку генеральнага падрадніка. Але, калі 2013 год падыходзіў да канца, а будаўніцтва поспехаў не паказвала, на будоўлі выявілі хабарніцтва і крадзеж будаўнічых матэрыялаў, здзейсненыя ў тым ліку і генеральным падраднікам.

Новае СІЗА ў Калядзічах пад Менскам.
Фота: Onliner

Былі распачатыя крымінальныя справы, фігурантамі якіх сталі службовыя асобы Упраўлення капітальнага будаўніцтва Менгарвыканкаму і «Менскпрамбуду». Галоўным падазраваным у справе быў вядучы інжынер для будаўніцтва асабліва важных аб’ектаў УКБ Менгарвыканкаму, у абавязкі якога ўваходзіў тэхнічны нагляд за будаўніцтвам. Ён прыязджаў на абʼекты і браў там, што яму трэба. Усе ягоныя загады выконваліся безумоўна. Гэтак, прараб СУ-25 (адно з падраздзяленняў «Менскпрамбуду») адпускаў яму будаўнічыя матэрыялы ў якасці хабару за патуранне ў рабоце. Напрыклад, у траўні 2013 года прадстаўнік УКБ Менгарвыканкаму атрымаў 5 тыс. цаглінаў непасрэдна з будаўніцтва новага будынку СІЗА № 1. І гэта быў не адзінкавы выпадак.

1 лістапада 2013 года Лукашэнка падпісаў новы ўказ – № 494, якім перанёс увод больніцы на 2015 год, а самога СІЗА – на 2017-ы. Указам № 385 ад 8 верасня 2015 года даты былі змененыя адпаведна на 2018 і 2020 гады.

Але надышоў 2018 год, а будынак больніцы, не кажучы ўжо пра СІЗА, быў гатовы толькі на 60 %. Як вынік 15 жніўня 2018 года святло пабачыў указ № 320, якім адкрыццё больніцы перанеслі на 2020 год, а ізалятару – на 2022-і.

Ды, як кажуць, няма межаў дасканаласці. У снежні 2020 года Onliner.by паведамляў, што самы скончаны від на той момант мелі больніца і інтэрнат для будучых працаўнікоў. Тады як у будынку ізалятару была самая нізкая гатовасць. Два карпусы, якія павінны былі яшчэ з’явіцца, будаваць нават не пачыналі. 16 чэрвеня 2021 года выходзіць указ № 219. Згодна з ім, больніцу павінны былі пабудаваць у мінулым 2021 годзе, а СІЗА – у наступным 2023-м.

Будоўля СІЗА ў Калядзічах пад Менскам.
Фота: ад чытачоў Белсату

За чый кошт банкет?

Першапачаткова новы СІЗА ў Калядзічах планавалася пабудаваць за кошт інвестара – аўстрыйскага ці расейскага. Былы міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў заяўляў у 2009 годзе, што гаворка ішла пра 50 млн долараў. Але інвестара так і не знайшлі, і ва ўказе 2010 года пастанавілі, што Савет Міністраў абавязаны «штогод прадугледжваць у дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме капітальныя ўкладанні для фінансавання праектавання і ўзвядзення комплексу, інжынернай і транспартнай інфраструктуры, неабходнай для яго забеспячэння, у поўным абʼёме». Сума фінансавання будаўніцтва ва ўказе не ўдакладнялася.

Як адзначаў «Belarus Security Blog» у 2015 годзе, будаўніцтва СІЗА і больніцы «для сістэмы ДВП [Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС. – Рэд. Belsat.eu] – гэта самы маштабны праект з агульным абʼёмам інвестыцыяў каля трыльёна рублёў» (у пераліку на сярэдні курс 2015 года гэта 63 млн долараў).

Будоўля СІЗА ў Калядзічах пад Менскам.
Фота: ад чытачоў Белсату

Будоўля працягваецца, грошы вылучаюцца

І вось цяпер абʼяднанне BYPOL інфармуе, што на будаўніцтва новага будынку СІЗА № 1 выдаткуюць яшчэ больш як 50 млн рублёў.

«Паводле інфармацыі ад удзельнікаў плану «Перамога», узурпатар адабраў грошы ў народу, каб аддаць іх карнікам. На будаўніцтва новага будынку СІЗА № 1 выдаткавана 50 млн рублёў», – паведаміла 2 снежня аб’яднанне былых сілавікоў.

То бок, падобна, будоўля нават праз 12 гадоў і чатыры пераносы спыняцца пакуль не плануе.

Даведка
Будоўля СІЗА ў Калядзічах пад Менскам.
Фота: ад чытачоў Белсату

У каментары «Белсату» кіраўнік BYPOL, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў пытаннях аднаўлення правапарадку Аляксандр Азараў адзначыў, што на будаўніцтва СІЗА-1 і рэспубліканскай агульнасаматычнай больніцы ў 2023 годзе будзе выдаткавана больш як 52 млн рублёў (18,7 млн долараў паводле планаванага сярэдняга курсу на 2023 год).

«Інфармацыі пра тое, што яны дабудуюць, няма. Проста выдаткаваць грошы на будаўніцтва і ўсё. Ці будуць яшчэ выдаткоўваць, ці будуць яшчэ будаваць у 2024 годзе, невядома», – паведаміў Аляксандр Азараў.

На яго думку, такое працяглае будаўніцтва звязанае з тым, што СІЗА будуецца паводле сучасных тэхналогіяў і на еўрапейскім узроўні, што патрабуе шмат якіх выдаткаў.

Не выключае ён і карупцыйнага складніка ў зацягванні будоўлі, бо «на кожным будаўніцтве можна скрасці грошы». Але Аляксандр Азараў падкрэслівае, што такой інфармацыі ў BYPOL няма. Пра дадатковыя крымінальныя справы таксама не паведамлялася.

«Там і інтэрнат, і больніца, і само СІЗА. Там комплекс будынкаў, каштуе вельмі дорага, у бюджэце грошай няма. Яны маглі адразу выдаткаваць грошы на будаўніцтва і пабудаваць, а гэта [даўгое будаўніцтва. – Рэд. Belsat.eu] сведчыць, што няма грошай», – мяркуе суразмоўца.

Паводле яго, хутчэй за ўсё, з прычыны адсутнасці сродкаў на будаўніцтва выдаткоўваюць невялікія грошы, якіх проста не хапае для заканчэння будоўлі.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў