«Справу Ягора Лебядка» скіравалі ў суд: вінаваты ў даванні інтэрв’ю пра вайну ва Украіне


Генеральная пракуратура не называе імя зняволенага, але ўсе прыкметы кажуць, што 40-гадовы жыхар Смалявіцкага раёну з ініцыялам Л., які даваў інтэрв’ю пра вайну ва Украіне і справу кога перадалі ў суд, – гэта вайсковы эксперт Ягор Лебядок.

Ягор Лебядок.
Фота: belvpo.com

Пракуратура Менскай вобласці скіравала ў Менскі абласны суд «справу Ягора Лебядка» і пагадзілася з кваліфікацыяй учыненага ім паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК РБ («Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці»). Пакараць паводле гэтага артыкулу могуць абмежаваннем волі на тэрмін 2–5 гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін 3–7 гадоў. Зняволенага пастанавілі пакінуць пад вартаю.

Згодна з матэрыяламі справы, Лебядок у сакавіку і траўні 2022 года даў інтэрв’ю «дэструктыўнаму каналу», прадукцыю якога назвалі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Ён расказаў пра вайну ва Украіне (якую пракуратура называе «спецыяльнаю ваеннай аперацыяй») і ролі Беларусі ў ёй.

«Гэтае інтэрв’ю спрыяла распаўсюду ілжывых звестак пра палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае, ваеннае і міжнароднае становішча Рэспублікі Беларусь, прававое становішчы яе грамадзянаў, якія дыскрэдытуюць краіну», – гаворыцца ў паведамленні Генеральнай пракуратуры.

Ягора Лебядка затрымалі 12 ліпеня ў Смалявічах і арыштавалі на 15 содняў паводле арт. 24.3 КаАП за «непадпарадкаванне». Тады ў праўладных тэлеграм-каналах з’явілася«пакаяннае» відэа: затрыманы «прызнаваўся» ў тым, што дае інтэрв’ю каналам, «якія прызнаныя ў нас экстрэмісцкімі, на тэму вайны ва Украіне і на іншыя пытанні». Таксама на відэа ён кажа, што ў жніўні 2020 года наведваў «недазволеныя заканадаўствам масавыя акцыі». Пазней стала вядома, што Лебядка затрымалі паводле крымінальнай справы аб спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці за каментары для «Еўрарадыё» (арт. 361-4 КК). Цяпер мужчына ў СІЗА № 1, яго прызналі палітычным вязнем.

Hавiны
Сілавікі характарызуюць Лебядка як «блогера», але менавіта ягоныя прагнозы былі дакладныя
2022.07.14 16:03

Ягор Лебядок – вайскова-палітычны аглядальнік, неаднойчы каментаваў у медыях вайну ва Украіне і сітуацыю ў Беларусі, вядзе свой тэлеграм-канал. Фізік з адукацыі, скончыў БДУ. У 2005–2007 гадах служыў у 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгадзе Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь на пасадзе камандзіра ўзводу. Потым працаваў у Інстытуце фізікі АН РБ, адкуль быў звольнены ў студзені сёлета. З 2010 да 2014 года быў дэпутатам Смалявіцкага раённага савету дэпутатаў 26-га склікання ад Жодзінскай выбарчай акругі № 1. Лебядок заставаўся ў Беларусі і жыў у Смалявічах каля Менску.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў