Інвестыцыяў больш за $ 80 млн. Што з праектам аўстрыйскага «HS Timber Group» у Свіслацкім раёне?


Нягледзячы на санкцыі ЕЗ супраць афіцыйнага Менску, у Свіслацкім раёне аўстрыйская кампанія «HS Timber Group» працягвае рэалізоўваць буйны інвестыцыйны праект. Belsat.eu наведаў будаўнічую пляцоўку і паразмаўляў з мясцовымі жыхарамі.

Свабодныя эканамічныя зоны ў Беларусі – без свабоды

Адным са шляхоў прыцягнуць замежных інвестараў у Беларусь выступаюць свабодныя эканамічныя зоны (СЭЗ). Для іх рэзідэнтаў ствараюцца пэўныя спрыяльныя ўмовы, у першую чаргу гэта падатковыя, адміністрацыйныя і мытныя льготы. У СЭЗ інвестары вызваленыя ад выплаты падаткаў на прыбытак, нерухомасць і зямлю, а таксама маюць мытныя прэферэнцыі.

Цяпер у СЭЗ «Горадняінвест» у Свіслачы рэалізуецца буйны аўстрыйскі інвестыцыйны праект – будоўля дрэваапрацоўчага заводу. Расказваем, што гэта за праект і што пра яго думаюць мясцовыя жыхары.

Кавалак Аўстрыі ў Свіслачы

Кампанія «ЭйчЭс Белакон» (даччынае прадпрыемства «HS Timber Group», Аўстрыя) зарэгістраваная ў якасці рэзідэнта СЭЗ «Горадняінвест» 20 чэрвеня 2019 года ў межах інвестыцыйнага праекту «Будаўніцтва Свіслацкага дрэваапрацоўчага камбінату».

Праект прадугледжвае стварэнне вытворчай пляцоўкі для перапрацоўвання драўніны. У вытворчы комплекс увойдуць высокапрадукцыйны лесапільны завод для круглага хвойнага дрэва, сушыльныя камеры, абсталяванне для далейшага апрацоўвання піламатэрыялаў і цэх вытворчасці пэлетаў.

Будоўля пачалася ў сярэдзіне снежня 2020 года. На яе адкрыццё прыбыў чалец рады дырэктараў «HS Timber Group» Юрген Бэргнэр. БелТА тады перадала ягоныя словы наступным чынам: «Мы рэалізуем вельмі цікавы праект. Ён мае добрае размяшчэнне з гледзішча лагістыкі і працоўнай сілы, перавагі свабоднай эканамічнай зоны».

«Мастоўдрэў», рэзідэнт СЭЗ «Горадняінвест».
Фота: ВМ / Белсат

Запусціць завод плануюць у траўні 2022 года. Плануюць і стварыць больш за 200 працоўных месцаў. Сума інвестыцыяў складае каля $ 84 млн.

Сёлета ў лютым Юрген Бэргнэр казаў, што кампанія шукае людзей, якіх адправяць у Румынію для навучання на дрэваапрацоўчым заводзе. Там рабочыя пазнаёмяцца з абсталяваннем і машынамі, паглядзяць на якасць прадукцыі, а пасля вернуцца ў Свіслач для працягу працы. Сярод неабходных спецыяльнасцяў – слесары, электрыкі, спецыялісты ў электроніцы і дрэваапрацоўванні, кіроўцы пагрузнікаў.

Некалькі гадоў таму, калі пагадненне толькі заключалі, такая супраца з Еўропаю здавалася лагічнаю: Беларусь была адкрытая свету і нават увяла бязвізавы рэжым. Свіслач таксама марыла прымаць замежнікаў.

Але цяпер улады Беларусі праз сваю рэпрэсіўную палітыку фактычна звялі на нішто ўсе ўласныя дасягненні з гледзішча шматвектарнасці, міжнароднага іміджу ды інвестыцыйнага клімату. І што важна – збіраюцца прытрымлівацца абранай стратэгіі далей. 24 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка прыбыў з рабочым візітам у Свіслацкі раён. Ён зрабіў некалькі заяваў, якія паказваюць далейшыя тэндэнцыі ў дачыненнях з бізнесам ды інвестарамі.

Лукашэнка даручыў больш не пашыраць працы свабодных эканамічных зонаў у Беларусі.

«Неабходна пастанавіць закрыць гэтыя свабодныя зоны, я маю на ўвазе, каб мы больш не пашыралі іх», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Падумайце і занясіце прапановы, каб мы спынілі гэтую практыку. У нас не так шмат інвестараў, якім трэба будзе даваць ільготы або дапамагаць з сыравінаю. Мы можам рабіць гэта ў прыватным парадку», – дадаў ён.

Будаўнічая пляцоўка заводу ў Свіслачы.
Фота: Белсат

Такім чынам, цяпер да кожнага інвестара будзе індывідуальны падыход.

Жыхары Свіслачы: санкцыі адабʼюцца на звычайных людзях, а не ўладах

Насельніцтва Свіслацкага раёну складае каля 15 тысячаў чалавек. Каля паловы – людзі пенсійнага веку. Ува ўсім раёне ўсяго 1500 школьнікаў. У цэнтры раёну, горадзе Свіслач, жывуць каля 6 тысяч асобаў. Тут высокі ўзровень беспрацоўя, цяпер шмат якія дзяржаўныя арганізацыі ды ўстановы скарачаюцца і закрываюцца ў выніку недастатковага фінансавання. Шмат хто зʼязджае працаваць у іншыя гарады і краіны. Свіслацкі раён лічыцца самым дэпрэсіўным у Беларусі з гледзішча змяншэння насельніцтва.

Свіслач, Беларусь.
Фота: Белсат

Таму такую вялікую будоўлю і з’яўленне заводу шмат якія мясцовыя жыхары ўспрымаюць з надзеяй.

«Мясцовыя ўлады на кожным свяце з гонарам хваляцца, што прыцягнулі сюды такога інвестара. Малююць прыгожыя карцінкі будучыні. Вядома, хацелася б, каб гэты завод стаў рухавіком эканомікі ў нашым горадзе», – кажа ў размове з «Белсатам» мясцовы жыхар.

Паводле яго, калі толькі з’явілася навіна пра будаўніцтва заводу, шмат у каго ўзнікла надзея на працоўныя месцы. Аднак паўсталі праблемы з кваліфікаванымі кадрамі: іх давядзецца пашукаць. Мясцовых жыхароў звычайна наймаюць для нескладаных дапаможных працаў. Разам з тым нават шараговы рабочы на будаўніцтве лесапільні цяпер зарабляе Br 1700 (каля $ 680), гэта даволі высокі заробак для рэгіёну (у калгасе рабочыя зарабляюць Br 300–350, гэта $ 120–140).

«Была аб’ява, што набіраюць рабочых на пэўную працу, то ў нас тут быў конкурс 25 чалавек на месца. Я падаваўся, але не трапіў», – распавядае нам іншы жыхар Свіслачы.

Ён заўважае, што апошнім часам актыўна высякаюць лясы ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі, у тым ліку ў Свіслацкім раёне, і мясцовы лес наўрад ці зможа забяспечыць завод сыравінаю.

Цяпер на будоўлі заводу працуюць рабочыя з розных гарадоў, гэта арганізацыі, якія перамаглі ў тэндары на выкананне пэўных будаўнічых працаў (напрыклад, з Берасця, Магілёва, Менску, Ваўкавыску). Таксама ёсць высокакваліфікаваныя спецыялісты – інжынеры з Польшчы.

Будаўнічая пляцоўка размяшчаецца за некалькі кіламетраў ад Свіслачы, да яе вядзе грунтавая дарога. Ужо ўзвялі металічны каркас будучага заводу.

Будаўнічая пляцоўка заводу ў Свіслачы.
Фота: Белсат

Цяпер у Свіслачы ходзяць чуткі, што завод не будзе працаваць у выніку санкцыяў Еўразвязу. Мясцовыя жыхары мяркуюць, што санкцыі ў першую чаргу негатыўна адбіваюцца на звычайных людзях, а не на ўладах: чыноўнікі ўсё роўна застануцца пры сваім.

«Ёсць такі жарт. Прыбягае малы да бацькі і кажа: «Тата, гарэлка вельмі падаражэла, ты цяпер будзеш менш піць». А ён у адказ: «Не, сынку, гэта ты цяпер будзеш менш есці», – кажа наш першы суразмоўца.

На ягоную думку, завод мог бы стаць лакаматывам мясцовай эканомікі.

«Людзі маглі б папрацаваць на заводзе, пабачыць, як што робіцца, а пасля адкрыць уласную справу. Нам жа абяцалі, што рабочых заводу будуць адпраўляць на вучобу, набірацца досведу. Ды нават без гэтага – у любым выпадку завод прыцягнуў бы грошы ў раён, даў магчымасць развівацца. Але як яно цяпер будзе, ніхто не ведае», – адзначыў жыхар Свіслачы.

Hавiны
«Калі «Мастоўдрэў» закрыюць – будзе баста!» Што кажуць пра каронавірус у Мастах?
2020.04.15 15:18

СП belsat.eu

Стужка навінаў