Запарожская АЭС цалкам абясточаная расейскімі вайскоўцамі


Расейскія войскі цалкам абясточылі Запарожскую атамную электрастанцыю. Сістэмы жыццезабеспячэння АЭС сілкуюцца ад дызель-генератараў. Пра гэта са спасылкай на НАЭК «Энергаатам» перадае «Укрінфарм»

Запарожская АЭС.
Фота: 24 канал

Паводле інфармацыі ўкраінскага «Энергаатаму», з-за абстрэлу расейскімі войскамі пашкоджаны і адключаны лініі сувязі Запарожскай АЭС з энергасістэмай.

«Сёння ноччу ў 00:59 з-за чарговага абстрэлу расейскімі войскамі была пашкоджана і адключылася апошняя лінія сувязі з энергасістэмай 750кВ ЗАЭС – Дняпроўская. У выніку адбылося поўнае абясточванне Запарожскай АЭС. У аўтаматычным рэжыме ўключыліся дызель-генератары», – гаворыцца ў паведамленні «Энергаатаму».

У «Энергаатаме» дадаюць, што наяўных запасаў дызельнага паліва для іх працы ў такім рэжыме хопіць на 10 сутак, таму патрабуецца рамонт і аднаўленне працы ліній сувязі ЗАЭС з энергасістэмай.

У кампаніі таксама адзначаюць, што планы ўключэння энергаблокаў ва ўмовах абстрэлаў і пашкоджанні ўсіх ліній нерэальныя.

Hавiны
Запарожская АЭС цалкам спыніла працу
2022.09.11 10:50

Раней міністр энергетыкі Украіны Герман Галушчанка  заявіў, што экспарт электраэнергіі з Украіны ў Еўропу залежыць ад стабільнай працы Запарожскай атамнай электрастанцыі ва ўкраінскай энергасістэме.

Расейскія войскі захапілі тэрыторыю ЗАЭС у сакавіку. 5 кастрычніка Крэмль абвясціў , што электрастанцыя цяпер нібыта належыць Расіі.

Гендырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі падчас візіту ў Кіеў у чацвер заявіў , што часова захопленая расеяй ЗАЭС у Энергодары застаецца украінскім прадпрыемствам.

Каментар
Першы ў гісторыі сілавы захоп АЭС: што будзе далей?
2022.03.04 15:25

Што такое Запарожская АЭС

Запарожская атамная электрастанцыя размешчана ў стэпавай зоне на беразе Кахоўскага вадасховішча ў Запарожскай вобласці Украіны ў горадзе Энергадар. Гэта самая буйная электрастанцыя ў Еўропе. Уведзена ў эксплуатацыю ў снежні 1984 года.

З аб’яднанай энергасістэмай Украіны ЗАЭС звязана чатырма лініямі электраперадач 750 кВ і адной 330 кВ.

Штогод станцыя генеруе каля 40 млрд квт·г электраэнергіі, што складае пятую частку гадавой вытворчасці электраэнергіі на Украіне і палову яе вытворчасці на ўкраінскіх атамных станцыях.

Hавiны
Уцечка радыяцыі з Запарожскай АЭС можа быць расцэнена як атака на NATO
2022.08.20 16:35

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў