«Адна ў РАУС, другая ў музей». «БЧБ-нявеста» перадала сваю сукенку Паўлу Латушку


Іна Зайцава, вядомая як «БЧБ-нявеста», перадала Музею вольнай Беларусі вясельную сукенку, у якой яна хадзіла на акцыі пратэсту ў 2020-м.

Сукенка БЧБ-нявесты
Кіраўнік НАУ Павел Латушка і «БЧБ-нявеста» Іна Зайцава пасля перадачы вясельнай сукенкі у Музей вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 7 ліпеня 2022 года. Фото: Ян Лісіцкі / Белсат

Падчас перадачы сукенкі Народнаму антыкрызіснаму ўпраўленню, чальцы якога працуюць над стварэннем пастаяннай экспазіцыі музею, Іна Зайцава распавяла, што гэта яе другая БЧБ-сукенка: першую канфіскавалі падчас акцыі падтрымання працаўнікоў «Горадні Азот» у кастрычніку 2020-га. Тады Іну затрымалі на маршы ў Горадні і аштрафавалі на 25 базавых велічыняў.

«Гэтая сукенка стала заменай, але я заўсёды казала, што справа не ў сукенцы (яна можа быць увогуле любой), а ў голасе, які гучыць, – кажа Іна Зайцава. – Першая сукенка засталася ў РАУС. Спадзяюся, там былі нейкія патрыёты, якія захавалі яе, каб яна пазней змагла трапіць у Нацыянальны музей, а гэтая – застацца ў Варшаве».

Сукенка БЧБ-нявесты
Кіраўнік НАУ Павел Латушка пасля перадачы вясельнай сукенкі у Музей вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 7 ліпеня 2022 года. Фото: Ян Лісіцкі / Белсат

Кіраўнік НАУ Павел Латушка адказаў, што пасля пераменаў Музей вольнай Беларусі пераедзе ў Беларусь, ды дадаў, што нягледзячы на спробы знішчыць бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня беларусы заўсёды захоўвалі свае сімвалы – ды распавёў пра артэфакты з уласнай калекцыі.

«Калі я быў паслом Беларусі ў Польшчы, да мяне звярнуўся былы мэр Менску і намеснік міністра замежных справаў Аляксандр Герасіменка: «У вас, магчыма, захавалася, шыльдачка з Пагоняй з будынку амбасады. Ці не маглі б вы перадаць яе мне?» І мы нефармальна яе перадалі. Не ведаю, дзе яна цяпер, але прасіў ён яе, напэўна, не для знішчэння. Калі я завяршаў сваю місію пасла ў Французскай Рэспубліцы, то знайшоў у будынку амбасады такую ж шыльдачку з Пагоняй – і забраў яе сабе. Дзе яна цяпер – не скажу. Таксама я маю дыпламатычны пашпарт віцэ-консула Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку з Пагоняй», – сказаў ён.

Сукенка БЧБ-нявесты
Наталля Задзяркоўская з вясельнай сукенкай «БЧБ-нявесты» Іны Зайцавай пасля перадачы яе ў Музей вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 7 ліпеня 2022 года. Фото: Ян Лісіцкі / Белсат

Падчас сустрэчы Іна Зайцава распавяла, што на сямейнай нарадзе пасля першых мірных паслявыбарчых акцыяў пратэсту яны з мужам абмеркавалі магчымыя наступствы хаджэння на маршы ў БЧБ-сукенцы.

«Калі мы збіраліся на першы марш, я прапанавала ўзяць сваю вясельную сукенку і пафарбаваць яе. Мой муж пасадзіў мяне і кажа: «Давай паразмаўляем пра наступствы. Нас могуць пасадзіць. Калі пратэст згарыць, нам, магчыма, давядзецца з’ехаць. Нават не важна, ці будзеш ты хадзіць у сукенцы – яна проста павялічвае рызыкі. Ты гатовая?» Мы ўзважылі ўсё і палезлі па сукенку», – прыгадвае жанчына.

«Вы для нас былі прыкладам. Калі мы вас бачылі, гэта так натхняла, – адказаў Іне Павел Латушка. – Вы ўвайшлі ў гісторыю».

«Колькі такіх людзей, як мы, былі ў гэтай гісторыі? Гісторыю пішуць пераможцы. Каб гэтую гісторыю стварыць, нам трэба спачатку заняць пераможную пазіцыю. Мне б будучыню сваім дзецям зрабіць», – адказала Іна.

Сукенка БЧБ-нявесты
Кіраўнік НАУ Павел Латушка і «БЧБ-нявеста» Іна Зайцава пасля перадачы вясельнай сукенкі у Музей вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 7 ліпеня 2022 года. Фото: Ян Лісіцкі / Белсат

Займацца будучыняй яна плануе на Захадзе. 6 ліпеня Іна з мужам былі вымушаныя выехаць з Украіны.

«Нам давялося пакінуць дом у Беларусі і дом ва Украіне. Не хочам больш раскідвацца дамамі: я спакойна магу ўявіць, як па Польшчы ўдараць ядравай бомбай. Хочам быць падалей адсюль», кажа яна.

Хто такая Іна Зайцава

Іна Зайцава – блогерка, аўтарка старонкі «Деревяшки-палки» ў Інстаграме, дзе распавядае, як уласнаруч зрабіць рамонт удома ды стварыць простыя рэчы з дрэва без лішніх выдаткаў і дарагіх інструментаў.

Праз рэпрэсіі сям’я Зайцавай у снежні 2020-га з’ехала з Беларусі ва Украіну. Летам 2021 года яна атрымала часовы дазвол на жыхарства ва Украіне як пазаштатная журналістка «Белсату» ды набыла дом пад Кіевам. Пасля пачатку вайны жанчына свядома і прынцыпова засталася ва Украіне, але ў яе скончыўся тэрмін часовага віду на жыхарства. Падацца на новы яна не змагла, бо ў беларусаў не прымалі дакументаў у першыя месяцы вайны. А пасля ў міграцыйнай службе ёй паведамілі, што тэрмін легальнага перабывання ва Украіне перавышаны і ёй трэба выехаць. Пры перасячэнні мяжы памежнікі паведамілі жанчыне, што яна не зможа вярнуцца ва Украіну.

Музей вольнай Беларусі налічвае дзясяткі экспанатаў

Наталля Задзяркоўская, адказная ў НАУ за сацыяльна-культурніцкія пытанні і нацыянальную спадчыну, распавядае, што ідэю Музею вольнай Беларусі больш за год таму НАУ падказалі беларускія гісторыкі. Размесціцца музей на 367 кв. м у гістарычным будынку на вуліцы Фоксаль, 11 у цэнтры Варшавы. Пакуль ідзе збор калекцыі, памяшканне будзе функцыянаваць як мастацкая галерэя. Будучая экспазіцыя налічвае ўжо тры дзясяткі экспанатаў – між іншага, сцяг з імёнамі палітзняволеных, ліст Вітольда Ашурка з-за кратаў і гумовую кулю. Адным з найбольш пажаданых экспанатаў апроч БЧБ-сукенкі Задзяркоўская называе паліто Ніны Багінскай.

Ян Лісіцкі / Белсат

Стужка навінаў