Дарадца Пуціна вырашыў дамагацца выдачы ў Расею зняволенай у Беларусі Соф’і Сапегі


Старшыня расейскага Савету правоў чалавека – блізкі да Крамля палітычны дзеяч, па сумяшчальніцтве дарадца Пуціна і сябра найвышэйшай рады партыі ўлады «Единая Россия».

Соф’я Сапега.
Фота: sapega_sofia_/ Instagram

Расейскі Савет правоў чалавека будзе дамагацца экстрадыцыі зняволенай у Беларусі Соф’і Сапегі, піша ТАСС са спасылкай на старшыню Савету Валерыя Фадзеева.

«Гэта расейская грамадзянка, мы будзем за гэтым сачыць і будзем дамагацца таго, каб было безумоўнае выкананне закону, а яшчэ лепш, каб яе экстрадавалі ў Расею, – дадаў Фадзееў. – Я заўсёды выступаю за тое, што незалежна ад характару злачынства трэба расейскіх грамадзянаў выцягваць».

Гэта адрозніваецца ад таго, як раней сітуацыю са зняволеннем Соф’і Сапегі каментавалі расейскія ўлады. Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна пры канцы траўня казаў, што Крэмль «прымае да ўвагі» тое, што ў зняволенай ёсць від на жыхарства Беларусі, а Пуцін даручыў Міністэрству замежных справаў «самым уважлівым чынам адсочваць лёс справы расейскай грамадзянкі». Пра выдачу зняволенай у Расею тады не было гаворкі.

Аляксандр Лукашэнка 1 чэрвеня заявіў, што следства супраць Пратасевіча і Сапегі будуць весці ў Беларусі – пра гэта ён нібыта казаў Пуціну, і ў Расеі «яны не крыўдзяцца», пытанняў з доступам консулаў не будзе.

Hавiны
Што вядома пра дзяўчыну Рамана Пратасевіча, якую затрымалі разам з ім у менскім аэрапорце
2021.05.24 18:31

Соф’ю Сапегу затрымалі 23 траўня разам з ейным хлопцам – беларускім журналістам Раманам Пратасевічам, пасадзіўшы ў Менску самалёт, які ляцеў з Афінаў у Вільню. Лятак прызямлілі, паведаміўшы пра бомбу на борце.

Дзяўчыну арыштавалі на два месяцы, змясцілі ў СІЗА КДБ. Нібыта падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў (арт. 293 КК РБ), арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК РБ), і распальванні варожасці (арт. 130 КК РБ), але ці выставілі ёй абвінавачанне, невядома. 25 траўня праўладны Telegram-канал апублікаваў відэа з Сафіяй Сапегай, у якім яна назвала сябе рэдактаркаю «Чёрнай книги Беларуси» – каналу, дзе публікуюцца асабістыя звесткі сілавікоў. Сябры і знаёмыя дзяўчыны ў размове з «Белсатам» гэтую інфармацыю зняпраўдзілі. Беларускія праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай.

Вакол справы з затрыманнем Пратасевіча і Сапегі ёсць яшчэ адна спрэчка Крамля і ўладаў Беларусі: прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў учора заявіў, што беларускі бок і затрыманы ў Менску Раман Пратасевіч павінныя патлумачыць, каго яны мелі на ўвазе, згадваючы пра фінансаванне Telegram-каналу «Nexta» кампаніяй, звязанай з адным з расейскіх алігархаў.

Hавiны
Пяць грамадзянаў Расеі, якіх трымаюць у няволі ў Беларусі праз палітычныя справы
2021.06.01 14:17

АА belsat.eu

Стужка навінаў