Экс-прэмʼер Японіі Сіндзо Абэ памёр ад атрыманых ранаў


Замах на палітыка быў здзейснены ў горадзе Нара. Нейкі чалавек двойчы стрэліў у спіну Сіндзо Абэ, калі той выступаў з прамовай.

Абэ атрымаў сур’ёзныя раненні. Медыі паведамлялі, што экс-прэм’ера даставілі ў шпіталь з дыягназам «спыненне працы сардэчна-лёгачнай сістэмы» – такім тэрмінам японцы абазначаюць клінічную смерць.

Паводле Reuters, палітык у шпіталі памёр.

41-гадовы стралок быў затрыманы. Паводле мясцовых медыяў, ён выкарыстаў пры нападзе «самаробную» агнястрэльную зброю. У сярэдзіне 2000-х падазраваны працаваў у Марскіх сілах самаабароны Японіі, піша «Медуза».

У паліцыі заявілі, што падазраваны прызнаўся ў намеры забіць Абэ і растлумачыў гэта сваім негатыўным стаўленнем да палітыка, перадае NHK.

Сіндзо Абэ займаў пасаду прэмʼер-міністра Японіі ў 2006–2007 і 2012–2020 гадах адпаведна (ён заставаўся на гэтай пасадзе даўжэй за ўсіх у гісторыі краіны). У 2020 годзе палітык сышоў у адстаўку, але заставаўся ўплывовай фігурай у кіроўнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі Японіі.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў