Затрымалі галоўнага рэдактара «Ежедневника» Сяргея Сацука


Паводле звестак «Белсату», у Беларусі затрымалі журналіста Сяргея Сацука – галоўнага рэдактара выдання «Ежедневник». Сайт выдання не адкрываецца.

Сяргей Сацук. Скрыншот: Белсат

З чым звязанае затрыманне, не вядома. Паведамляюць, што Сяргея Сацука затрымаў Следчы камітэт, у яго правялі ператрус.

На тэлефанаванні на нумар Сяргея Сацука не адказваюць, нумар ягонага брата Аляксандра недасяжны. Аляксандр пацвердзіў «Еўрарадыё», што ў Сяргея прайшоў ператрус і што Сяргея забралі ў Следчы камітэт. Аляксандр падазрае, што затрыманне можа быць звязанае з тым, што «Ежедневник» пачаў «праект пра беларускіх тэрарыстаў».

У 2020 годзе Сацука затрымлівалі паводле падазрэння ў «атрыманні хабару» за публікацыі, спрабавалі сфармаваць абвінавачанне ў «махлярстве». Яго вызвалілі, але пакінулі ў статусе падазраванага.

Дзелавая онлайн-газета «Ежедневник» існуе з 2006 года. А Сяргей Сацук, акрамя таго, што ёсць галоўным рэдактарам выдання, вядомы як адзін з нешматлікіх журналістаў, што працуюць у жанры расследавання.

Адзін з найбольш гучных матэрыялаў Сацука выйшаў у жніўні 2018 года і быў прысвечаны пастаўкам незарэгістраванай у Беларусі карэйскай вакцыны «Эўпэнта», ад якой у Ганцавічах памерла двухмесячнае дзіця. Сацук прыйшоў да высновы, што Міністэрства аховы здароўя не мела права набываць «Эўпэнту». Матэрыял Сацука быў апублікаваны ў разгар затрыманняў у межах «справы медыкаў», паводле якой праходзілі некалі дзясяткі асобаў.

Hавiны
Карупцыянеры, «інсайды», пагрозы. Усё, што вядома пра справу Сяргея Сацука
2020.03.26 17:27

АА belsat.eu

Стужка навінаў