Суд прызнаў экстрэмісцкімі матэрыялы сайту «Медиа-Полесье»


Паводле рашэння суда, матэрыялу сайту «Медиа-Полесье», а таксама старонак пад гэтым жа брэндам у сацыяльных сетках «УКантакце» і «Одноклассники» прызнаныя экстрэмісцкімі. Суд абмінуў рэсурсы медыя ў Facebook, Instagram і Telegram.

Падчас паседжання суд разгледзеў заяву пракурора Аляксандра Кахаўца, які згадаў матэрыял «Ціханоўская павіншавала беларускі народ з 2021 годам», апублікаваны на сайце, і назваў яго «інфармацыяй экстрэмісцкай і антыдзяржаўнай накіраванасці». У выніку экстрэмісцкімі былі прызнаныя ўсе матэрыялу сайту «Медиа-Полесье», а таксама групы выдання ў сетках «УКантакце» і «Одноклассники».

Заснавальніца і галоўная рэдактарка сайту «Медиа-Полесье» Святлана Гарда.
Фота: baj.by

«Мы лічым такое рашэнне палітычна матываваным, накіраваным на пераслед незалежнага выдання, якое адлюстроўвае ў сваіх публікацыях рэальную карціну таго, што адбываецца ў рэгіёне, краіне і свеце, а таксама журналістаў у сувязі з іхнаю прафесійнаю дзейнасцю. Таму сэнсу ў абскарджанні не бачым», – пракаментавала рашэнне суда заснавальніца і галоўная рэдактарка «Медиа-Полесье» Святлана Гарда.

Работнікі ТАА «МП кампані» – уласніка «Медиа-Полесье» – звольненыя. Прадпрыемства цяпер у стадыі ліквідацыі. Сайт у Беларусі заблакаваны, дасяжны толькі праз VPN.

Тым не менш «Медиа-Полесье» абяцае, што працягне працу і будзе забяспечваць жыхароў Палесся аб’ектыўнай інфармацыяй.

ГГ, belsat.eu

 

Стужка навінаў