Мінінфарм заблакаваў сайт «Нашай Нівы». У выданне і да супрацоўнікаў прыйшлі сілавікі


Галоўны рэдактар «Нашай нівы» Ягор Марціновіч пасля ператрусу ў кватэры.
Фота: «Белсат»

Тэлеграм-канал Антона Матолькі, які ў Беларусі прызнаны экстрэмісцкім, паведамляе, што супрацоўнікі ГУБАЗіК прыйшлі ў будынак «Ветразь» у Менску.

У будынку знаходзіцца рэдакцыя «Нашай Нівы». Сайт выдання цяпер не адкрываецца.

Паводле непацверджанай інфармацыі, бачылі галоўрэда Ягора Марціновіча, якога вялі людзі ў масках.

«Мы не можам звязацца з некаторымі супрацоўнікамі рэдакцыі, у тым ліку галоўным рэдактарам Ягорам Марціновічам. Мы дапускаем, што ў гэты момант ён можа быць затрыманы, паколькі чытачы паведамляюць, што ў будынку, дзе ён знаходзіўся, бачылі супрацоўнікаў ГУБАЗіКа», – піша тэлеграм-канал «Нашай Нівы».

TUT.by паведамляе, што ў некаторых супрацоўнікаў «Нашай Нівы» ўдома праходзяць ператрусы. У прыватнасці, ператрус адбываецца ў рэдактара НН Андрэя Скурко. Няма сувязі з шэф-рэдактарам выдання Андрэем Дынько, рэпарцёркай Наталляй Лубнеўскай, фатографкай Шурай Піліповіч-Сушчыц.

Сілавікі вынялі дакументы з бухгалтэрыі «Нашай нівы». Ператрус там скончаны. Аднак ён пройдзе дома ў галоўнага бухгалтара выдання Вольгі Раковіч.

У Мінінфармацыі заявілі, што «на падставе апавяшчэння Генеральнай пракуратуры ў сувязі з размяшчэннем інфармацыі, распаўсюджванне якой забароненае пунктам 1 артыкула 38 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі», Міністэрствам інфармацыі прынята рашэнне аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсу nn.by».

Хто яшчэ?

Таксама перастаў адкрывацца сайт dev.by. У Беларусі заблакаваны сайт-люстэрка «Еўрарадыё» euroradio.pl.

Апроч таго, сілавікі прыйшлі ў рэдакцыю незалежнай «Брестской газеты» і баранавіцкага недзяржаўнага выдання «Intex-Press».

Артыкулы
У розных гарадах Беларусі з раніцы – масавыя ператрусы
2021.07.08 10:17

МГ belsat.eu

Стужка навінаў