«Сур'ёзнае парушэнне дыпламатычных правілаў». У Еўразвязе асудзілі затрыманне сваёй прадстаўніцы ў Менску


Вонкавапалітычнае ведамства Еўрапейскага Звязу 8 верасня выказала рашучы дыпламатычны пратэст у сувязі з затрыманнем у Менску часовай паверанай у справах ЕЗ Эвэліны Шульц. Гэта, заявілі ў ведамстве, ужо другі такі інцыдэнт.

Сцяг Еўразвязу.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Незаконнае затрыманне нашага дыпламата зʼяўляецца сурʼёзным парушэннем міжнародных дыпламатычных правілаў», – сказаў прадстаўнік ЕЗ Пэтэр Стана, піша AP News.

Паводле яго, для тлумачэння інцыдэнту выклікалі дыпламатычнага прадстаўніка Беларусі ў Бруселі.

Hавiны
Прадстаўніцтва ЕЗ заклікала ўлады Беларусі спыніць пераслед дыпламатаў з боку прапагандыстаў
2022.09.08 11:11

Тым часам Эвэліна Шульц распавяла падрабязнасці свайго затрымання. Дыпламатка адзначыла, што яе затрымалі на выхадзе з Менскага гарадскога суда 6 верасня каля 15:35. Да таго яна размаўляла ў фае будынку з людзьмі, якія прыйшлі на адкрыты прысуд у «справе анархістаў».

Шульц паказвала сілавікам свой дыпламатычны пашпарт і дыпламатычную картку і давала ім зразумець, што мае дыпламатычную недатыкальнасць.

Незадоўга да таго, як Эвэліну Шульц адпусцілі з РАУСу, у пастарунак прыехаў прадстаўнік МЗС, праз яго супрацоўнік міліцыі папрасіў еўрапейскую дыпламатку «прыняць афіцыйны пратакол і падпісаць яго». Шульц падчас гэтай размовы працягвала нагадваць пра свой дыпламатычны імунітэт і патрабавала запрасіць прадстаўніка дэлегацыі ЕЗ або консулаў Польшчы ці Нямеччыны. Таксама Эвэліну Шульц здымалі на камеру, калі зачытвалі пратакол.

Прадстаўніцтва Еўразвязу ўжо звярнулася да ўладаў Беларусі з просьбай развязаць праблему «наўмыснага і сістэматычнага пераследу менскай дыпламатычнай супольнасці» з боку некаторых «сумна вядомых прадстаўнікоў» дзяржаўных медыяў.

Аб’ектыў
Затрыманне дыпламата ў Беларусі. Якую рэакцыю чакаць ад Еўрапарламенту?
2022.09.07 22:30

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў