Зняволенага ў Беларусі Анджэя Пачобута другі раз прызналі польскім журналістам года


Першы раз Пачобут атрымаў прэмію «Журналіст года» ў 2011 годзе. У тым годзе ён таксама быў палітвязнем у Беларусі.

Стэнд з партрэтам палітзняволенага актывіста і журналіста Анджэя Пачобута ў цэнтры Варшавы. 12 кастрычніка 2021 года. Варшава, Польшча. Фота Аліса Ганчар / Белсат

Гарадзенскі журналіст, карэспандэнт «Gazeta Wyborcza» Анджэй Пачобут быў уганараваны званнем «Журналіст года – 2021» польскай прэміі «Grand Press».

«Моц Анджэя Пачобута не ў тым, што ён сёлета напісаў важны тэкст. Ягоныя паводзіны былі нашмат важнейшыя за многія рэпартажы, каментары ці публіцыстыку. Гэта сведчанне таго, што свабода слова не мае цаны і не падлягае абмеркаванню», – сказаў Яраслаў Курскі, першы намеснік галоўнага рэдактара «Gazeta Wyborcza», калі прымаў узнагароду ад імя Пачобута.

Разам са статуэткай Пачобута ўганаравалі прызам на 40 тысяч злотых – крыху менш за 10 тысяч долараў. Пачобут перамог у галасаванні з вялікім адрывам.

Анджэя Пачобута затрымалі сёлета 25 сакавіка, абвінавацілі ў «Распальванні варожасці групай асобаў» (ч. 3 арт. 130 КК РБ). Яго прызналі палітычным зняволеным, і ён адмаўляўся пісаць прашэнне аб памілаванні і адмаўляўся ад дэпартацыі. У турме Пачобут хварэў на каронавірус.

Артыкулы
Васкрасенскі тройчы пісаў палітвязню Пачобуту, абяцаў дамагацца вызвалення. Пачобут супраць
2021.09.10 15:25

У 2010 годзе Анджэй Пачобут асвятляў падзеі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, за гэта трапіў пад арышт, быў аштрафаваны. 18 сакавіка 2011 года супраць яго завялі крымінальную справу за «абразу прэзідэнта», затрымалі 6 красавіка. Судзілі ў закрытым рэжыме, прызналі вінаватым, асудзілі на 3 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады, 5 ліпеня вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. У тым жа 2011 годзе Пачобута першы раз прызналі ў Польшчы «Журналістам года».

Акрамя журналістыкі Пачобут мае разнастайныя хобі: ён кандыдат у майстры спорту ў шахматах і сузаснавальнік (разам з братам) беларускамоўнага панк-гурта «Deviation».

АА belsat.eu

Стужка навінаў