Кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі: Украіна нарэшце гатовая ісці насустрач беларусам


Беларускія дэмакратычныя сілы адчуваюць, што Украіна нарэшце гатовая ісці насустрач і лічыцца з імі, у адрозненні ад мінулага году, калі відавочнай была стрыманасць і нават агрэсія ў наш бок. Пра гэта ў жывым эфіры «Белсат» распавёў новы прызначаны кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве Генадзь Манько.

Цалкам размову глядзіце тут:

«Дзякуючы рэжыму Лукашэнкі, мы сталі суагрэсарамі. Там асаблівыя адносіны. І самы галоўны кірунак маёй дзейнасці на сёння – знайсці агульныя кропкі і выбудаваць разуменне з Украінскай дзяржавай, з яе дзяржаўнымі ўстановамі і структурамі, знайсці кантакт і разуменне».

Кіраўнік Місіі зазначае, што цяпер вельмі важна правільна выбудаваць адносіны паміж беларусамі і ўкраінцамі дзеля таго, каб разам змяніць сітуацыю, у якой апынуліся нашыя народы. І цяпер для гэтага – самы час.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Легендарны бел-чырвона-белы «Жывемабіль» Андрэя Кулакова, які працуе зараз валанцёрам на польска-ўкраінскай мяжы, стаў жоўта-блакітным. Сам гаспадар назваў яго «Украінамабілем». Гэткім чынам ён дэманструе сваю падтрымку ўкраінцам і любоў да Кіева, які стаўся для беларуса другім домам. Варшава, Польшча. 17 сакавіка 2022 года.
Фота: АП / Белсат

«У мінулым годзе мы бачылі дастаткова стрыманыя адносіны з украінскага боку, таму што накладвалі адбітак адносіны і пагрозы з боку Беларусі: уваход узброеных сілаў Беларусі, уключэнне ў канфлікт 1064 кіламетры беларуска-ўкраінскай мяжы. То бок была пагроза, і ўкраінскі бок вельмі ўважліва і асцярожна адносіўся да якіх-небудзь кантактаў з дэмакратычнай часткай Беларусі, хаця на момант 2020 года яны сваю пазіцыю выказалі, яны не прызналі рэжым Лукашэнкі».

Але, паводле эксперта, у гэтым годзе сітуацыя змянілася і цяпер ёсць усе перадумовы для развіцця добрасуседскіх адносінаў:

«Мы атрымліваем сігналы. Гэта вельмі тонкія сігналы, зразумела. Але мы атрымліваем сігналы, што ёсць гатовасць разумець нас, хто мы і што мы хочам, як мы бачым далейшае развіццё, як мы бачым сумесную працу, чым мы можам быць карысныя адзін аднаму».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Нашыўкі з украінскім сцягам, эмблемай палка імя Кастуся Каліноўскага і бел-чырвона-белым сцягам на амуніцыі Андрэя Корсака. Кіеўская вобласць, Украіна. 6 чэрвеня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Таму праз тыдзень кіраўнік Місіі плануе вярнуцца ва Украіну, выявіць асноўныя кірункі працы і выставіць дэдлайны на іхнае выкананне. Не бачыць праблемы Генадзь Манько і ў адбудаванні кантактаў паміж дэмсіламі Беларусі і каліноўцамі.

«Я прамога супрацьстаяння не бачу такога. Я лічу, што трэба ўсё ўскрываць, адкрываць, гаварыць адкрыта – і ад гэтага будзе залежыць далейшае развіццё. Калі мы будзем усё гэта прагаворваць, калі ў нас ёсць агульныя мэты, калі мы разумеем, што вораг у нас адзін, то чаму не? Мы павінныя проста знайсці такі сімбіёз, дзе ёсць палітычны складнік і ваенны. Мы ўсе беларусы – і ў нас адныя мэты».

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў