Нямецкая паліцыя сканфіскавала калекцыю карцінаў на € 5 млн з яхты расейскага алігарха Усманава


Паліцыя Нямеччыны сканфіскавала 30 карцінаў з яхты «Dilbar» расейскага алігарха Алішэра Усманава, расказвае «Süddeutsche Zeitung». Калекцыю ацанілі на 5 мільёнаў еўраў, ёсць і карціны Марка Шагала.

Яхта «Dilbar» у Барсэлоне, Іспанія. 2 красавіка 2017 года.
Фота: Alberto-g-rovi / Wikimedia, CC BY 3.0

Карціны былі «часткай інтэр’еру» яхты, якая з восені 2021 года была на капітальным рамонце ў сухім доку Гамбургу. Калі яхту паставілі на рамонт, карціны захоўваліся на складзе кампаніі-экспедытара. Якія менавіта карціны сканфіскавалі, не ўдакладняюць. Алішэр Усманаў мусіў паведаміць пра мастацкія творы, бо супраць яго былі ўведзеныя санкцыі, але імаверна, што не паведаміў, таму карціны і былі сканфіскаваныя.

Сканфіскаваныя карціны ацанілі на 5 мільёнаў еўраў, але ўласна яхту «Dilbar» даўжынёю 156 метраў ацэньвалі на 600 мільёнаў долараў. Яхта разлічаная на 40 пасажыраў, якіх маюць абслугоўваць больш за 80 чальцоў экіпажу.

Паліцыя Нямеччыны раней ужо чыніла ператрусы ў трох дамах на поўдні Баварыі, якія належаць Усманаву ды ягонай сястры. У Нямеччыне алігарха, блізкага да Уладзіміра Пуціна, падазраюць ва ўхіленні ад сплаты падаткаў на мільёны еўраў і адмыванні грошай праз набыццё нерухомасці, яхты, калекцыі дарагіх аўтаў і нават самалёта «Airbus A340». Усманаў казаў, што санкцыі супраць яго «заснаваныя на сфабрыкаваных і галаслоўных абвінавачаннях, якія кранаюць гонар, годнасць і бізнес-рэпутацыю».

Нямецкае выданне «T-Online» называе калекцыю мастацкім скарбам, а Марка Шагала – адным з самых значных мастакоў XX стагоддзя. Праўда, газета называе яго «францусзка-расейскім» экспрэсіяністам, хоць Шагал мае габрэйскае паходжанне і нарадзіўся ў Лёзне, што ў Віцебскай вобласці Беларусі (на момант ягонага нараджэння гэта была Віцебская губерня Расейскай імперыі).

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў