«Беларусь адкінутая на 20 гадоў назад». Як мы змяніліся за паслявыбарчы год і чаго чакаць далей?


Прайшоў год з дня апошніх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, год пратэстаў, што выбухнулі пасля іх. Шматтысячныя мірныя мітынгі, рэкі бел-чырвона-белых сцягоў на вуліцах, узнёслы настрой і надзея змяніліся беспрэцэдэнтнымі ў сваёй жорсткасці рэпрэсіямі супраць нязгодных і масавай эміграцыяй беларусаў. Чаму не атрымалася перамагчы? Якія памылкі былі зробленыя? Што рабіць і чаго чакаць далей? Разважаем разам з экспертамі.

Здымак мае ілюстрацыны характар. У Менску прайшоў ужо традыцыйны жаночы марш. Жанчыны выходзяць з кветкамі і плакатамі на вуліцы сталіцы кожную суботу. Менск, Беларусь. 19 верасня 2020 года.
Фота: Белсат

З філосафам, метадолагам Уладзімірам Мацкевічам мы паспелі паразмаўляць да ягонага затрымання. Спадара Мацкевіча забралі 4 жніўня, ён застаецца ў ізалятары на зав. Акрэсціна ў Менску.

«Быў шанец цягам двух-трох тыдняў у жніўні. Мы яго згубілі»

– Тое, што мы назіраем цягам года, я прадбачыў яшчэ да выбараў. І мае прагнозы спраўдзіліся – і пра масавы пратэст, які прывядзе да палітычнага крызісу, і што парадак дзеянняў, які абралі лідары так званай новай апазіцыі, не вядзе да перамогі.

Каб сцэнар быў больш паспяховым, трэба было адразу 10 жніўня стварыць перамоўную групу, атрымаць падтрымку ў пратэстоўцаў і змусіць рэжым да перамоваў. Перамоўная група магла б каардынаваць пратэсныя масы і сцішыць іх, калі ўлады пайшлі б насустрач, ці, наадварот, узмацніць, і такім чынам дамагчыся дыялогу. Але непадрыхтаваны штаб, які не меў ніякай стратэгіі і планаў наконт вулічных пратэстаў, замест перамоўнай групы зрабіў невыразную Каардынацыйную раду.

Уладзімір Мацкевіч.
Фота: ТК / Белсат

Мы прапусцілі гэты кароценькі перыяд – два-тры тыдні ў жніўні. А далей параза нашай рэвалюцыі была прадвырашаная. Яна зацягнулася амаль да снежня, але вынікі былі закладзеныя ад пачатку.

З вялікімі высілкамі да канца 2020 года яшчэ можна было выправіць сітуацыю. Пачынаючы са снежня, а асабліва ў студзені гэта было ўжо вельмі цяжка, калі не немагчыма. Рэжым узмацніўся і пайшоў у наступ за час ад патаемнай інаўгурацыі, якую мы нават не паспрабавалі сарваць, да так званага Усебеларускага сходу. А сёння ўжо ідзе татальная зачыстка грамадскага поля і апазіцыйнай палітыкі.

«Мы зразумелі, што мы можам, і гэта захоўваецца ў памяці»

«На пратэсты можна было б мабілізаваць больш людзей, калі б была прапанаваная зразумелая людзям мэта: навошта выходзіць? Не проста дэманстраваць сябе, а нечага дамагацца, напрыклад, вызвалення палітвязняў, – кажа спадар Мацкевіч. – Але такой мэты не было. Мы проста гулялі па вуліцах. Ціханоўская пачала казаць пра перамовы ў лютым-сакавіку, але было ўжо позна, цягнік сышоў. Рэжым ужо ўмацаваўся настолькі, што ніякія перамовы не былі яму патрэбныя, каб справіцца з сітуацыяй».

Баланс пазітыўных і негатыўных вынікаў гэтага года будзем падводзіць пазней. Цяпер яшчэ не ўсё зразумела, не ўсе фактары мы можам улічыць. Што ясна дакладна – нашае грамадства і беларуская гаспадарка адкінутыя гадоў на 20 назад, недзе на пачатак 2000-х гадоў. У палітыцы мы маем горшую сітуацыю, чым на пачатку 2020 года. Гэта палітычны і грамадскі стан 2015–16 гадоў – з высокай пасіўнасцю, немагчымасцю актыўнасці. І са скасаванымі арганізацыямі, якія маглі б пачаць працу па мабілізацыі.

Здымак мае ілюстрацыны характар. У сталіцы адбываецца Марш пенсіянераў, лекараў і студэнтаў. Менск, Беларусь. 26 кастрычніка 2020 года.
Фота: АК / Белсат

Што пазітыўнага можна зазначыць? Грамадства ў 2020 годзе адчула сваю моц, і гэта захоўваецца ў памяці. Мы памятаем, што можам. Не значыць, што можам сёння. Але як толькі пэўныя абставіны дазволяць, мы зноў гэта зможам. Хацелася б, каб да гэтага моманту і народ, і палітыкі падышлі больш разумнымі. Пакуль я гэтага не бачу.

«Рэжым вядзе супраць нас інфармацыйную вайну, а мы супраць яго – не»

«Калі мне задаюць пытанне, што далей рабіць, я ў адказ пытаюся: а хто будзе рабіць? Цяпер трэба распрацоўваць стратэгію, дзеянні, каб адразу, як толькі складуцца пэўныя чыннікі, скарыстацца гэтымі напрацоўкамі. Гэтага не робіцца», – упэўнены філосаф.

А што ёсць? Інфармаванне, дыпламатычная праца з сусветнымі лідарамі. Апазіцыя новага пакалення ўзяла самае горшае ад «старой» апазіцыі, якая магла заклікаць, чакаць, калі грамадства адгукнецца на заклікі, і ўзначальваць працэсы. І раз за разам хадзіць на выбары і рабіць тое, што прыпісвае рэжым.

Медыі не перайшлі на бок рэвалюцыі. Яны працягваюць працаваць паводле стандартаў СМІ ў дэмакратычных краінах, а мы жывем ва ўмовах тэрору. Рэжым вядзе інфармацыйную вайну супраць нас, а мы – не. Мы нават не абараняемся. Мы інфармуем. І шмат-шмат разважаем.

Здымак мае ілюстрацыны характар. Чалавек закрывае аб’ектыў камеры тэлеканалy ОНТ перад працэсам над журналісткамі «Белсату» Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай у судзе Фрунзенскага раёну. Менск, Беларусь. 9 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Самае станоўчае цяпер – праца кіберпартызанаў. На сённяшні дзень гэта заслугоўвае самай высокай ацэнкі.

«Рэферэндум, прапанаваны ўладай, – злачынства»

«Пратэсты выбухнуць зноў. Рана ці позна ціск пяройдзе пэўную рысу, і будзе выбух. Цяжка сказаць, што менавіта стане трыгерам для гэтага. Наперадзе рэферэндум, абвешчаны ўладамі, да якога трэба рыхтавацца: трэніравацца, адпрацоўваць тыя ці іншыя дзеянні. Але мы ўсе павінны дамовіцца і зразумець, што гэты рэферэндум – злачынства. Калі гэта злачынства, то што рабіць? Не дапусціць яго. А калі мы плануем у ім удзельнічаць, галасаваць, то як гэта назваць?

Там не будзе месца для пратэснага галасавання. Там пытанні будуць пабудаваныя такім чынам, што калі вы прыйдзеце, вы будзе вымушаныя галасаваць за рэжым. Наша галоўная задача цяпер – зрабіць так, каб рэферэндум не адбыўся. Гэтага можна дамагчыся толькі праз інфармацыйную кампанію – тлумачыць, што рыхтуецца злачынства. Рэжым не пойдзе на рэферэндум, калі ўсё грамадства будзе супраць. Але калі мы дапусцім, каб ён адбыўся, як мы дапусцілі патаемную інаўгурацыю, яны прымуць новую Канстытуцыю, па якой Расея зможа паглынуць нас.

Здымак мае ілюстрацыны характар. У сталіцы і іншых гарадах Беларусі прайшоў марш пратэсту пад назваю «Народная інаўгурацыя». Акцыя мае стаць адказам грамадства на неабвешчаную інаўгурацыю Аляксандра Лукашэнкі, якая адбылася 23 верасня. Менск, Беларусь. 27 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Варта задумацца: тое, што мы робім, прасоўвае нас да перамогі ці гэта ўсё – мітусня. Калі чакаць, што гэта ўсё нейкім чынам зменіцца само, то яно можа цягнуцца вечна. Лукашэнка памрэ, а структуры, створаныя ім, працягнуць ціснуць на грамадства. А ў нашай апазіцыі пакуль што ўся стратэгія ў тым, каб чакаць, пакуль рэжым абрынецца сам ці заходнія санкцыі яго абрынуць.

«Унутраны беларускі крызіс становіцца пагрозай рэгіянальнай бяспекі»

«Палітычны крызіс, які пачаўся ў мінулым годзе, не вырашаны, – мяркуе палітолаг, журналіст Валер Карбалевіч. – Улады спрабуюць яго вырашыць толькі адным спосабам – жорсткім гвалтам. Але такім чынам крызіс даверу, легітымнасці не вырашаецца, і рэжым гэта разумее – што ўтрымаць уладу ранейшымі метадамі не атрымаецца. Таму каб утрымацца, трэба павялічваць маштаб рэпрэсіяў, зрабіць рэжым вельмі жорстка рэпрэсіўным, мілітарысцкім. Але гэта не вядзе да вырашэння палітычнага крызісу. Больш за тое, гэты ўнутраны беларускі палітычны крызіс пачынае вылівацца за межы Беларусі і становіцца ўжо пагрозай рэгіянальнай бяспекі. І пакуль на гарызонце не бачна варыянтаў вырашэння гэтага пытання.

Пакуль прагнозы рабіць цяжка. Калі з’явіцца хоць нейкая яснасць з рэферэндумам аб Канстытуцыі, тады можна будзе больш дакладна фармуляваць нейкія варыянты пераменаў. А пакуль што мы бачым, што крызіс паглыбляецца, асабліва ў адносінах з суседзямі.

Журналіст і палітолаг Валеры Карбалевіч.
Фота: liberalclubbelarus / Facebook

Сам рэферэндум, як і новая Канстытуцыя, мала што значаць. Важна, што будзе пасля рэферэндуму. Калі пасля будуць датэрміновыя прэзідэнцкія выбары, і ў іх не будзе ўдзельнічаць Лукашэнка, і ён не прыдумае для сябе нейкую новую пасаду кшталту кіраўніка Усебеларускага народнага сходу з вельмі вялікімі паўнамоцтвамі, тады магчымы нейкі варыянт эвалюцыі гэтага рэжыму ў бок лібералізацыі, што ў дзейных умовах – пэўнае выйсце з тупіку.

«Апаненты рэжыму не змогуць цяпер навязаць уладам свой парадак дня»

«Што рабіць апанентам рэжыму падчас рэферэндуму? Толькі цяпер распачалася дыскусія. Чаму яна раней не пачыналася, вельмі дзіўна. Добрых варыянтаў для апанентаў няма. Усе дрэнныя, і трэба з іх выбіраць найменшае зло. Але пакуль няма дакладнай інфармацыі пра рэферэндум і далейшыя планы Лукашэнкі, цяжка рабіць высновы і прагнозы.

Я не бачу для апанентаў рэжыму ў сённяшніх умовах магчымасцяў навязаць свой парадак дня. Адзінае, што ім застаецца, – паспрабаваць выкарыстаць сцэнары, кампаніі, якія прапануюць улады, на сваю карысць. Мінулагодняя прэзідэнцкая кампанія паказала, што гэта рэальна і можа даць добры вынік, калі апаненты рэжыму ўпісаліся ў прэзідэнцкую кампанію, прапанавалі свой парадак дня, і ў выніку гэта вылілася ў пратэсты. Гэты сцэнар варта выкарыстоўваць і падчас іншых кампаніяў, якія будзе спрабаваць зладзіць гэтая ўлада.

Фота мае ілюстрацыны характар. Здымак з праекту «Нябачная траўма».
Фота: ЛП / Белсат

Я не бачу ў блізкай будучыні магчымасці выбуху новых пратэстаў. На гэта ўплываюць і жорсткія рэпрэсіі, і масавая палітычная эміграцыя. Адсутнасць практычных вынікаў пратэсту, знікненне тых чыннікаў, якія былі летась. Усё ж такі пратэст – гэта збег пэўных чыннікаў, і пакуль я не бачу перадумоваў для гэтага.

ГГ belsat.eu

Стужка навінаў