Выканаўцу песні «Куды бацька, туды я» абвесцілі ў вышук у Расеі


Віцебскі спявак і спартовы функцыянер абвешчаны ў вышук паводле крымінальнага артыкулу ў Расеі. Раней хадзілі чуткі, што ён нібыта схаваўся ад следства пасля допыту ў справе іншага віцебскага чыноўніка.

Кадр з кліпа на песню «Куды бацька – туды я» Іллі Смунева. Скрыншот: Akim BERN / Youtube

«Народныя навіны Віцебску» вырашылі праверыць чуткі пра мясцовага спартовага функцыянера і спевака Іллю Смунева. Высветлілася, што 44-гадовы грамадзянін Беларусі, які нарадзіўся ў Віцебску і які мае дакладна такое імя, імя па бацьку і прозвішча, сапраўды цяпер у вышуку расейскага Міністэрства ўнутраных справаў.

За што менавіта шукаюць Смунева, невядома.

З 2011 года Смунеў узначальваў Віцебскі цэнтральны спартовы комплекс, потым стаў дырэктарам Віцебскага абласнога цэнтру алімпійскага рэзерву ў зімовых відах спорту. «На гэтай пасадзе ў яго і пачаліся праблемы», – сцвярджае віцебскае выданне.

Выданне піша, што творчая кар’ера Смунева пачыналася з «блатняка». Віцебчукам з творчасці Смунева найбольш вядомая песня «Віцебск», якую калісьці круцілі на мясцовых каналах. Але па-за межамі гораду, бадай, больш вядомая ягоная песня 2015 года «Куды бацька – туды я» пра адзінства, любоў да Айчыны і аграрную вытворчасць. У песні шмат хто пачуў ухваленне палітыкі Аляксандра Лукашэнкі, як і калісьці ў песні «Слушай батьку» гурта «Сябры».

АА belsat.eu

Стужка навінаў