У Грузіі другі дзень праходзяць масавыя пратэсты супраць Закону аб замежных агентах


Увечары 8 сакавіка ў некаторых грузінскіх гарадах, у тым ліку ў сталіцы, праходзяць акцыі пратэсту супраць прыняцця ўладамі Закону аб замежных агентах, паводле якога ўводзіцца справаздачнасць за замежнае фінансаванне, рэестр юрыдычных асоб і СМІ, а таксама крымінальная адказнасць за невыкананне гэтых патрабаванняў. 

Пратэст у Тбілісі 8 сакавіка 2023 года.
Фота: publika.ge

23:34 Пратэстоўцы вяртаюцца да парламенту, яны пачалі будаваць барыкады з лаваў на галоўным праспекце Тбілісі.

23:30 У аднаго хлопца папярэдне кулявое раненне, паведамляюць мясцовыя каналы.

23:25 Пратэстоўцы не разыходзяцца, хоць іх адцяснілі ад парламенту.

23:11 У вячэрнім звароце прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падтрымаў пратэстоўцаў у Грузіі:

«Я хачу падзякаваць усім, хто трымаў у гэтыя дні ўкраінскія сцягі на плошчах і вуліцах Грузіі. Хачу падзякаваць за наш гімн, які гучаў у Тбілісі. Гэта павага да Украіны, і я хачу выказаць шчырую павагу да Грузіі. Няма такога ўкраінца, які б не пажадаў поспехаў нашай сяброўскай Грузіі».

23:05 З’явілася відэа перавернутай паліцэйскай машыны.

22:57 Мітынгоўцаў з плошчы перад парламентам у Тбілісі цалкам разагналі. Паведамляецца, што шчыльны натоўп тысяч людзей «залілі» газам, пачалася паніка і цісканіна.

22:53 Спецназ рухаецца да парламента і паступова «расчышчае» праспект Руставелі ад пратэстоўцаў. Паралельна ідуць затрыманні.

22:50 Прэзідэнтка Грузіі заклікала ўлады ўстрымацца ад прымянення сілы ў дачыненні да пратэстоўцаў.

22:39 Сілавікі актыўна выкарыстоўваюць вадамёты. Пратэстоўцы свецяць лазерамі ў кіроўцаў.

22:31 На вуліцах Тбілісі сотні паліцыянтаў, яны рухаюцца ў бок парламента, адцясняюць людзей з праезнай часткі і спрабуюць разагнаць іх. Удзельнікі мітынгу трымаюцца на адлегласці, але не разыходзяцца.

22:20 Пратэстоўцаў адціснулі ад задняга ўваходу ў парламент Грузіі. Сілавікі змаглі выйсці з тэрыторыі парламенту і працягваюць разгон людзей на вуліцы адразу з некалькіх бакоў.

22:08 Спецназ паліцыі ў Тбілісі выкарыстоўвае слезацечныя аэразолі, каб адціснуць мітынгоўцаў ад уваходу ў будынак парламенту.

22:00 Сілавікі пачалі выкарыстоўваць супраць удзельнікаў мітынгу вадамёты, якія знаходзяцца на тэрыторыі парламента. У двары будынку грузінскага парламента збіраецца спецназ, якія пратэстуюць просяць сілавікоў перайсці на свой бок. Ззаду парламента чуваць выбухі.

У Тбілісі на акцыю сабралася дзясяткі тысяч чалавек, перад імі выступаюць лідары апазіцыйных партыяў і іншыя палітыкі. Удзельнікі мітынгу вылучылі два патрабаванні дзейным уладам:

  • адклікаць законапраект аб замежных агентах з парламенту;
  • вызваліць усіх затрыманых на ўчорашняй акцыі.

На выкананне патрабаванняў мітынгоўцы далі ўладам гадзіну, а пасля гэтага абяцаюць «перайсці да іншых крокаў».

Па сканчэнні часу пратэстоўцы абвясцілі, што збіраюцца акружыць жывым ланцугом парламент Грузіі, прынятае рашэнне пачаць «асаду парламента». За прапанову лідара партыі «Стратэгіі Агмашэнебелі» ўдзельнікі акцыі галасавалі паднятымі рукамі.

«Мы прапануем наступны крок: мірна і спакойна з абодвух бакоў акружыць парламент… Давайце зробім гэта мірным шляхам. Мы заклікаем паліцыю не супрацьстаяць мірным пратэстоўцам», – заявіў Грыгор Вашадзэ.

Заўтра пратэстоўцы плануюць пікетаваць парламент і перашкодзіць працы заканадаўчага органа.

Пратэст у Тбілісі, Грузія. 8 сакавіка 2023 года.
Фота: publika.ge

Таксама акцыі пратэсту праходзяць у Батумі і Кутаісі.

Пратэст у Батумі, Грузія. 8 сакавіка 2023 года.
Фота: Белсат
Пратэст у Батумі, Грузія. 8 сакавіка 2023 года.
Фота: Белсат

Пратэстоўцы вышлі на мітынг пасля ўчарашняга разгону з дапамогай вадамётаў і слезацечнага газу. Да гэтага ў 10 гарадах прайшлі жаночыя маршы, да якіх пасля далучыліся іншыя незадаволеныя новым законапраектам. Чакаецца, што сёння на акцыі будзе складзены план дзеянняў націску на кіруючую партыю.

Нагадаем, 7 сакавіка парламент Грузіі прыняў у першым чытанні законапраект аб замежных агентах, які выклікаў хвалю пратэстаў у Тбілісі. Некалькі тысяч чалавек сабраліся на галоўным праспекце Тбілісі каля будынку парламенту. Для разгону мітынгоўцаў былі выкарыстаныя слезацечны газ, вадамёт ды сотні сілавікоў.

Міністэрства ўнутраных справаў Грузіі паведаміла пра пачатак расследавання паводле крымінальнай справы па фактах гвалтоўных інцыдэнтаў, што мелі месца на акцыі пратэсту 7 сакавіка ў Тбілісі каля будынку парламенту. 66 асобаў былі затрыманыя паводле адміністратыўных артыкулаў.

Як заяўляюць грузінскія ўлады, каля 50 супрацоўнікаў МУС атрымалі раненні, некалькім з іх спатрэбілася хірургічнае ўмяшанне. Таксама пацярпелі і цывільныя грамадзяне.

Каментар
«Усе чакаюць новых рэвалюцыяў у Грузіі». Што адбываецца, тлумачыць Торніке Шарашэнідзэ
2023.03.08 16:44

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў