Затрыманне за знятую налепку Пагоні і прысуд за відэа расейскай тэхнікі. Рэпрэсіі за 8 лістапада


Больш за два гады ў Беларусі ўлады працягваюць тэрор супраць грамадзянаў краіны. Штодня сілавікі затрымліваюць людзей, а суды выносяць жорсткія прысуды. «Белсат» сабраў вядомыя факты пераследу 8 лістапада.

Па дадзеных праваабарончага цэнтру «Вясна», у кастрычніку было затрымана мінімум 317 чалавек. Вядома пра не менш за 193 судовыя пасяджэнні паводле адміністрацыйных спраў, з якіх было прызначана мінімум 95 адміністрацыйных арыштаў і не менш за 21 штраф.

Фігуранты «справы Ціханоўскага» павінны будуць выплаціць 22 мільёны рублёў кампенсацыі. Па інфармацыі праваабаронцаў, у судовым рашэнні пазначана – «для выплат супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных спраў за дадатковы час на службе падчас паслявыбарчых пратэстаў».

За відэа самалётаў у Жлобіне да двух гадоў калоніі асудзілі Уладзіслава Вайну. Яго прызналі вінаватым у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу. На судзе казаў, што «быў напалоханы і падумаў, што пачалася і тут вайна». Як раней паведляла «Гомельская праўда», за фатаграфіі расейскай тэхнікі толькі ў Гомельскай вобласці асудзілі 12 чалавек за гэты год.

ГУБАЗіК затрымаў мужчыну, на аўтамабілі якога былі сляды ад налепкі з Пагоняй. Як паведамляюць сілавікі, супрацоўнікі ГУБАЗіК заўважылі аўтамабіль, калі вярталіся «з чарговага ператрусу». Верагодна, мужчыну затрымалі за «ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах у жніўні ў Менску».

Крыніца: viasna96/Telegram

Кіроўная рада Міжнароднай арганізацыі працы (ААН) прыняла рашэнне прымяніць 33 параграф у дачыненні да рэжыму ў Беларусі за сістэматычныя парушэнні ў дачыненні да працоўных і прафсаюзаў, ігнараванне рэкамендацыі МАП, паведаміў Франак Вячорка. Да сакавіка МАП павінен выпрацаваць санкцыйныя захады ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Такое рашэнне прымалася толькі аднойчы ў гісторыі ў дачыненні да М’янмы.

У Менску да 10,5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму асудзілі Віталя Цымончыка. Яго прызналі вінаватым па ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і ч. 4 арт. 328 КК («Незаконны абарот наркатычных сродкаў»). Віну Віталь не прызнаў па ўсіх прад’яўленых эпізодах.

У Менску пачалі разгляд крымінальнай справы прадпрымальніка Глеба Гладкоўскага, вядомага ў Беларусі арганізатара кіназдымкаў з паветра квадракоптэрамі. Яго абвінавачваюць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу, у тым ліку і за каментары ў інтэрнэце па «справе Зельцара».

У Горадні, па вяртанні з Польшчы, быў затрыманы мясцовы жыхар Антон Фурса. На «пакаяным відэа» ён кажа, што быў затрыманы за каментары ў тэлеграме.Раней дадзеныя хлопца і скрыншот з ягонымі каментарамі публікавалі ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў, але Антон не надаў гэтаму ўвагу і прыехаў у Беларусь.

Hавiны
Беларускія праваабаронцы звярнуліся ў ААН наконт новага ўказу пра сачэнне за інтэрнэтам
2022.11.08 08:39

У эфіры дзяржаўнага тэлебачання паказалі «пакаянныя» відэа пяцярых беларусаў, якіх нібыта затрымалі праз рэгістрацыю ў чат-боце палка Каліноўскага. Гаворка ідзе аб Аляксандры Бялееўскім, Уладзіславе Дауэтасе, Юрыі Палітыка, Аляксеі Калібабе і Яўгене Уладзіміраве.

За фотаздымак з нацыянальным сцягам, зроблены ў Нямеччыне, у Гомлі затрымалі фаната ФК «Гомель» Аляксея Барсукова. Дадаткова яго абвінавацілі ў падпісках на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы і назвалі лідарам «неанацысцкай каляфутбольнай групоўкі».

У Берасце вынесены прысуд індывідуальнаму прадпрымальніку Сяргею Мацюхевічу. Паводле пракурора, ён «пры дапамозе тэлефона і інтэрнэту падахвочваў грамадзян да ўжывання гвалту ў дачыненні да сілавікоў». Яго абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт 369 КК) і распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч.1 арт. 130 КК). Суд прысудзіў Сяргею пазбаўленне волі тэрмінам на 3 гады ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

У Менскім гарадскім судзе асудзілі палітзняволенага Сяргея Рындзевіча па «справе Зельцара» паводле ч. 1 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады») КК. Яму прызначылі 2 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф памерам 200 базавых велічыняў (6400 рублёў).

У Менску па «народным» артыкуле – ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») – асудзілі Антона Касцючэнку. Яму прызначылі 1,5 года калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. У чым канкрэтна абвінавацілі мужчыну – невядома.

Аб’ектыў
Справа Ягора Лебядка: рэжым узмацняе ціск на незалежныя медыі
2022.11.08 21:26

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў