Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі за 8 жніўня


«Белсат» распавядае пра рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, што чыняцца супраць беларускага народу, за 8 жніўня.

Вязні губляюць здароўе

Мікалай Аўтуховіч, якога вярнулі на судовы працэс пасля таго, як выдалілі за «сістэмныя парушэнні», паведаміў пра вынікі аналізаў пасля сухой галадоўкі, якую ён трымаў 23 дні.

«27 ліпеня быў узяты аналіз, які праз чатыры дні паказаў, што арганізм цалкам абязводжаны, раскладаюцца тканкі нырак. Маё здароўе цалкам падарванае».

Аўтуховіч падчас судовага працэсу папрасіў аб аказанні медычнай дапамогі. Супрацоўнікі медыка-санітарнай службы агледзелі палітвязня, назваўшы ягоныя скаргі «бытавой з’явай».

Hавiны
Павел Вінаградаў у турме захварэў на сухоты
2022.08.08 13:07

А ў палітзняволенага блогера і актывіста Паўла Вінаградава пацвердзілі сухоты. 28 ліпеня яго перавялі ў аршанскую Папраўчую калонію № 12, вядомую тым, што там утрымліваюцца і лечацца асуджаныя, хворыя на актыўную форму сухотаў.

Рэпрэсіі супраць журналістаў

Сілавікі затрымалі бацьку журналісткі і актывісткі Аліны Болбас, якая знаходзіцца за мяжой, – Вадзіма Болбаса. На «пакаянным» відэа, што з’явілася ў праўладных тэлеграм-каналах, ён кажа, што ўдзельнічаў у пратэстах-2020 разам з дачкой, а таксама вёў пра гэта дзённік. У апісанні пад відэа сілавікі цынічна паведамляюць, што «дачка збегла за мяжу, а бацька павінен адказаць перад законам».

Hавiны
ГУБАЗіК затрымаў бацьку журналісткі Аліны Болбас
2022.08.08 15:55

У Барысаве ж затрымалі былога галоўнага рэдактара газеты «Борисовские новости» Анатоля Букаса і ягоную жонку. Удзень на стаянцы іх з машыны выцягнулі сілавікі. Пасля гэтага ўдома ў Букасаў прайшоў ператрус. Падчас затрымання ад сілавікоў гучалі абвінавачанні ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Мяркуецца, што заўтра над Анатолем пройдзе суд. Жонку Букаса вызвалілі.

Hавiны
Затрымалі былога галоўнага рэдактара газеты «Борисовские новости»
2022.08.08 20:11

А вось рэдактарка газеты «Новы час» Аксана Колб зʼехала з Беларусі. Раней яе асудзілі на 2,5 гады «хіміі» за ўдзел у адным жнівеньскім Маршы ў 2020 годзе.

«Цяпер у мяне няма дому. Але ёсць адна вялікая мара – сядзець у першым шэрагу пад час вялікага трыбунала, дзе будуць судзіць усіх тых, хто пазбавіў нас радзімы, а кагосьці і свабоды», – напісала журналістка.

Hавiны
Галоўная рэдактарка выдання «Новы час» Аксана Колб пакінула Беларусь
2022.08.08 11:24

Ціск на палітвязняў

На палітвязня Віктара Пархімчыка, якога перавялі з «хіміі» ў калонію, цісне адміністрацыя ўстановы. Па прыбыцці ў калонію адразу пасля каранціну палітвязня яго змясцілі ў ШІЗА. Акрамя гэтага яго пазбавілі перадач, пасылак і спатканняў.

А палітвязня Яўгена Харашкевіча змясцілі ў ШІЗА за ліст ад жонкі. Як стала вядома, прычынай стаў ліст з віншаваннямі ад неабыякавых людзей перад днём народзінаў Яўгена, які жонка дасылала мужу. Цэнзар разглядзеў у гэтым «палітычны падтэкст», таму ліст быў знішчаны, а палітвязня адправілі ў ШІЗА.

Hавiны
Палітвязня Яўгена Харашкевіча змясцілі ў ШІЗА за ліст ад жонкі
2022.08.08 12:14

Палітзняволенаму юнаку Мікіту Залатарову, хвораму на эпілепсію, змянілі яму рэжым і перавялі з магілёўскай папраўчай калоніі № 15 у жодзінскую турму № 8. Хлопец будзе адбываць пакаранне ў турме строгага рэжыму.

Абноўлена
Мікіту Залатарова, хворага на эпілепсію, перавялі на турэмны рэжым
2022.08.08 14:02

Новыя затрыманні, суды і абмежаванні

Стала вядома, што 5 жніўня ў Лідзе затрымалі супрацоўніка «Лідахлебапрадукту» Ігара Хартановіча. На «пакаянным відэа» мужчына кажа, што «ў 20-ым годзе паддаўся ўплыву дэструктыўных тэлеграм-каналаў, у сувязі з чым удзельнічаў у несанкцыянаваных мітынгах, распаўсюджваў дэструктыўныя матэрыялы ў сетцы інтэрнэт».

Яшчэ адзін мужчына атрымаў штраф у 960 рублёў за «абразу» супрацоўнікаў пракуратуры Магілёва і вобласці. Як стала вядома, ён у сваіх пісьмовых скаргах у Генеральную пракуратуру ў «непрыстойнай форме выказаў адмоўныя ацэнкі асобаў супрацоўнікаў гэтых пракуратураў».

Пракуратура Менску абмежавала доступ да інтэрнэт-сайтаў belprauda.соm і sport-podpis.сlub. На першым публікаваліся навіны Беларусі, а на другім  – спіс спартоўцаў, якія падпісалі праўладны ліст.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў