Улады забаранілі праводзіць велікодныя набажэнствы каля Чырвонага касцёлу ў Менску


Менскія ўлады забаранілі праводзіць велікодныя службы на тэрыторыі закрытага Чырвонага касцёлу. Ліст з адмоваю быў апублікаваны на старонцы касцёлу.

Касцёл святых Сымона і Алены. Менск, Беларусь. 13 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Парафіяльны камітэт звярнуўся да ўладаў з просьбай дазволіць імшу на велікодныя ўрачыстасці, аднак атрымаў адмову.

«Паважаныя вернікі, у гэтым годзе Велікодныя святы для нашых парафіі асаблівыя. Маем нагоду бліжэй дакрануцца і перажыць знявагі, адкінутасць і боль нашага Збаўцы. На вялікі жаль, наша святыня да гэтага часу зачыненая. Чырвоны касцёл, які ў пасхальныя дні з малітвай напаўнялі тысячы вернікаў, зараз пусты. Наш Збавіцель, Які прыняў страшэнныя пакуты за ўсіх людзей, імі ж – людзьмі – выгнаны са святыні.

Мы звярталіся да ўладаў з просьбай дазволіць Богаслужэнні на Велікодныя ўрачыстасці, аднак атрымалі адказ – нельга. Вось такое “пасхальнае віншаванне”», – паведамілі ў парафіяльным камітэце.

Ліст ад Менгарвыканкаму.
Фота: chyrvony.by

У Менгарвыканкаме расцанілі гэты зварот як заяўку на правядзенне масавага мерапрыемства.

«Менгарвыканкам не ўзгадняе правядзенне заяўленых масавых мерапрыемстваў і паведамляе аб недапушчальнасці парушэння абшчынай дзейнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь», – паведамляецца ў адказе за подпісам намесніка старшыні Менгарвыканкаму Арцёма Цурана.

Нагадаем, што пасля інцыдэнту з пажарам 26 верасня 2022 года вернікі парафіі св. Сымона і Алены былі пазбаўлены магчымасці карыстацца будынкам Чырвонага касцёлу. 6 кастрычніка 2022 года стала вядома, што КУП «Мінская спадчына», якая з’яўляецца ўласнікам касцёлу, накіравала кіраўніцтву абшчыны апавяшчэнне аб сваім рашэнні скасаваць з суполкай дамову бязвыплатнага карыстання Чырвоным касцёлам і паслала касцельным уладам апавяшчэнне з патрабаваннем вынесці ўсю рухомую маёмасць з памяшканняў да 12 кастрычніка 2022 года. Таксама да 13 кастрычніка было загадана пакінуць будынак парафіяльнага дому (плябаніі). 19 снежня, упершыню пасля пажару ў Чырвоным касцёле, які адбыўся ў канцы верасня, у будынак пусцілі прадстаўнікоў улады і святароў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў