Не свята цюльпанаў, а Дзень змагання. Ціханоўская назвала найлепшы падарунак да 8 сакавіка


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусак з нагоды Міжнароднага жаночага дня. Пры гэтым яна аспрэчыла той сэнс, які дзейная ўлада ўкладае ў гэтае свята.

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская. Вільня, Літва. 21 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

«Сёння не свята цюльпанаў, вясны ці жаночай прыгажосці. А Дзень змагання за правы жанчын. І сёння я хачу павіншаваць усіх беларусак з гэтым днём – днём нашай сілы і свабоды. І пазычыць таго, чаго так не хапае кожнай беларускай жанчыне, – праўды», – сказала яна.

Ціханоўская заявіла, што заробкі жанчын у Беларусі могуць адставаць ад мужчынскіх, а «падтрымка маладых і шматдзетных сем’яў, мамаў, якія выхоўваюць сваіх дзяцей у адзіночку, і мамаў дзяцей з інваліднасцю – у Беларусі моцна адстае ад узроўню сапраўдных сацыяльных дзяржаваў».

«Няхай Міністэрства абароны шчыра скажа вам, што нашая краіна ўцягнутая ў вайну, вашых мужоў і дзяцей могуць забраць на фронт гінуць за інтарэсы рэжыму, які не паклапоціцца ні пра вас, ні пра вашых родных. А Міністэрства ўнутраных справаў няхай скажа праўду: калі вы сутыкнуліся з хатнім гвалтам, то спадзявацца зможаце толькі на сябе. Бо Закон аб хатнім гвалце так і не прыняты. Міліцыя занадта занятая пераследам нязгодных, а рэжым ужо закрыў усе шэлтары і праваабарончыя цэнтры падтрымкі жанчын», – сказала абраная прэзідэнтка.

Паводле яе, «жанчыны Беларусі заслугоўваюць жыць і атрымліваць асалоду ад жыцця, а не выжываць. Заслугоўваюць разлічваць на рэальную падтрымку дзяржавы, а не цягнуць усё на сваіх плячах».

«Найлепшы падарунак, які мы можам зрабіць сабе, сваім сяброўкам і сваім блізкім людзям, – гэта свабодная, дэмакратычная краіна, дзе правы кожнай абароненыя законам», – заключыла Ціханоўская.

Hавiны
«Вясна»: Сёння ў Беларусі 155 палітзняволеных жанчын
2023.03.08 10:22

З нагоды Міжнароднага жаночага дня праваабарончы цэнтр «Вясна» сабраў статыстыку аб тых, хто ўтрымліваецца ў месцах зняволення. Бо «жанчыны Беларусі, як і мужчыны, у 2020 годзе і па сённяшні дзень актыўна ўключыліся ў барацьбу за свабоду нашай краіны, за што падвяргаюцца рэпрэсіям».

Сёння ў Беларусі налічваецца 155 палітзняволеных жанчын. У сувязі з пратэстамі супраць дзейнай улады і вайной ва Украіне з 2020 года 165 жанчын былі асуджаныя да калоніі, 304 – да «хатняй хіміі», 60 – да «хіміі», чатыры жанчыны – да арышту, адна – да прымусовага лячэння.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў