Фемактывістка: высокія пазіцыі Беларусі ў Індэксе гендарнай роўнасці – гэта бутафорыя


У міжнародных гендарных рэйтынгах Беларусь займае высокія пазіцыі, але ў рэальнасці сітуацыя ў краіне нашмат горшая. Пра гэта ў каментары «Белсату» заявіла феміністка, грамадзянская актывістка Юлія Мацкевіч.

хатні гвалт
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

У Індэксе гендарнага разрыву за 2023 год Беларусь заняла высокае 41 месца са 146 краінаў. Аднак гэта толькі «дэкарацыя, бутафорыя», адзначыла Юлія Мацкевіч. Паводле яе, такія рэйтынгі ўлічваюць звесткі пра вышэйшую адукацыю ці мацярынскую смяротнасць, але не ўлічваюць звесткі хатняга гвалту, якія ў Беларусі «жудасныя». Гэтая статыстыка наагул хаваецца і пытанне ніяк не вырашаецца, сказала актывістка.

Мацкевіч адзначыла, улады не бачаць важнасці гендарных праблемаў, а ўсе змены, якія адбываюцца ў Беларусі, толькі ў горшы бок. Гэтак, усе арганізацыі, якія «працавалі для жанчын і памагалі жанчынам», былі зачыненыя, і актывісткі цяпер вымушаныя дапамагаць самастойна, бо «праблемы нікуды не сышлі».

Актывістка падкрэсліла, што ў Беларусі няма ні закону супраць хатняга гвалту, ні месцаў, куды жанчына магла б сысці ад гвалту – адна ці з дзецьмі – і атрымаць дапамогу. А дзяржаўныя крызісныя цэнтры «не выконваюць сваіх функцыяў і трапіць туды няпроста».

Таксама ў Беларусі застаюцца забароненыя прафесіі жанчын, застаецца актуальным пытанне разрыву аплаты працы – каля 30 % на сённяшні дзень. А эканамічная залежнасць у сваю чаргу таксама ўплывае на хатні гвалт, сказала Мацкевіч.

Актывістка заявіла, што Аляксандр Лукашэнка выкарыстоўвае жанчын перадусім як палітычны інструмент, у тым ліку карыстаючыся іх слабасцю.

«Галоўнае прызначэнне жанчын, як было нядаўна заяўлена на сустрэчы з беларускім саюзам жанчын, дзе выступаў Лукашэнка, – гэта нараджаць, нараджаць, няспынна нараджаць», – сказала Мацкевіч.

Агулам, на яе думку, праблема з хатнім гвалтам у Беларусі непарыўна звязаная з дзяржаўным гвалтам, бо пытанне правоў жанчын – гэта таксама пытанне правоў усіх жыхароў Беларусі.

Hавiны
У Польшчы хочуць увесці абавязак атрымаць згоду на секс. Як гэта будзе і ці трэба натарыус
2024.03.08 18:27

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў