ЕЗ і ЗША асудзілі закон аб замежных агентах у Грузіі і папярэдзілі пра магчымыя праблемы


Улады Злучаных Штатаў і Еўрапейскага Звязу раскрытыкавалі законапраект аб замежных агентах, які 7 сакавіка большасцю галасоў у першым чытанні ўхвалілі грузінскія дэпутаты.

Пратэсты ў Тбілісі 7 сакавіка.
Фота: პუბლიკა • Publika / Facebook

Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жузэп Бурэль у сваёй заяве адзначыў, што законапраект несумяшчальны з каштоўнасцямі і стандартамі ЕЗ, ён супярэчыць заяўленай Тбілісі мэце ўвайсці ў Еўразвяз.

Hавiны
У Тбілісі пачаліся сутычкі з паліцыяй падчас мітынгу супраць закону аб замежных агентах
2023.03.07 23:37

«Законапраект у яго цяперашнім выглядзе рызыкуе аказаць стрымальны эфект на грамадзянскую супольнасць і медыі з адмоўнымі наступствамі для шмат якіх грузінаў, што атрымліваюць выгаду ад іх працы», – сказаў Бурэль.

Паводле яго, канчатковае прыняцце дакументу «можа мець сур’ёзныя наступствы» для зносінаў Грузіі і ЕЗ. Бурэль заклікаў Тбілісі падтрымаць прыхільнасць дэмакратыі ды вяршэнству закону і правоў чалавека, а таксама нагадаў, што людзі маюць права на мірны пратэст.

Пытанні адносна прыхільнасці

У сваю чаргу, амбасада ЗША ў Грузіі зрабіла надзвычайную заяву, у якой сказала пра «чорны дзень для грузінскай дэмакратыі». Паводле амерыканскіх дыпламатаў, «прасоўванне парламентам натхнёных Крамлём законаў несумяшчальнае з відавочным імкненнем народу Грузіі да еўрапейскай інтэграцыі і яе дэмакратычнага развіцця».

«Прыняцце такога закону нанясе шкоду стасункам Грузіі з яе стратэгічнымі партнёрамі і разбурыць важную працу шмат якіх грузінскіх арганізацыяў, што дапамагаюць суграмадзянам», – гаворыцца ў заяве.

У амбасадзе адзначылі, што падзеі ў Грузіі выклікаюць «рэальныя пытанні наконт прыхільнасці кіроўнай партыі еўраатлантычнай інтэграцыі».

Hавiны
Апазіцыя ў Грузіі збіраецца працягваць пратэсты. Мітынгоўцаў падтрымала прэзідэнтка
2023.03.08 08:51

Пратэсты пачаліся пасля таго, як дэпутаты парламенту Грузіі большасцю галасоў ухвалілі ў першым чытанні законапраект аб замежных агентах. Позна ўвечары супрацьстаянне ля парламенту абвастрылася: дэманстранты скарысталі кактэйлі Молатава, а сілавікі – гумовыя кулі, пачаліся затрыманні. Паліцыя адціснула пратэстоўцаў з праспекту Руставэлі ля парламенту.

Як заявіў дэпутат Гіёргі Вашадзэ, акцыі пратэсту супраць закону аб замежных агентах працягнуцца 8 сакавіка. Яе ўдзельнікі маюць намер дамагацца заканчэння кіравання партыі «Грузінская мара».

Прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі падтрымала ў сваім звароце пратэстоўцаў і сказала, што яны прадстаўляюць «свабодную Грузію». Яна таксама паабяцала накласці вета на закон аб замежных агентах.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў