Польскія мясцовыя выбары. Гатовы праект для будучай Беларусі

Чаму дэмакратыі без войтаў, старастаў і прэзідэнтаў гарадоў не пабудуеш? Гэта выразна паказвае прыклад польскай мадэлі самакіравання.

Выбары ў мясцовыя органы ўлады ў Варшаве, Польшча. 7 красавіка 2024 года.
Фота: Jacek Dominski / Reporter / East News

У нядзелю палякі выбіралі чальцоў cеймікаў (парламентаў) ваяводстваў, прэзідэнтаў і бурмістраў гарадоў, чальцоў радаў паветаў, войтаў і вясковых радаў. Вельмі закручана? Насамрэч, польская мадэль самакіравання вельмі простая і практычная.

Кожнае з шаснаццаці польскіх ваяводстваў мае свой сеймік, назва паходзіць ад сейму (парламенту). Радныя (дэлегаты) такіх парламентаў вызначаюць важныя для рэгіёну пытанні. Там ідзе сапраўдная барацьба паміж палітычнымі партыямі, ствараюцца кааліцыі. Бо менавіта сеймік выбірае склад кіраўнічага (выканаўчага) органу ваяводства (zarząd). Есць шмат ад’ектаў інфраструктуры (шпіталі, дарогі, фонды), якімі кіруюць выключна ваяводскія органы ўлады, яны прымаюць і мясцовыя статуты.

Ваяводаў жа прызначае ўрад (а дакладней, Міністэрства ўнутраных справаў і адміністравання). Гэта хіба адзіная пасада ў сістэме мясцовага самакіравання, якая ў Польшчы не выбіраецца на мясцовых выбарах. Але кампетэнцыі ваяводы абмежаваныя, ён як прадстаўнік ураду кантралюе дзейнасць сейміку і кіраўнічага органу ваяводства, а сеймік кантралюе дзейнасць ваяводы. І тут без згоды ніяк.

Крыху іншая сітуацыя ў радах паветаў, а іх у Польшчы 314. Выбраныя ў нядзелю чальцы павятовых радаў выбіраюць кіраўнічы орган, старасту і ягоных намеснікаў. Гаворка ідзе толькі пра раёны гарадоў. Гарады – гэта зусім іншая гісторыя. У найбуйнейшых гарадах (такіх як Варшава, Кракаў, Вроцлаў ці Гданьск) выбіраюць прэзідэнтаў, чальцоў гарадской рады. Асобна выбіраюць радных раённых радаў і бурмістраў (гаворка пра гарадскія раёны, напрыклад, варшаўскія Макотаў, Урсус ці Беляны). У меншых гарадах выбіраюць бурмістраў і радных гарадскіх радаў.

Сапраўдныя выбары (з кандыдатамі, дэбатамі, выбарчай кампаніяй) праходзяць нават у польскіх вёсках (гмінах). Там выбіраюць мясцовых войтаў і чальцоў вясковых радаў. Гміна ёсць адміністрацыйнай адзінкай, якая часта кіруе некалькімі навакольнымі вёскамі (з дзясяткамі тысяч жыхароў).

Кожны горад і гміна (вёскі) маюць свой уласны бюджэт. Акрамя мясцовых падаткаў (ад надзелаў зямлі, нерухомасці ці ўласнікаў лясоў), мясцовыя бюджэты папаўняюць і іншыя падаткі. Напрыклад, кожны жыхар Польшчы штогод падае падатковую дэкларацыю і пазначае сваё месца жыхарства. Часта жыхары невялічкіх гарадоў працуюць у абласных (ваяводскіх) цэнтрах і амаль 40 % падаткаў з іхных дэкларацыяў трапляе ў бюджэты іхных гарадкоў і вёсак.

Акрамя таго, у мясцовыя бюджэты трапляе амаль 7 % падатку зарэгістраваных на іх тэрыторыях фірмаў. Таму за падаткі ў Польшчы ідзе сапраўдная барацьба. Вёскі і маленькія гарадкі прапануюць сваім жыхарам розныя бонусы (напрыклад, таннейшы транспарт), каб не забывалі пазначаць сваё месца жыхарства ў дэкларацыях.

Мясцовыя выбары ў Польшчы выклікаюць буйныя эмоцыі, бо ідзе барацьба парламенцкіх партыяў за месцы ў ваяводскіх радах, прэзідэнцкія крэслы ў буйных гарадах.

У гэтых выбарах у дзесяці ваяводствах (захад і цэнтр Польшчы, у тым ліку і Варшава) перамагла кіраўнічая на чале з партыяй Дональда Туска Грамадзянская кааліцыя (Koalicja Obywatelska). Партыя «Закон і справядлівасць» (Prawo i Sprawiedliwość) Ярослава Качыньскага перамагла ў сейміках шасці ваяводстваў на ўсходзе і часткова на поўдні.

Але калі ў ваяводскіх парламентах партыйныя колеры і маюць нейкае значэнне, то ў паветах, меншых гарадах і вёсках выбарцы кіруюцца зусім іншымі матывамі. Войтаў і бурмістраў людзі добра ведаюць, кандыдатаў у рады таксама, таму тут аднае партыйнае прыналежнасці не хопіць. Для жыхароў вёсак ці гарадоў важная якасць працы органаў самакіравання (добрыя дарогі, даступнасць школаў і дзіцячых садкоў, каналізацыя, мясцовы транспарт), а не тое, якую палітычную сілу рэпрэзентуе той ці іншы кандыдат.

belsat.eu 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў