Нікарагуа дазволіла ўвод замежных войскаў, у тым ліку расейскіх


Салдатаў, караблі і самалёты дазволена ўвесці ў «гуманітарных мэтах». Што стала прычынай, невядома, але ў краіне трываюць палітычныя рэпрэсіі пасля пратэстаў на выбарах 2021 года – па выніках тых выбараў Даніэль Артэга атрымаў пяты прэзідэнцкі тэрмін.

Прэзідэнт Нікарагуа Даніэль Артэга. 10 студзеня 2012 года.
Фота: Cancillería del Ecuador

Прэзідэнт Нікарагуа Даніэль Артэга 7 чэрвеня падпісаў указ аб дазволе ўводу замежных войскаў у краіну для вучэнняў і аказання гуманітарнай дапамогі, тэкст указу апублікаваны ў «La Gaceta». На ўказ звярнулі ўвагу расейскія дзяржаўныя медыі, іспанамоўныя выданні спасылаюцца пераважна на іх.

Указ дазваляе ўваход у краіну вайскоўцаў са Злучаных Штатаў, Мексікі, Кубы, Венесуэлы, Гватэмалы, Сальвадора, Гандураса, Дамініканскай Рэспублікі і Расеі.

Расейскія войскі могуць увайсці ў Нікарагуа, паводле ўказу, дзеля ўдзелу ў трэнаваннях і вучэннях, а таксама аперацыях у аказанні гуманітарнай дапамогі, пошукава-выратавальных і аварыйна-выратавальных работах пры надзвычайных сітуацыях або стыхійных бедствах.

Прычыны такога рашэння незразумелыя. Апошні раз пра буйное стыхійнае бедства – землятрус магнітудай у 6,7 бала без чалавечых ахвяраў – паведамлялі ў красавіку. Але ў краіне трываюць палітычныя рэпрэсіі: з палітычных прычынаў зняволеныя каля 180 чалавек, у тым ліку лідары апазіцыі, закрытыя каля 320 няўрадавых арганізацыяў, узмоцнены палітычны кантроль над універсітэтамі. З краіны выгнаныя прадстаўнік «Чырвонага крыжу» і папскі нунцый.

Хваля рэпрэсіяў у Нікарагуа пачалася ў 2018 годзе – тады масавыя пратэсты супраць рэформы сацыяльнага забеспячэння перараслі ў патрабаванне адстаўкі Артэгі. У пратэстах загінулі сотні чалавек, сотні былі арыштаваныя. Нягледзячы на пратэсты, у канцы 2021 года Артэга перамог на прэзідэнцкіх выбарах, якія праводзіліся ва ўмовах масавых рэпрэсіяў, і заступіў на пяты прэзідэнцкі тэрмін.

Нікарагуа – невялікая краіна ў Цэнтральнай Амерыцы з насельніцтвам у 6,5 млн чалавек. Гэта адна з найбяднейшых краінаў амерыканскага кантыненту (бяднейшыя толькі Гандурас, Гаіці і, магчыма, Куба) і адна з самых карумпаваных краінаў свету.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў