Сілавікі характарызуюць Лебядка як «блогера», але менавіта ягоныя прагнозы былі дакладныя


Блізкія да сілавікоў Telegram-каналы апублікавалі відэа з затрыманым вайсковым экспертам Ягорам Лебядком. Сілавікі ў абразлівай манеры характарызуюць вядомага эксперта і навукоўца як «блогер». «Белсат» узгадвае аналітыку Ягора Лебядка, прагнозы якога апынуліся насамрэч даволі дакладнымі.

Ягор Лебядок.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

У Telegram-канале вайсковага аглядальніка Ягора Лебядка апублікавалі допіс, што 13 ліпеня імя эксперта з’явілася ў спісе затрыманых. Некаторы час прычыны і акалічнасці затрымання Ягора Лебядка былі не вядомыя. Пакуль у адным з набліжаных да сілавікоў Telegram-канале не зʼявілася відэа з затрыманым экспертам.

Пост пад відэа напоўнены абразамі і характарызуе эксперта як «блогер».

Ягор Лебядок зʼяўляецца вядомым незалежным вайсковым аглядальнікам. Яго каментары па абароннай тэматыцы актыўна публікуюць незалежныя медыі. Таксама эксперт вядзе тэматычны Telegram-канал, у якім публікуе пасты на вайсковую аналітыку. Колькасць падпісантаў у гэтым канале перакрочвае 10 тысячаў.

Глабальнае пытанне
Беларусаў рыхтуюць да вайны з Украінай
2022.01.18 11:18

Навуковец стаў вядомы як вайсковы аглядальнік

Ягор Лебядок закончыў фізічны факультэт БДУ.

З 2005 па 2007 год служыў у 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгадзе на пасадзе камандзір узвода.

У 2008 годзе эксперт скончыў аспірантуру па спецыяльнасці «Лазерная фізіка». Пасля гэтага працаваў малодшым навуковым працаўніком Інстытуту фізікі НАН Беларусі, а з 2011 году – намеснік загадчыка лабараторыі. У 2010-2012 гадах ён прайшоў перападрыхтоўку на базе вышэйшай адукацыі ў Інстытуце бізнесу і менеджменту тэхналогіяў БДУ па спецыялізацыі «Інвестыцыйны менеджмент».

У 2014 годзе Ягор Лебядок абараніў дысертацыю «Аптымізацыя параметраў лазерных дыёдных лінеек на аснове гетэраструктур InGaAs/AlGaAs для напампоўвання эрбіевых лазераў» на атрыманне навуковай ступені кандыдата фізіка-матэматычных навук.

У перыяд з 2010 да 2014 гадах быў дэпутатам Смалявіцкага раённага Савету дэпутатаў 26-га склікання.

Да 2022 году Лебядок працаваў загадчыкам лабараторыі ў ДНВА «Оптыка, оптаэлектроніка і лазерная тэхніка». Але сёлета яго звольнілі.

Эксперт па вайсковых пытаннях Ягор Лебядок.
Фота: belvpo.com
Аналітыка
Дзе і якія расейскія падраздзяленні заўважаныя ў Беларусі
2022.01.28 00:13

Менавіта эксперт Ягор Лебядок прадказваў, што Расея распачне вайну супраць Украіны, калі гэта яшчэ выглядала неверагодным. Яшчэ ў пачатку бягучага году вайсковы аглядальнік казаў, што Расейская агрэсія супраць Украіны непазбежная праз шэраг унутрырасейскіх палітычных прычынаў. Адзінае, у чым памыліўся эксперт, гэта ў датах нападу. Ён выказваў думку, што вайна верагодная да 2026 году. Але напад адбыўся менавіта ў бягучым годзе.

Пазней Ягор Лебядок удакладніў, што насамрэч да нападу цяпер падштурхнула сітуацыя ў самой Расеі. Паколькі ў Крамлі разумеюць, што для вайны патрэбныя рэсурсы. А з імі як раз усё вельмі і кепска. Таму, пакуль Пуцін бачыў, што мае сілы, то вырашыў напасці менавіта цяпер, а не пазней, калі сілаў на гэта не будзе. Але, на думку эксперта, гэта сведчыць, што насамрэч справы ў расейскай арміі не такія і добрыя.

Таксама Ягор Лебядок казаў, што пакуль складана сцвярджаць, што беларускае войска накіруюць ваяваць ва Украіну. Але ён папярэджваў, што менавіта да гэтага вядзецца падрыхтоўка арміі. Прынамсі цяпер вучэнні на мяжы з Украінай сведчаць пра гэта.

Што насамрэч стала прычынаю для затрымання эксперта – пакуль не вядома, таксама няма інфармацыі пра статус Ягора Лебядка і ці вызваляць яго сілавікі.

Hавiны
Былы амбасадар Украіны ў Беларусі: Крэмль не спыніць эскалацыю, а Лукашэнка не мае кантролю за расейскімі войскамі
2022.02.16 09:48

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў