«Беларускі Гаюн»: У лагеры ПВК Вагнэра пад Асіповічамі дэмантавалі больш за палову намётаў


У вёсцы Цэль пад Асіповічамі працягваецца «актыўны дэмантаж» намётаў, падрыхтаваных для наймітаў ПВК Вагнэра. У лагеры засталося каля 130 намётаў, паведамляе маніторынгавая група «Беларускі Гаюн».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лагер пад Асіповічамі для наймітаў ПВК Вагнэра. 7 ліпеня 2023 года.
Фота: Maxim Shemetov / Reuters / Forum

«Беларускі Гаюн» нагадвае, што дэмантаж намётаў пачаўся яшчэ напрыканцы ліпеня. Напачатку ў лагеры былі 292 намёты. На 8 верасня было дэмантавана 160 адзінак, гэта значыць 55 % намётаў. З апошніх спадарожнікавых здымкаў 23 жніўня вынікае, што ў той дзень было разабрана 60 намётаў.

«На дадзены момант у лагеры ПВК Вагнэра каля 130 намётаў, то бок 45 % ад першапачатковай іх колькасці», – піша «Беларускі Гаюн».

Назіральнікі нагадваюць, што на самым пачатку, у чэрвені 2023 года, тэлеграм-каналы, блізкія да групы Вагнэра, пісалі, што ў Беларусі будзе 8–10 тысяч наймітаў. І колькасць намётаў была, напэўна, разлічаная на такі кантынгент.

«Беларускі Гаюн» прыходзіць да высновы, што разбіраюць якраз намёты, якія выявіліся лішнімі. Апроч таго, зазначае маніторынгавая ініцыятыва, частка наймітаў цалкам можа быць перакінутая ў казармы ў вёсцы Цэль і іншыя месцы Асіповіцкага раёну.

Паводле падлікаў «Беларускага Гаюна», у сярэдзіне жніўня ў Беларусі маглі быць 4–4,5 тысячы вагнэраўцаў. 25 жніўня, ужо пасля паведамленняў пра смерць Яўгенія Прыгожына, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што былі прыбраныя толькі лішнія намёты, але ўскосна прызнаў, што наймітаў паменела: «Тут застаецца ядро, хтосьці з’ехаў у адпачынак, хтосьці наогул вырашыў жыць убаку».

Аналітыка
Што адбываецца з ПВК Вагнэра ў Беларусі пасля гібелі Прыгожына?
2023.09.06 08:00

Зміцер Міраш  belsat.eu

Стужка навінаў