Ядравая зброя зʼявіцца, беларуская лацінка знікне. Галоўныя беларускія падзеі ў малюнках


Мастак Дэ Лёс разам з «Белсатам» падсумоўвае галоўныя падзеі апошніх тыдняў. Паглядзіце, ці здагадаецеся вы, пра што ідзецца ў карыкатурах, без нашых падказак?

Ракеты Пуціна ці Лукашэнкі?

Графіка: Дэ Лёс / Белсат

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін 25 сакавіка абвясціў, што размяшчае тактычную ядравую зброю ў Беларусі, але пакідае яе пад кантролем Расеі. Будаўніцтва адмысловага сховішча плануюць скончыць ужо 1 ліпеня. 31 сакавіка Аляксандр Лукашэнка апраўдваў вяртанне ядравай зброі ў Беларусь тым, што ўвядзеннем санкцыяў Захад нібыта парушыў тыя гарантыі, што даваў пры вывадзе ядравай зброі з нашай краіны. Таксама Лукашэнка заявіў, што сам кантралюе расейскія войскі ў Беларусі, і дапусціў, што будзе прасіць у Пуціна не толькі тактычную, але і стратэгічную ядравую зброю.

Беларускай лацінкі на шыльдах больш не будзе

Графіка: Дэ Лёс / Белсат

Пастанова Дзяржаўнага камітэту маёмасці скасавала беларускую лацінку для геаграфічных назваў.

Цяпер пры транслітарацыі назваў геаграфічных аб’ектаў не будуць выкарыстоўвацца адметныя літары беларускай лацінкі з «птушачкамі»: ž, š, č, ń, ś, ŭ ды іншыя. Больш ніякіх «паланізмаў» і «чэхізмаў»: ч = ch, ш = sh, ў = w.

Пастанова Дзяржаўнага камітэту маёмасці, што набыла моц 4 красавіка, прадугледжвае, так бы мовіць, экспартны варыянт транслітарацыі: калі нейкая мапа ці іншыя матэрыялы прызначаныя для міжнароднага выкарыстання, тапонімы абавязкова мусяць перадавацца з беларускай мовы. У іншых астатніх выпадках – можна і з расейскай.

Змены для беларусаў у Літве

Сейм Літвы 4 красавіка прыняў у трэцім чытанні законапраект, які замацоўвае дзейныя візавыя абмежаванні для беларусаў, але не ўводзіць новых абмежаванняў на візы ці атрыманне віду на жыхарства. Ды ў законапраекце ёсць незразумелы пункт аб SmartID, а сам законапраект яшчэ можа заблакаваць прэзідэнт.

Графіка: Дэ Лёс / Белсат

У Зэльве знік помнік Ларысе Геніюш

30 сакавіка медыі паведамілі, што ўначы ў Зэльве знік помнік Ларысе Геніюш. У мясцовым райвыканкаме чыноўнікі паведамілі, што нічога не ведаюць пра знікненне помніку. Але неўзабаве зʼявіліся здымкі дэмантажу бюста з пастаменту.

Графіка: Дэ Лёс / Белсат
Гісторыі
Магла стаць першай кіраўніцай Беларусі: няскораная Ларыса Геніюш
2023.03.30 19:55

Калі чакаць вясну?

Графіка: Дэ Лёс / Белсат

У Беларусі сіноптыкі абяцалі пацяпленне яшчэ ў пачатку сакавіка. На двары ўжо красавік, але сям-там яшчэ можна знайсці нават снег. Абяцанага цяпла пакуль няма, а выданне Media-Polesye нават апублікавала фота буслоў, якія сумна стаяць у снезе. Спадзяемся, што вясна ўсё ж хутка прыйдзе ў Беларусь.

Дэ Лёс belsat.eu

Стужка навінаў