Сакрэтная місія Шайгу. Чым Лукашэнка можа ўзброіць Пуціна?


Уладзімір Пуцін вызначыў Беларусі ролю ў сваёй вайне супраць Украіны. Што мяняецца ў сцэнары, напісаным для рэжыму Лукашэнкі ў Крамлі? Навошта міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу прылятаў у Менск? Што ён падпісваў з лукашэнкаўскім міністрам абароны Віктарам Хрэніным? Чаму толькі пасля падпісання дакументаў Шайгу сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам, і з кім размаўляў Лукашэнка пасля размовы з Шайгу? Калі чакаць новага наступу расейцаў на Украіну? Каментуюць Павел Латушка, Алег Жданаў і Валер Карбалевіч у сюжэце з праграмы «ПраСвет».

«Усё, што Беларусы паводле дамовы мусяць зрабіць, мы зробім. Вы ў гэтым не сумнявайцеся. Мы тут па кустах не хаваемся, мы тут адкрыта заявілі сваю пазіцыю», – так запэўніваў Лукашэнка міністра абароны Расеі і дадаў, што вайну развязалі не яны, а Украіна.

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету для транзіту ўлады Павел Латушка лічыць, што падпісаныя таемныя пагадненні паміж міністрамі абароны Расеі ды Беларусі азначаюць не што іншае, як рашэнне пра ўдзел Беларусі ў вайне.

«Пратакол, які быў падпісаны, мае сакрэтны характар, – кажа Павел Латушка. – Але тыя інсайды, якія мы маем, кажуць пра тое, што вырашалася пытанне фармавання групоўкі. Перадусім расейскіх узброеных сілаў на тэрыторыі Беларусі. Вырашэнне пытання камандавання гэтай групоўкі. Бо зразумела, калі яна будзе складацца з расейцаў і беларусаў, то камандаванне будзе адно, і яно будзе з Крамля».

Вырашалася ў першую чаргу пытанне вайсковай супрацы. На падпісанні тайнага пратаколу прысутнічалі віцэ-прэм’ер Беларусі, былы міністр прамысловасці Пётр Пархомчык і старшыня дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Дзмітрый Пантус. А гэта значыць, што Беларусь становіцца не толькі расейскім палігонам для запуску ракет і муштры мабілізаваных, але і пачынае вырабляць ракеты і ракетныя ўстаноўкі.

«З інсайдаў, якімі мы валодаем, – размова ішла пра магчымую вытворчасць «Паланэзаў», – сцвярджае Павел Латушка. – Умоўна кажучы, аналагаў амерыканскіх «Himars», якія выкарыстоўваюць Збройныя сілы Украіны. Таксама дронаў іранскіх. Давайце паглядзім, што яшчэ перад сваёй смерцю Уладзімір Макей адзін з апошніх візітаў ажыццявіў у Тэгеран. Пазней прэм’ер-міністр Галоўчанка наведаў Іран».

Аналітыка
Рызыка ўступлення Беларусі ў вайну павялічваецца?
2022.12.05 17:49

Расея магла б быць зацікаўленай у масавай вытворчасці беларускіх рэактыўных сістэмаў залпавага агню «Паланэз» для сваіх патрэбаў. На дадзены момант максімальная дальнасць стральбы «Паланэза» складае 300 км, аднак нават у беларускім войску гэтай зброі ўсяго да 20 адзінак, таму нельга казаць пра нейкія масавыя пастаўкі. Вытворчасць новых сістэмаў запатрабуе вялізных інвестыцый і часу. Таксама не так даўно Лукашэнка наведваў прадпрыемствы ў Беларусі, дзе ажыццяўляецца вытворчасць беспілотнікаў. Паводле інфармацыі Паўла Латушкі, у Беларусі ўжо пачалася прадукцыя іранскіх дронаў, а неўзабаве мусяць адбыцца іх выпрабаванні.

«Мы бачым, што працуе вайскова-прамысловы комплекс у тры змены. У тры змены шыюць вайсковую вопратку, абутак. Фактычна Лукашэнка ўзгадаў пра вайсковых медыкаў. Лукашэнка сказаў, што вайскоўцы змогуць бясплатна атрымліваць кватэры, што праўда, публічна не ўзгадаў, што пасмяротна. Таксама сёння ёсць прапанова ўвядзення смяротнага пакарання, калі вайскоўцы здрадзяць краіне. А гэта значыць, пяройдуць на бок народу ці далучацца да беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне», – каментуе прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету для транзіту ўлады.

Што праўда, як ні старайся, але расейскае войска Лукашэнка не ў стане ні апрануць, ні абуць.

«Я не думаю, што беларуская швейная прамысловасць на сённяшні дзень гатовая шыць у аб’ёмах, патрэбных РФ. Іначай яна б не замаўляла форму ў Паўночнай Карэі. І не везлі б амуніцыю з Ірану і Кітаю», – мяркуе вайсковы эксперт, палкоўнік запасу ЗСУ Алег Жданаў.

Застаецца адкрытым пытанне, што з расейскімі вайскоўцамі, якія з лютага застаюцца ў Беларусі. Паводле звестак вайсковых экспертаў цяпер у краіне іх можа быць да 10 тысячаў. Прычым да падпісання тайнага пратаколу расейскія жаўнеры былі ў Беларусі ў вядомым юрыдычным статусе «іх там няма».

«На тэрыторыі Беларусі знаходзяцца расейскія войскі. Іх знаходжанне ніяк не рэгламентавана, ніякімі юрыдычнымі дакументамі. Яны знаходзяцца з лютага гэтага года. Гэта не тая сітуацыя, што была раней, калі расейскія вайскоўцы прыязджалі на нейкія вучэнні, потым па іх заканчэнні з’язджалі. Цяпер яны на пастаяннай аснове», – сцвярджае палітолаг Валер Карбалевіч.

Візіт Шайгу адбываецца на фоне схаванай мабілізацыі ў Беларусі. Аднак падпісаны дакумент разлічаны на ваенны час, але нават у Расеі гэты ваенны час не абвешчаны.

«Вядома, яны абмяркоўвалі, калі беларуская армія будзе гатовая ўступіць у вайну, – упэўнены вайсковы эксперт Алег Жданаў. – 1 снежня пачаўся новы вучэбны перыяд ва Узброеных сілах Беларусі, і я так разумею, што ўсё, што можна было, усё выведзена на палігон. 3–4 снежня на некаторых палігонах нават не абвяшчаўся выходны дзень. То бок вучэбныя стрэльбы, тактыка-спецыяльныя і тактыка-шыхтавыя заняткі праводзяцца нават у выходныя дні».

Што цікава, Шайгу спачатку проста на вайсковым аэрадроме падпісвае з Хрэніным пагадненне, а пазней едзе да Лукашэнкі. То бок рашэнне прынялі папярэдне праз тэлефон, з Пуціным, ці ўвогуле самаабвешчанага паставілі ўжо перад фактам.

«Ведаючы яго сістэму знутры, Лукашэнка пад усё хоча мець паперку. Для яго прынцыпова важна было падпісаць гэтыя змены ў пагадненні, бо гэта фактычна ў яго вачах легалізуе яго дзейнасць. І зноў жа такі не ён падпісаў дакумент, падпісаў ягоны міністр Хрэнін. Вы бачылі твар Хрэніна, калі яны абменьваліся папкамі. Як ён дрэна выглядаў. Таксама вельмі сумна выглядаў і сам Вальфовіч», – кажа Павел Латушка.

Каментар
Вайсковы эксперт: «Шайгу прывёз пасланне ад Пуціна»
2022.12.03 21:26

Шайгу вылецеў з Менску а 20-й гадзіне вечара, а Лукашэнка пакінуў уласную рэзідэнцыю бліжэй да поўначы, бо праводзіў нараду з Хрэніным і з Вальфовічам. Лукашэнка баіцца адказнасці і спрабуе як мага мацней уключыць у злачынства сваіх набліжаных.

«Нават калі апошні міністр ва ўрадзе Расеі, міністр па пытаннях далёкага Усходу, прыедзе ў Менск, то Лукашэнка яго прыме, але ці прыме Пуцін міністра замежных справаў Беларусі? Ніколі такога не адбывалася. Міністра абароны? Ніколі такога не адбывалася. Заўсёды Расея трактавала Лукашэнку як падуладнага халуя. (…) Да яго ставяцца як для прадстаўніка рэгіёну. Цікавая рэч: у гэтым пагадненні ўведзена тэрміналогія – рэгіёны. Рэгіёнамі лічыцца тэрыторыя Рэспублікі Беларусь і тэрыторыя суб’ектаў Расейскай Федэрацыі. Нас у гэтым пагадненні пазначаюць як рэгіён», – упэўнены Павел Латушка.

Так Беларусь з суверэннай дзяржавы праз кіраванне Лукашэнкі ператварылася ў вайсковы рэгіён Расейскай Федэрацыі. А пакуль Расея паводле ацэнак NATO спрабуе замарозіць канфлікт і пачаць наступ вясной. У Лукашэнкі будзе дастаткова часу, каб вайскова-прамысловы комплекс Беларусі запрацаваў на ўсю моц, патрэбную для Пуціна.

Вольга Міцкевіч для праграмы «ПраСвет»

 

Стужка навінаў