Сейм Польшчы заклікае ўвесці забарону на імпарт у Еўразвяз харчоў з Беларусі і Расеі


Сейм Польшчы заклікаў Еўракамісію накласці эмбарга на ўвоз харчоў і сельскагаспадарчай прадукцыі з Беларусі і Расеі ў краіны Еўразвязу. Адпаведную рэзалюцыю апублікавалі на сайце Сейму.

Камбайны на полі ў Лагойскім раёне збіраюць ураджай. Менская вобласць, Беларусь. 23 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Акрамя забароны на расейскую і беларускую прадукцыю, у дакуменце гаворыцца пра абарону рынку ЕЗ ад празмернага імпарту з Украіны і пераглядзе палажэнняў Зялёнага курсу.

Дэпутаты польскага Сейму зазначаюць, што імпарт сельгаспрадукцыі спрыяе паступленню грошай у бюджэты Беларусі і Расеі, што «можа наўпрост ці ўскосна спрыяць умацаванню здольнасці Расеі і Беларусі, якая яе падтрымлівае, працягваць вайну з Украінай». Падкрэсліваецца, што расейскі імпарт можа месціць збожжа, скрадзенае з акупаваных тэрыторыяў Украіны. Аўтары рэзалюцыі лічаць спыненне такога гандлю маральным абавязкам Еўразвязу.

«Расея працягвае сваю стратэгію пераўтварэння харчоў у зброю, выклікаючы збоі ў пастаўках украінскай сельскагаспадарчай прадукцыі па ўсім свеце. Таму галоўным прыярытэтам ЕЗ мусіць стаць працяг падтрымання Украіны ў аднаўленні экспарту яе тавараў у краіны, якія ў гэтым найбольш маюць патрэбу. Гандаль харчамі і сельскагаспадарчаю прадукцыяй не можа працягваць падтрымліваць жорсткі расейскі рэжым і яго памагатых у Менску», – кажуць у Сейме.

Аналітыка
Чаму польскія фермеры не перакрылі мяжу з Беларуссю і колькі Польшча купляе беларускага збожжа?
2024.03.05 16:21

Таксама дэпутаты закранаюць Зялёны курс і кажуць, што яго палажэнні празмерныя, неразумныя і дарагія, а «дзеянні ў абароне клімату мусяць улічваць рэальныя здольнасці і магчымасці еўрапейскіх фермераў».

За рэзалюцыю прагаласаваў 441 дэпутат, двое ўстрымаліся. Дакумент падтрымалі ўсе фракцыі польскага парламенту і скіравалі на трэцяе чытанне.

Беларусь зарабіла на экспарце збожжавых у Польшчу ў 2023 годзе € 201 тыс. супраць € 132 тыс. у 2022 годзе. Найбольш за апошнія пяць гадоў было ў 2021-м – € 373 тыс. У натуральным выражэнні экспарт збожжавых у 2023 годзе павялічыўся ў 2,6 разу (з 181,4 т да 480,9 т). Аднак гэта нашмат менш за 2021 год, калі даставілі 2497,5 т.

Абʼёмы імпарту Польшчы аграрнай прадукцыі з Расеі і Беларусі значна меншыя за абʼёмы імпарту з Украіны. Летась з Украіны ў Польшчу прадалі сельгаспрадукцыі на $ 1,3 млрд, з РФ і Беларусі – на $ 117 і $ 55 млн адпаведна.

Пастанову забараніць імпарт беларускай і расейскай сельгаспрадукцыі раней прынялі ў Латвіі. Аналагічнае эмбарга разглядаецца ў Літве. Польскі прэм’ер-міністр Дональд Туск паабяцаў фермерам увесці эмбарга на сельскагаспадарчую прадукцыю з Беларусі і Расеі.

Аналітыка
Каб развязаць пытанне збожжа з Украіны, у Еўразвязе забараняюць збожжа з Беларусі і Расеі
2024.03.05 19:14

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў