8 жніўня міністр замежных справаў Габрыелюс Ляндсбергіс сустрэўся з лідаркай беларускіх дэмакратычных сілаў Святланай Ціханоўскай і іншымі прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці і апазіцыі рэжыму. Пра гэта паведамілі ў МЗС Літвы.
Паводле міністра, масавыя пратэсты ў Беларусі, распачатыя два гады таму, сталі яскравым маніфестам імкнення беларускага народу да свабоды, прыкладам таго, як трэба годна, мужна і міралюбіва змагацца за свае свабоды і правы.
«Падчас вайны Расеі супраць Украіны мы таксама не павінны забываць Беларусь – як і два гады таму, так і сёння краіна мае патрэбу ў падтрымцы дэмакратычнага свету. Беларусь, якая імкнецца да свабоды, павінна заставацца на парадку дня як літоўскай, так і міжнароднай палітыкі. Веру, што згуртаваныя намаганні дэмакратычных сілаў Беларусі і ўсіх нас дапамогуць рэалізаваць галоўную мэту – найхутчэйшае правядзенне ў краіне дэмакратычных выбараў», – сказаў міністр Ляндсбергіс.
З удзельнікамі сустрэчы таксама абмяркоўвалася тэма беларускіх палітвязняў, супрацьстаянне ўдзелу беларускага рэжыму ў агрэсіі Расеі супраць Украіны ды намаганням Крамля па знішчэнні незалежнасці Беларусі.
Апроч таго, абмяркоўваліся больш эфектыўныя метады дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасці.
Нагадаем, што 8-9 жніўня ў Вільні праходзіць канферэнцыя «Новая Беларусь». Яе лозунг – «Спыніць спрэчкі і працаваць разам». Канферэнцыю зарганізавалі Офіс Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйная рада, НАУ, BYPOL, каманда Віктара Бабарыкі ды іншыя.
Якуб Хруст belsat.eu