334-ы дні працягваецца палітычны крызіс у Беларусі. У адказ на пратэсты грамадзянаў, улады вядуць жорсткія рэпрэсіі. Як прайшоў гэты дзень у аглядзе «Белсату».
А 6:30 сілавікі прыйшлі з ператрусам да аршанскага журналіста Ігара Казмерчака. Яго затрымалі.
Праз некалькі гадзінаў з’явілася паведамленне пра налёт на «Нашу Ніву». Ператрус прайшоў у офісе выдання, у кватэрах працаўнікоў – як журналістаў, гэтак і бухгалтаркі. Магчыма, некаторых журналістаў затрымалі.
Сайт выдання сёння заблакавалі пастановаю Міністэрства інфармацыі.
Сілавікі затрымалі на 72 гадзіны галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча. Журналіста даставілі ў ІЧУ на Акрэсціна.
Вядома, што Марціновіч з’яўляецца падазраваным паводле ч.1 арт. 342 КК («Арганізацыя ці рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх»).
Таксама на 72 гадзіны затрымалі рэдактара «Нашай Нівы» Андрэя Скурко, яго даставяць у ІЧУ на Акрэсціна.
Затрымалі і галоўнага рэдактара часопіса «Наша гісторыя» і дзіцячых «Дуду» і «Асцярожна: дзеці!» Андрэя Дынько. «Наша Ніва» паведамляе, што ён праходзіць падазраваным паводле ч.1 арт. 342 КК («Арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх»). Андрэя Дынько затрымалі на на 72 гадзіны.
Затрымалі таксама і бухгалтарку выдання Вольгу Раковіч.
На Берасцейшчыне сілавікі прыйшлі ў рэдакцыі «Брестской газеты» і баранавіцкага «Intex-press». Адбыўся ператрус у рэдакцыі «Медыя-Палессе».
Сілавікі ў Віцебску зладзілі ператрус у кватэры фрылансера Змітра Казакевіча. Ператрус праводзілі на падставе крымінальнай справы за паклёп. Верагодна, што паклёп датычыцца працаўніка міліцыі з Лепеля па прозвішчы Міхно.
Па выніках ператрусу, што цягнуўся амаль тры гадзіны, забралі ноўтбукі жонкі і дачкі Казакевіча, два старыя сістэмныя блокі, два фотаапараты і маленькі БЧБ-сцяжок.
Таксама ў Віцебску затрымалі Віталя Скрыля. Вядома, што ён падазраваны паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»).
Схапілі і журналіста Змітра Лупача. Ён адпачываў у санаторыі «Пліса». Перад гэтым сілавікі прыязджалі да яго дадому. Месцазнаходжанне Лупача пакуль невядомае.
У Берасці суд прысудзіў штраф у памеры 20 базавых велічыняў (580 рублёў) за нібыта распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» рэдактару парталу «Першы Рэгіён» Алегу Супрунюку.
У Бабруйску сілавікі зладзілі ператрус у журналісткі Алесі Лацінскай. Пасля ператрусу яе павезлі на размову ў КДБ.
Беларуская асацыяцыя журналістаў выступіла з заяваю з прычыны чарговай хвалі пераследу незалежных медыяў і журналістаў у Беларусі.
«Пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам улады спрабуюць знішчыць беларускія незалежныя медыя», – гаворыцца ў заяве.
Каманда закрытага ўладамі найбуйнейшага незалежнага інфармацыйнага парталу Беларусі паведаміла пра запуск новага медыя – Zerkalo.io.
На Zerkalo.io плануецца публікаваць самыя важныя навіны грамадска-палітычнага жыцця Беларусі.
«У Zerkalo.io, як і ў TUT.ВY, можна (і трэба) пісаць пра набалелае. Мы і далей будзем чытаць усе вашы лісты і вырашаць разам з вамі надзённыя праблемы: ад адключэння гарачай вады (ужо тут вось мы без працы не застанемся) да чэргаў і судоў (тут, на жаль, таксама)», – паведамілі ў камандзе TUT.ВY.
Сацсеткі TUT.ВY таксама стануць сацсеткамі Zerkalo.io, з часам зменяць назву.
Аляксандр Лукашэнка прызначыў 8 ліпеня новага кіраўніка Упраўлення справамі прэзідэнта. Да нядаўняга часу гэтую пасаду займаў Віктар Шэйман.
Як паведамілі ў прэс-службе Лукашэнкі, новым кіраўніком ведамства прызначаны Валерый Іваноў, які да цяперашняга часу ўзначальваў стратны Белкаапсаюз.
Праваабаронцы прызналі палітвязнямі Уладзіслава Бурына, Дзяніса Сырца, Аляксандра Жмуро, Ларысу Танкашкур, Максіма Скалкіна, Юрыя Самусевіча, Аляксея Галоўкіна, Алега Зубрыцкага, Аляксея Мельнікава, Андрэя Карэшнікава, Ігара Пыж’янава, Івана Вярбіцкага.
Праваабаронцы адзначаюць, што ў дачыненні да асуджаных парушаліся іх правы на справядлівае судовае разбіральніцтва, доказы віны фальсіфікаваліся. У сувязі з гэтым яны патрабуюць неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.
Цяпер у Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 546 асобаў.
Падчас гандляванняў на Беларускай валютна-фондавай біржы выраслі ўсе асноўныя валюты.
Курс долара вырас на 1,44% да 2,5921 рубля, што з’яўляецца максімумам за 2,5 месяца.
Еўра падаражэў на 1,41% да месячнага максімуму ў 3,0649 рубля.
Курс расейскага рубля вырас на 0,03%.
СК belsat.eu