Аўстралія далучылася да дыпламатычнага байкоту Алімпіяды ў Пекіне


Аўстралійскія спартоўцы маюць наведаць Алімпійскія гульні, але дыпламаты не паедуць. Такі байкот ужо абвясцілі ЗША, да іх думаюць далучыцца Вялікая Брытанія і Японія.

Сцяг Кітая.
Фота: Ecow / Wikimedia, CC0

Прэм’ер-міністр Аўстраліі Скот Морысан абвясціў 8 снежня аб дыпламатычным байкоце зімовай Алімпіяды ў Пекіне, што мае прайсці ў лютым 2022 года, піша «Reuters».

Морысан расказаў, што Пекін не адказаў наконт пытанняў Аўстраліі, у тым ліку аб парушэннях правоў чалавека.

Прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Кітаю адказаў, што Аўстралія займаецца «палітычным пазёрствам», а прыедуць яны ці не прыедуць – «нікога не хвалюе».

Злучаныя Штаты раней абвясцілі аб дыпламатычным байкоце пекінскай Алімпіяды праз жахлівыя парушэнні правоў чалавека ў Кітаі – у прыватнасці, супраць народу ўйгураў. Кітай звычайна адмаўляе парушэнні правоў людзей у Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне, а ЗША, Канада, Вялікая Брытанія, Літва і некаторыя іншыя краіны лічаць, што там адбываецца генацыд.

Кітай абяцаў, што ЗША «заплацяць» за гэта, але як – не ўдакладняў. Да ЗША збіраюцца далучыцца ў дыпламатычным байкоце Вялікая Брытанія і Японія.

Кітай – галоўны гандлёвы партнёр Аўстраліі, але стасункі між імі сапсаваліся пасля таго, як у 2018 годзе Аўстралія забараніла кітайскай кампаніі «Huawei» будаваць 5G-сетку, а Пекін адказаў увядзеннем тарыфаў на прадукты харчавання.

АА belsat.eu

Стужка навінаў