Польшча паказала, як мігранты пераходзяць мяжу і што расказваюць пра беларускіх памежнікаў


Польскія Міністэрства абароны і Войскі тэрытарыяльнай абароны апублікавалі новыя відэа з беларускай мяжы. Хваля нелегальнай міграцыі праз тую мяжу не спадае: толькі за ўчора палякі спынілі 523 спробы незаконнага пераходу мяжы.

Днём раней Польская памежная ахова паказала відэа таго, як на беларускім баку мігрантам паказваюць, дзе пераходзіць мяжу.

Сёння польскія вайскоўцы апублікавалі яшчэ тры цікавыя відэа з мяжы. На першым – ад Войскаў тэрытарыяльнай абароны – група з чатырох дзясяткаў людзей. Дзе менавіта знялі відэа, не ўдакладняюць, але нядаўна відэа падобнага натоўпу здымалі на мяжы з Беларуссю.

Войскі тэрытарыяльнай абароны паказалі і відэа «гнязда» мігрантаў, дзе яны чакаюць кур’ера. На тэрыторыі якой краіны гэта здымалі, таксама не паведамляюць.

Трэцяе відэа – ад Міністэрства абароны. На ім людзі за калючым дротам расказваюць па-ангельску, што беларусы выштурхаюць іх у Польшчу і не дазваляюць вярнуцца. Яны называюць сябе іракцамі, якія мелі візу ў Беларусь і прыляцелі праз Сірыю. Кажуць, нават калі б хацелі вярнуцца на радзіму, іх не выпускаюць з-пад мяжы глыбей у Беларусь.

8 кастрычніка польскія вайскоўцы таксама паведамлялі, што па іх стралялі з беларускага боку, але падобна, што халастымі патронамі. Літоўскія памежнікі толькі чулі стрэлы з беларускага боку.

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі абвяргае заявы пра стрэлы і сцвярджае, што за апошнія содні зброя не выкарыстоўвалася ні на літоўскім, ні на польскім участках мяжы.

ВІДЭА
Як далёка можа зайсці Аляксандр Лукашэнка ў міграцыйным крызісе
2021.10.08 18:01

АА belsat.eu

Стужка навінаў