За Youtube-канал пра зброю асудзілі на 5 гадоў калоніі, за абразу Лукашэнкі – на псіхіятрычную лякарню


Два незвычайныя вынікі судоў 8 чэрвеня.

Будынак суда Маскоўскага раёну. Менск, Беларусь. 24 траўня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Блогер не прызнаў, што рыхтаваў кагосьці да масавых беспарадкаў на сваім канале пра зброю

У судзе Маскоўскага раёну Менску 8 чэрвеня вынеслі прысуд 31-гадоваму Youtube-блогеру Аляксею Міхалкевічу паводле трох артыкулаў, піша праваабарончы цэнтр «Вясна»: «Незаконнае захоўванне зброі» (ч. 2 арт. 295), «Падрыхтоўка да незаконнага вырабу зброі» (ч. 1 арт. 13, ч. 2 арт. 295), і «Навучанне і падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках» (ч. 3 арт. 293).

Мужчына прызнаў віну паводле артыкулаў аб захоўванні зброі і падрыхтоўцы да вырабу зброі ў поўным аб’ёме, але заявіў, што «нікому зброю не перадаваў, нікога не вучыў, нікуды не заклікаў». Аднак не прызнаў віну, у тым, што навучаў людзей ва ўдзеле ў масавых беспарадках сваімі відэаролікамі, казаў, што гэта збройная тэма – хобі, якім не займаецца ўжо тры гады.

Міхалкевіча затрымалі «паводле падазрэння ў дачыненні да масавых беспарадкаў» 16 снежня 2020 года ў вёсцы Дарошкі пад Менскам. У час ператрусу знайшлі розныя віды самаробнай зброі і патронаў, аптычны прыцэл, два віды выбуховых рэчываў, больш як тры тысячы гільзаў, звыш 70 будаўніча-мантажных патронаў, звыш 400 капсулаў-завальвальнікаў і іншае.

Суд палічыў, што ягоны Youtube-канал пра зброю «стварыў у карыстальнікаў эмацыйны рэзананс» з ягонымі тэкставымі паведамленнямі, «якія змяшчаюць негатыўныя каментары ў адрас праваахоўных органаў, а таксама заклікі да супраціву, прычынення ім шкоды і гвалту».

Пракурор Фёдар Сініцкі патрабаваў за гэта 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суддзя Сяргей Кацар тое і прысудзіў.

Hавiны
Працаўнікам «Белпошты» выдадуць зброю
2021.06.03 13:51

Абражаў Лукашэнку, не асэнсаваўшы небяспеку сваіх дзеянняў

Суд Кастрычніцкага раёну Менску прызначыў менчуку Н. прымусовае псіхіятрычнае лекаванне праз абвінавачванні паводле адразу чатырох крымінальных артыкулаў.

Паводле пракуратуры, дзеянні мужчыны ахоплівалі паклёп на Аляксандра Лукашэнку і яго публічную абразу, спалучаную з абвінавачваннем у асабліва цяжкім злачынстве; публічную абразу прадстаўнікоў улады і суддзяў у сувязі з выкананнем імі сваіх абавязкаў.

Аднак псіхіятрычная экспертыза прызнала, што мужчына мае псіхічнае расстройства, якое «пазбавіла яго магчымасці асэнсоўваць фактычны характар і грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў і кіраваць імі».

Гэта не першы выпадак, калі ў Беларусі псіхіятрыю выкарыстоўваюць у палітычных справах. У 2013 годзе на прымусовае псіхіятрычнае лекаванне накіравалі нават псіхіятра, які крытыкаваў сістэму аховы здароўя.

Аб’ектыў
«Жудасней, чым турма!» – актывістка, якую кінулі ў псіхіатрычны шпіталь
2018.01.14 21:43

АА belsat.eu

Стужка навінаў