Налёт на медыі па ўсёй краіне. Што адбываецца ў Беларусі 8 ліпеня


Бусы сілавікоў каля офісу «Нашай Нівы» 8 ліпеня 2021 г.
Фота: radiosvaboda / Telegram

З самай раніцы 8 ліпеня з розных гарадоў Беларусі прыходзяць паведамленні пра пераслед незалежных медыяў.

А 6:30 сілавікі прыйшлі з ператрусам да аршанскага журналіста Ігара Казмерчака. Яго затрымалі.

Артыкулы
У розных гарадах Беларусі з раніцы – масавыя ператрусы
2021.07.08 10:17

Праз некалькі гадзінаў з’явілася паведамленне пра налёт на «Нашу Ніву». Ператрус прайшоў у офісе выдання, у кватэрах працаўнікоў – як журналістаў, гэтак і бухгалтаркі. Магчыма, некаторых журналістаў затрымалі.

Сайт выдання сёння заблакавалі пастановаю Міністэрства інфармацыі.

Абнаўляецца
Мінінфарм заблакаваў сайт «Нашай Нівы». У выданне і да супрацоўнікаў прыйшлі сілавікі
2021.07.08 11:39

На Берасцейшчыне сілавікі прыйшлі ў рэдакцыі «Брестской газеты» і баранавіцкага «Intex-press».

Таксама заблакавалі сайт Zerkalo.io, які каманда TUT.by сёння анансавала ў якасці замены разгромленаму ў траўні парталу. Перастала працаваць і люстэркавая старонка «Еўрарадыё».

Сілавікі ў Віцебску зладзілі ператрус у кватэры фрылансера Змітра Казакевіча. Ператрус праводзілі на падставе крымінальнай справы за паклёп. Верагодна, што паклёп датычыцца працаўніка міліцыі з Лепеля па прозвішчы Міхно.

Па выніках ператрусу, што цягнуўся амаль тры гадзіны, забралі ноўтбукі жонкі і дачкі Казакевіча, два старыя сістэмныя блокі, два фотаапараты і маленькі БЧБ-сцяжок.

Таксама ў Віцебску затрымалі Віталя Скрыля. Вядома, што ён падазраваны паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»).

Схапілі і журналіста Змітра Лупача. Ён быў у санаторыі «Пліса». Перад гэтым сілавікі прыязджалі да яго дадому. Месцазнаходжанне Лупача пакуль невядомае.

Зміцер Лупач, журналіст «Белсату».
Фота: Белсат

У Берасці суд прысудзіў штраф у памеры 20 базавых велічыняў (580 рублёў) за нібыта распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» рэдактару парталу «Першы Рэгіён» Алегу Супрунюку.

Яго абвінавацілі ў тым, што ён пад публікацыяй пра Уладзіміра Гундара паставіў яго фота, на якой вязень быў у вышыванцы. «Эксперты пабачылі » на нацыянальным арнаменце свастыку.

Hавiны
Суд у Ганцавічах прызнаў экстрэмісцкай публікацыю на сайце «Першага рэгіёну»
2021.07.05 13:51

У Бабруйску сілавікі зладзілі ператрус у журналісткі Алесі Лацінскай. Пасля ператрусу яе павезлі на размову ў КДБ.

Hавiны
У Беларусі затрымліваюць журналістаў
2021.07.08 19:10

Сілавікі затрымалі на 72 гадзіны галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча. Журналіста даставілі ў ІЧУ на Акрэсціна.

Вядома, што Марціновіч з’яўляецца падазраваным паводле ч.1 арт. 342 КК («Арганізацыя ці рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх»).

Таксама на 72 гадзіны затрымалі рэдактара «Нашай Нівы» Андрэя Скурко, яго даставяць у ІЧУ на Акрэсціна.

Затрымалі і галоўнага рэдактара часопіса «Наша гісторыя» і дзіцячых «Дуду» і «Асцярожна: дзеці!» Андрэя Дынько. «Наша Ніва» паведамляе, што ён праходзіць падазраваным паводле ч.1 арт. 342 КК («Арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх»). Андрэя Дынько затрымалі на на 72 гадзіны.

Абноўлена
Былая каманда TUT.ВY запускае новае медыя – Zerkalo.io
2021.07.08 12:56

МГ belsat.eu

Стужка навінаў