Два незвычайныя вынікі судоў 8 чэрвеня.
У судзе Маскоўскага раёну Менску 8 чэрвеня вынеслі прысуд 31-гадоваму Youtube-блогеру Аляксею Міхалкевічу паводле трох артыкулаў, піша праваабарончы цэнтр «Вясна»: «Незаконнае захоўванне зброі» (ч. 2 арт. 295), «Падрыхтоўка да незаконнага вырабу зброі» (ч. 1 арт. 13, ч. 2 арт. 295), і «Навучанне і падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках» (ч. 3 арт. 293).
Мужчына прызнаў віну паводле артыкулаў аб захоўванні зброі і падрыхтоўцы да вырабу зброі ў поўным аб’ёме, але заявіў, што «нікому зброю не перадаваў, нікога не вучыў, нікуды не заклікаў». Аднак не прызнаў віну, у тым, што навучаў людзей ва ўдзеле ў масавых беспарадках сваімі відэаролікамі, казаў, што гэта збройная тэма – хобі, якім не займаецца ўжо тры гады.
Міхалкевіча затрымалі «паводле падазрэння ў дачыненні да масавых беспарадкаў» 16 снежня 2020 года ў вёсцы Дарошкі пад Менскам. У час ператрусу знайшлі розныя віды самаробнай зброі і патронаў, аптычны прыцэл, два віды выбуховых рэчываў, больш як тры тысячы гільзаў, звыш 70 будаўніча-мантажных патронаў, звыш 400 капсулаў-завальвальнікаў і іншае.
Суд палічыў, што ягоны Youtube-канал пра зброю «стварыў у карыстальнікаў эмацыйны рэзананс» з ягонымі тэкставымі паведамленнямі, «якія змяшчаюць негатыўныя каментары ў адрас праваахоўных органаў, а таксама заклікі да супраціву, прычынення ім шкоды і гвалту».
Пракурор Фёдар Сініцкі патрабаваў за гэта 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суддзя Сяргей Кацар тое і прысудзіў.
Суд Кастрычніцкага раёну Менску прызначыў менчуку Н. прымусовае псіхіятрычнае лекаванне праз абвінавачванні паводле адразу чатырох крымінальных артыкулаў.
Паводле пракуратуры, дзеянні мужчыны ахоплівалі паклёп на Аляксандра Лукашэнку і яго публічную абразу, спалучаную з абвінавачваннем у асабліва цяжкім злачынстве; публічную абразу прадстаўнікоў улады і суддзяў у сувязі з выкананнем імі сваіх абавязкаў.
Аднак псіхіятрычная экспертыза прызнала, што мужчына мае псіхічнае расстройства, якое «пазбавіла яго магчымасці асэнсоўваць фактычны характар і грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў і кіраваць імі».
Гэта не першы выпадак, калі ў Беларусі псіхіятрыю выкарыстоўваюць у палітычных справах. У 2013 годзе на прымусовае псіхіятрычнае лекаванне накіравалі нават псіхіятра, які крытыкаваў сістэму аховы здароўя.
АА belsat.eu